С новогодними подарками и серьезными делами: день из жизни финансистов Ушачского райисполкома

Общество

З калектывам фінансавага аддзела райвыканкама сустракаліся перад самым Новым годам. Начальніку Таццяне Валер’еўне Раманоўскай у прамым сэнсе слова ўдалося адшукаць паўгадзіны на размову. Сярод падрыхтоўкі да сесіі, дзе адным з галоўных пытанняў было зацвярджэнне бюджэту, шматлікіх рабочых момантаў і дэпутацкіх даручэнняў існаваў яшчэ адзін прыемны – уручыць падарунак школьніку з Арэхаўна. Прычым, склалі рэчавы партфель і набылі салодкі пачастунак фінансісты па ўласнай ініцыятыве.

В.Карпёнак, М.Каваленка, І.Каваленка, Н.Качан, К.Новікава, Т.Раманоўская.

“Калі ішло абмеркаванне акцыі “Нашы дзеці”, я вельмі расчулілася і папрасіла “вылучыць” і нам дзіця. Калегі маю ідэю падтрымалі. Больш таго, Наталля Эдвардаўна Качан расказала пра акцыю свайму даросламу сыну, ён хоць працуе ў Віцебску, наведаў яшчэ адну ўшацкую сям’ю. Калектыў у нас проста выдатны. Вось так зладжана робім выключна ўсё, размяркоўваем дадатковыя заданні па прынцыпе – хто вальней, здараецца, што і мне задачы “наразаюць”. Мы ўсе на роўных”. У пацвярджэнне слоў Таццяны Валер’еўны віншаваць дзіця разам з ёй выклікалася малады работнік і таксама мама Марына Ігараўна Каваленка. “А слайды падрыхтаваць?”, – нагадала начальнік і пачула бадзёрае: “Я ўжо закончыла”.

Так, у абноўленым калектыве фінансістаў пераважна ўсе супрацоўнікі ўзростам трыццаць-сорак гадоў, і нягледзячы на невялікі стаж непасрэдна ў аддзеле, спраўляюцца з абавязкамі з уласцівай маладосці энергіяй і пры гэтым выдатна ведаюць слова “трэба”. Заканчэнне месяца ці года для “бухгалтэрыі раёна” – асабліва напружаныя, і ўсе звычайна застаюцца звышурочна, так было і перад прафесійным святам.

– Гадавыя справаздачы, кантрольныя зверкі, у тым ліку закупак, у першай дэкадзе ўжо выплата зарплаты. Мы поўнасцю кантралюем бюджэтныя сферы, як і ўвогуле раённую казну, прычым, на працягу года. Аналізуем, з якіх галін можна “перакінуць” сродкі на тэрміновыя незапланаваныя расходы. Так, сёлета з раённага бюджэту па ініцыятыве старшыні райвыканкама неаднойчы падтрымлівалі сельскагаспадарчыя арганізацыі – у час пасяўной, уборачнай, на набыццё кармоў. Такім жа пазапланавым было фінансаванне будаўніцтва мемарыяла “Зорачка” на возеры Вечалле і праекта гарадскіх могілак – нарэшце зацверджана месца на чацвёртым кіламетры дарогі Ушачы-Немірова. Мы жывём усімі патрэбамі жыхароў раёна, – Т.Раманоўская коратка ўводзіла ў курс спраў і вочы яе загараліся.

Таццяна Валер’еўна поўнасцю абвергла маё меркаванне аб сумнай рабоце з лічбамі, з азартам зазначыўшы, што ніколі не бывае года па адным і тым жа сцэнарыі, абставіны прымушаюць глыбока акунацца ў спецыфіку абсалютна розных галін. Так, у час пандэміі павышаная ўвага надавалася медыцыне, сродкі пераразмяркоўваліся, каб падтрымаць і хворых, і персанал. Мінулы год “быў прысвечаны” будаўніцтву інтэрната для спартсменаў. Сёлетні – выпуску аблігацый для папаўнення ўстаўнога фонду сельгасарганізацый. Падрыхтоўкай усіх рашэнняў у аддзеле займаецца намеснік начальніка Валянціна Анатольеўна Карпёнак. Бухгалтэрыя – на Кацярыне Васільеўне Карабань, Ірыне Валер’еўне Каваленка і М.І.Каваленка, паступленні ў бюджэт непадатковых даходаў – на загадчыку сектара планавання і выканання бюджэту Н.Э.Качан. З’явілася ў фінансістаў і дадатковая функцыя – спагнанне сродкаў з даўжнікоў, у тым ліку і праз суд. У вельмі заблытаных перыпетыях маёмасна-сямейных адносін браканьера давялося разбірацца нядаўна Кацярыне Сяргееўне Новікавай: абскарджваць дарэнне трактара, вылучаць долі, каб вярнуць у бюджэт сродкі за штраф і ўрон.

У кожнага спецыяліста свае спецыфічныя абавязкі, якія зводзяцца да адзінага – каб без збояў працавалі ўсе галіны раёна. Па сутнасці, іх праца застаецца ценявой – і менавіта ў гэтым прыкмета яе паспяховасці.

Вольга Караленка.

На здымку: фінансісты ў гасцях ва Улада Каўрова.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *