В санатории «Лесные озёра» открылся стомотологический кабинет

Здравоохранение

Няма такога года, каб санаторый “Лясныя азёры” не пахваліўся навінкамі. У адыходзячым 2024-м іх было шмат у самых розных напрамках дзейнасці здраўніцы.

Адметна пашырылі сёлета лячэбную базу. Прычым, гэта не толькі новае абсталяванне, а два абсалютна іншыя віды паслуг. Так, літаральна днямі адчыніў дзверы стаматалагічны кабінет з італьянскай устаноўкай. Ці будзе ён запатрабаваны? Выконваючы абавязкі дырэктара санаторыя С.І.Сляцкі перакананы, што так: “Мара большасці адпачываючых-іншаземцаў – вылечыць менавіта зубы, паколькі ў Латвіі ці Эстоніі гэта намнога даражэй. Зразумела, калі ёсць магчымасць, паслугі стаматолага, як і любыя іншыя, мы аказваем і ўшачанам. Ну а хворыя на артрыты, артрозы, астэахандрозы, упэўнены, ацэняць кабінет карбоксітэрапіі – лячэнне ін’екцыямі вуглякіслым медыцынскім газам распачнем у новым годзе”.

Зубны фельчар В.Навуменка.

Прынамсі, каб абсталяваць прыгаданыя кабінеты, давялося зменшыць нумарны фонд, аднак колькасць адпачыўшых у здраўніцы тым не менш аказалася большай, чым летась: за 11 месяцаў 6328 чалавек супраць 6122. Пераважна гэта турысты з Расіі – 3429, хаця ёсць прадстаўнікі Германіі, Ізраіля, Літвы, Эстоніі, Украіны і Узбекістана. Другі год, як наладжаны сувязі з агенцтвамі Латвіі, дзякуючы чаму аздаравілася 358 грамадзян гэтай краіны. Пабываў на курорце і 1191 член Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прычым, толькі 40 з іх – праз цэнтр аздараўлення, астатнія скарысталіся 25-працэнтнай скідкай і набылі пуцёўкі за свой кошт.

Завяршылі сёлета рамонт аднаго з жылых карпусоў, у якім адкрылі дадатковую касу для аплаты паслуг і акенца медыцынскага рэгістратара. Гэта значна спрасціла задачу адпачываючых па раскладзе графіку лячэння. Не трэба больш абходзіць усе кабінеты, варта толькі зазірнуць да рэгістратара, дзе і падберуць зручны час.

Ну а каб нарошчваць колькасць наведвальнікаў, перад Новым годам увялі чарговы – дзявяты катэдж, павялічыўшы колькасць самых запатрабаваных месцаў да 70-ці. Гэты ж домік у лясным масіве адрозніваецца ад астатніх павышанай камфортнасцю – у абодвух двухпакаёвых нумарах прадугледжаны міні-трэнажорныя залы.

На час навагодніх свят санаторый запоўнены нават з прыстаўнымі ложкамі – на 115 працэнтаў!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *