Калі б у ТЦСАН сёлета праводзілі конкурс прафесійнага майстэрства, прэтэндаваць на перамогу ў ім мог бы Мікалай Піскун, адзін з самых вопытных сацыяльных работнікаў Ушаччыны. Не спісвалі б з рахункаў і яго жонку Святлану – у яе хоць і меншы стаж, аднак асаблівае жаданне дапамагаць людзям. Дарэчы, адносна новую форму сацабслугоўвання – гаворка ідзе пра замяшчальную сям’ю – абое асвоілі задоўга да яе афіцыйнага ўвядзення.
“Гэта не мы выбралі такую прафесію, а хутчэй яна нас, – расказвае Мікалай Іванавіч. – Я быў тэхнікам-пчаляром, камандзірам камсамольскай ячэйкі, рахункаводам-касірам у сельвыканкаме… Калі ж памёр дзядзька, узнікла пытанне, як быць з яго сынам – маім стрыечным братам Мішам, які мае інваліднасць па нараджэнні. Яго немаладой маці і бабулі, з якімі той жыў, гэтак жа патрабавалася дапамога. Пакінуць іх на волю лёсу, канечне, не мог – стаў сацработнікам і аформіў абслугоўванне за ўсімі траімі. Праўда, хутка чакала новае выпрабаванне: здарыўся пажар і жанчыны згарэлі. Так 22 гады таму брат аказаўся ў нас з жонкай у Лісічыне”.
Святлана Андрэеўна працавала загадчыцай фермы, доўгі час была кладаўшчыком у Кубліцкай школе, ну а калі ўстанову закрылі, таксама прыйшла ў ТЦСАН. Работу гэтую ведала – і хоць няпростая яна, заўсёды была па душы жанчыне.
Зерчаніцы, Бычкі, Сорзава, Кублічы, Селішча, Забалацце… Маршрут, па якім амаль штодня адпраўляюцца муж і жонка, даволі працяглы. Пераадолець каля дзевяці кіламетраў у адзін бок пешшу ці на веласіпедзе, вядома, цяжка – выручае ўласны аўтамабіль. Едуць звычайна разам, ну а на месцы з улікам патрэб вяскоўцаў раздзяляюцца ці прыходзяць па адрасе ўдваіх. Снег пачысціць, дроў пасекчы – усю цяжкую работу бярэ на сябе Мікалай Іванавіч. Святлана Андрэеўна ж тым часам дома прыбярэ, абед згатуе, у аўталаўку збегае.
“У ліку нашых падапечных – найперш адзінокапражываючыя вяскоўцы ва ўзросце ад 65 да 84 гадоў, – расказваюць Мікалай і Святлана. – Прычым, актыўнасці многіх можна па-добраму пазайздросціць. Напрыклад, Галіна Уладзіміраўна Масладудава з Зерчаніц агарод саджае, у лес па грыбы, па ягады ходзіць, займаецца вязаннем і нават рыбалкай – калі ж дае сабе “паслабленні”, розныя хваробы адольваюць. Любіць пакулінарыць, нарыхтоўкамі на зіму заняцца Ніна Аляксееўна Салаўёва. Ад Мікалая Мікітавіча Глінскага з Кубліч зараджаемся бадзёрасцю. Радуемся згодзе ў любых справах у сям’і Аляксандра Ягоравіча і Ганны Канстанцінаўны Кухта”.
Рознае бывала за гады работы: даводзілася і ноччу да падапечных ляцець, і ў дарозе буксаваць, і экстранную дапамогу аказваць. Аднак да ўсяго гэтага Піскуны даўно прызвычаіліся. Для пажылых вяскоўцаў яны не проста памочнікі ў бытавых клопатах, але і носьбіты інфармацыі, “вушы”, служба дастаўкі. З любой просьбай можна звярнуцца – і яны не адмовяць. Для Міхаіла ж, які жыве з імі, гэта ва ўсіх сэнсах самыя дарагія, блізкія людзі.
Мікалай Іванавіч хоць і нарадзіўся ў Маскве, радзімай, канечне, называе Лісічына – тут, у дзедавым доме, да якога не раз прыкладаў гаспадарскую руку, прайшло практычна ўсё жыццё. Разам з жонкай, ураджэнкай Магілёўшчыны, выхавалі сына, цяпер дапамагаюць з унукамі. Дбаюць і аб прыгажосці вёскі, старэйшынай якой мужчына з’яўляецца – з мясцовымі жыхарамі, дачнікамі наладжваюць суботнікі, падаўжаюць бярозавую алею, якая стала візітнай карткай населенага пункта. Дарэчы, у пасадцы дрэўцаў удзел прымалі ўжо тры пакаленні сям’і Піскун.
На гэтую сямейную пару сумарна даводзіцца 20 падапечных.
Хапае клопатаў і дома: трымаюць падсобную гаспадарку, садзяць немалы агарод – для гэтага ў свой час займелі трактар, камбайн, іншую тэхніку. Уласнымі сіламі абсталявалі зону адпачынку з вялікай альтанкай, печкай-мангалам. А якімі кулінарнымі шэдэўрамі радуе блізкіх Святлана Андрэеўна! Калі выдаецца вольная хвілінка, абое любяць схадзіць у лес, пасядзець ля возера ці акунуцца зімой у палонку. Ад усяго гэтага чэрпаюць пазітыў, запас якога асабліва неабходны ў прафесіі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.