Што трэба зрабіць, каб запаліў агні галоўны сімвал Новага года? Вядома ж, мовіць: “Раз, два, тры, ёлачка, гары!” Зрэшты, калі справа датычыцца цэнтральнай плошчы, падобны мінімалізм недарэчны – кожны паважаючы сябе горад ці пасёлак імкнецца абставіць гэты кульмінацыйны момант незвычайным чынам. Ва Ушачах сёлета з такой нагоды зладзілі тэатралізаванае прадстаўленне, галоўным персанажам якога стаў Дзядуля Мароз, што прыбыў на плошчу… на пажарным аўтамабілі, бясстрашна ўзняўся па лесвіцы да верхавіны галоўнай ёлкі і запаліў агеньчыкі.
Ну а мы падпільнавалі верхалаза ўнізе, каб аператыўна выведаць сакрэты чараўніцтва. Пад дзядулевай барадой хаваўся малады супрацоўнік райаддзела МНС Мікалай Баратынскі, які зазначыў, што хоць па спецыфіцы сваёй працы больш прывык не запальваць, а тушыць, аднак даручаную яму высокую місію выканаў з задавальненнем.
Зрэшты, упрыгожаных ёлак на свяце было аж два дзясяткі! Паспрыяў гэтаму конкурс сярод устаноў на лепшае дрэўца, выкананае з падручнага матэрыялу. Арганізацыі раёна падышлі да справы вельмі крэатыўна, і гледачам, якім даручылі функцыю журы, было няпроста зрабіць выбар. Так, эканаміста лясгаса Ульяну Долгую ўразіла “грашовая ёлка” “Белаграпрамбанка”, у якой галінамі былі залатыя і срэбраныя зліткі, а цацкамі – банкноты. “Мы, магчыма, таксама б за гэтае дрэва прагаласавалі, аднак разгледзелі, што купюры на ім замежныя, і аддалі голас за элегантную ёлачку ТЦСАН у стылі макрамэ, бо і самі любім рукадзельнічаць”, – з жартам тлумачылі ўшачанкі Алена Коршун і Валянціна Мугака. Многія ацанілі крэатыў работнікаў спарткомплексу, якія змайстравалі дрэва з пластыкавых кантэйнераў ад рэактываў для ачысткі басейна. А сям’я Аксаны Шарыпенкі адзначыла работу УП ЖКГ – вялікую стылізаваную змяю з яловых лап. Дарэчы, менавіта гэтая ёлка, сабраўшы 98 жэтонаў, атрымала перамогу.
Падвялі на свяце і вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшае афармленне будынкаў і тэрыторый арганізацый – падарункі пераможцам уручыў старшыня райвыканкама Сяргей Садоўскі. Спецыяльная камісія, якая папярэдне аб’ехала ўстановы, што падалі заяўкі на ўдзел, нават разгубілася: прызоў заслугоўвалі ўсе! Што датычыцца знешняга аздаблення, то як заўжды на вышыні быў райгаз, дапоўніла новымі элементамі сваю светлавую кампазіцыю ДРБУ-105, акцэнт на ўпрыгожанне вокнаў зрабілі ў дзіцячым садзе №4, ля лясгаса мільгала агнямі, напэўна, самая высокая ў раёне жывая навагодняя ёлка, а тутэйшыя работнікі на чале з Сяргеем Пацэйкам і Дзмітрыем Пашкевічам змайстравалі светлавы “вадаспад” і драўляных снегавікоў-лыжнікаў. Менавіта лесаводам і дасталася перамога.
Ёсць таленты і сярод газавікоў. Ідэю зрабіць архітэктурную форму ў выглядзе вялікага падсвечанага падарунка падаў малады кіраўнік прадпрыемства Юрый Галкоўскі, а ўвасаблялі яе ўсёй грамадой: слесары спаялі каркас з пластыкавых труб, бухгалтары прынеслі з дому цюль – выраб атрымаўся эфектны і заслужыў дыплом пераможцы ў адпаведнай намінацыі. Спадабалася журы (ды, думаецца, і ўсім прахожым) устаноўленая ля ЦРБ кампазіцыя з трох анёлаў, якую выканаў умелец Сяргей Філімонаў. Дыплом жа гэтай арганізацыі прынесла прыгожая музычная фотазона, якая выйграла намінацыю ўнутранага аздаблення.
А каб адзначыць работу цэха безалкагольных напіткаў Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, арганізатарам давялося ўвесці дадатковы прыз – за самае крэатыўнае і экалагічнае ўпрыгожанне памяшкання. Дружная творчая каманда з дапамогай нажніц, фарбаў і клею ператварыла ў навагоднія дэкарацыі… звычайны ўпаковачны кардон. У справу пайшлі і этыкеткі, і прэформы для вырабу бутэлек (адна з такіх замяніла нос снегавіку). “Працавалі над кампазіцыяй не адзін дзень, працэс быў карпатлівы, але захапляльны, і цяпер кожны, хто да нас заходзіць, абавязкова ўсміхаецца!”, – падзялілася з намі галоўны генератар ідэй Галіна Шайтар. Дыпломам за самае стыльнае афармленне адзначаны “Белаграпрамбанк”, за душэўнае – дзіцячы сад №1, а за найбольш разнастайнае – ТЦСАН.
Такім чынам, “на вышыні” ў гэты вечар аказаліся многія. А некаторыя – і ў прамым сэнсе. Маленькі Ягорка Цвяцінскі, напрыклад, назіраў за сцэнічнымі разборкамі Мароза, Снягуркі і трохгаловага Гарыныча, седзячы на бацькавых плячах. Хлопчык шчыра паведаміў нам, што на Новы год хоча атрымаць “паліцэйскае таксі”, а тата Ігар шэптам прызнаўся, што ўжо змарнаваў час у пошуку заказанай цацкі ў крамах і на інтэрнэт-прасторы. У пераднавагодніх мерапрыемствах і клопатах ёсць асаблівы шарм прадчування свята. А ўсе мы – і маленькія, і дарослыя – заўсёды чакаем навагодніх цудаў!
Наталля БАГДАНОВІЧ.