Днямі галоўны інжынер Ушацкага раёна электрычных сетак Валерый Іванавіч Лемеш адзначыў юбілей. Па пашпарце – 60, і 45 з іх звязаны з энергетыкай. Няхай гэта і не працоўны стаж, аднак чыстая праўда, у чым вы можаце пераканацца самі.
Выбар прафесіі для В.Лемеша аказаўся пасіўным, можна сказаць, што за яго гэта зрабіла Плінская школа – літаральна ўсіх хлопцаў у 1980-м запісалі ў вучэбна-вытворчы камбінат на электрыкаў. Дасціпна і цікава выкладаў дысцыпліну, дарэчы, работнік РЭСа Анатоль Ягоравіч Прашкевіч. А паколькі са схемамі напружанняў Валерый сябраваў і на ўроках фізікі, то і мэтавае накіраванне ў калгасе “ХХІ партз’езд” у інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі юнак з Загуззя браў на спецыяльнасць інжынера-энергетыка.
Энергетыкам і адпрацаваў тры гады ў гаспадарцы, дзе ў канцы васьмідзясятых было шмат моладзі. Іх каманды па валейболе і футболе не мелі сапернікаў, у апошнім відзе саступалі хіба раённай зборнай. Спартыўныя навыкі на “ўра” ўспрынялі і ў раёне электрычных сетак, куды ў 1990-м уладкаваўся дыспетчарам і якія захаваў да гэтага часу. На апошняй галіновай спартакіядзе В.Лемеш узначальваў каманду і аказаўся, як кажуць, гуляючым трэнерам – прыняў удзел у валейбольных спаборніцтвах.
Трэба зазначыць, што ў дзевяностыя толькі палова дыспетчараў РЭСа мелі вышэйшую адукацыю, якая зараз абавязковая. Ды і пасада гэта называлася аператар. І хоць лініі знаходзіліся ў горшым, чым зараз, стане, існавала больш населеных пунктаў і вытворчых аб’ектаў, працаваць, па словах Валерыя Іванавіча, было намнога прасцей: “Раней людзі ўсё разумелі, не тэлефанавалі праз секунду пасля абясточвання, ды і ўнутраныя патрабаванні па тэхніцы бяспецы зараз куды больш строгія. Цяпер перад любымі работамі абавязковы допуск, усе брыгады дзякуючы камп’ютарам хоць і далёка, але навідавоку. А вось абавязкі не змяніліся. І ў любое надвор’е нашы электрыкі на апорах, непраходных балотах, у самых далёкіх вёсачках раёна”. “Гэта электраманцёры і майстры ведаюць усе населеныя пункты, ну а галоўны інжынер, пасада, мяркую, кабінетная?”, – задаю правакацыйнае пытанне, на якое паступае імгненны адказ: “Можаце праэкзаменаваць”. Так экспромтам і пачаўся іспыт па геаграфіі раёна.
– Прудок?
– Суправаджаў праверку пасля завяршэння капрамонту.
– Масцішча?
– Бывалі. Там, на ўскрайку Кубліцкага сельсавета, цяпер ужо ніхто не жыве, а раней адключэнні здараліся – лініі старыя. І апоры да яе “падлічыць магу” – гэта тэрыторыя нашай паляўнічай брыгады (маё даўняе хобі).
– Губінка?
– Ну, гэту ніколі не забыцца. Нядаўна хацелі з начальнікам на свае вочы пабачыць стан ліній у мосарскім баку, дзе ўжо і дарогі няма. Ішлі ад Шасцярнёў праз Вялічкаўцы пешшу, а назад у кузаве нашага трактара вярталіся. Супрацоўнікі смяяліся, што першы раз бачаць, каб кіраўніцтва з такімі выгодамі каталася.
– Казіно?
– Так пасля сёлетняй рэканструкцыі ліній цяпер называецца адна з трох нашых падстанцый у Заазер’і. Спецыяльна замацоўваем імёны былых вёсак, каб не блытацца. Я ж 21 год у дыспетчарскай службе адпрацаваў, тры гады яе узначальваў, таму няма такой вёскі, якую б не ведаў. Больш таго, у кожнай быў. І калі раней пры зваротах пачынаў распытваць, запісваць, то зараз адразу высвятляю, пра Лёліну, Сарочынскую ці П’яную Слабаду ідзе гаворка, або пра якое з чатырох Замошшаў. Здараюцца кур’ёзы і з-за таго, што мабільны аператар ловіць бліжэйшую станцыю. “Шо без святла!”, – раздаецца аднойчы ў трубцы.
Пераадрасоўваю абанента да глыбоцкіх калег, паколькі разумею, “шо” не ў асаблівасцях маўлення справа.
В.Лемеш распачаў дынастыю энергетыкаў. Па яго слядах пайшоў сын Іван, які працуе ў Полацкэнергазбыце.
Так, далёка не кожны выкладчык гісторыі адкажа, дзе ў раёне Пісаронкі, Булыжына, Клапы, ну а энергетыкі, быццам этнографы, ведаюць гістарычныя назвы знікшых населеных пунктаў, урочышчаў і карыстаюцца імі для зручнасці ў рабоце. І калі сёлета пасля ліпеньскага ўрагану сустракалі памочнікаў з розных абласцей, В.Лемеш упэўнена ехаў з расонскімі калегамі да Бараўлян і Андрэйчыкаў, каб паказаць напрамкі, дапусціць да работ. Спецыялістаў не хапала, і літаральна ўсе, уключаючы кіраўніцтва, былі на аб’ектах на працягу трох дзён, а дадому заглядвалі калі толькі на пару гадзін.
Пералічыць абавязкі галоўнага інжынера практычна немагчыма. Ён ведае ўсё, што адбываецца на тэрыторыі раёна. Давялося пераканацца ў гэтым, калі сумесную з рэдакцыяй “прамую лінію” праводзілі пры адсутнасці кіраўніка РЭСа. Валерый Іванавіч падказваў абанентам варыянты электраацяплення, “арганізоўваў” праезд па платнай дарозе іх брыгады ў Жлобінскім раёне, узгадняў з будаўнікамі схему ўчастка і даваў дазвол на правядзенне работ. Усё гэта паралельна і галоўнае – спакойна. “Гэта наш звычайны рытм, – з усмешкай рэзюмаваў суразмоўца. – І даўно навучыўся знаходзіць агульную мову з любым чалавекам”.
Калі ж я запыталася ў начальніка ўшацкага раёна электрасетак А.П.Лукашэвіча аб ролі “правай рукі”, Андрэй Пятровіч адказаў, што В.Лемеш вырашае ўсе вытворчыя пытанні “па старой школе” – скрупулёзна, дасканала, можна не правяраць і не хвалявацца. І падмацаваў адказ жартам: “Калі няма кіраўніка – галоўнаму інжынеру добра, а калі няма інжынера – начальніку дрэнна”.
Хоць год яшчэ не завершаны, а прафесійнае свята энергетыкаў – пара, спрыяльная для ўраганаў і завей, ужо зараз начальнік Ушацкага раёна электрасетак Андрэй Пятровіч Лукашэвіч называе 2024-ы асаблівым. І не толькі з-за вялікай колькасці надзвычайных здарэнняў. Больш напружаным аказаўся і радавы рабочы графік прадпрыемства.
– Калі ў ранейшыя часы капрамонт па раёне праводзіўся на адной-дзвюх лініях, то з прыняццем праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” – штогод па некалькіх вёсках. І хоць непасрэдна ўстаноўку выконваюць падрадчыкі з падраздзяленняў “Віцебскэнерга”, на нас як гаспадароў кладзецца вельмі вялікі аб’ём работ – ад допускаў, дэмантажу старых апор, правадоў, да навядзення канчатковага парадку. І жыхары Матырына, Заазер’я, Ваўча, Пушчы, Замошша-ІІ, Малінаўкі, Пола ўжо таксама змогуць падключацца да электраацяплення. Зноў жа, выключна ўсе робяць гэта з нашай дапамогай: ад першага кроку – высвятлення тэхнічных умоў праз “адно акно” прадпрыемства, да апошняга – падключэння. Аказваем паслугі па праектаванні і мантажы. Працэс ідзе намнога актыўней, чым у 2019-м, бо людзі на прыкладзе суседзяў пераканаліся, наколькі гэта зручна. Толькі як ахапіць рэканструкцыяй адначасова ўсю краіну? Мы ідзём насустрач абанентам і, калі магчыма, уласнымі сіламі праводзім замены, сёлета выканалі ў Жарах, па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Дубраўка, па Калінінскай, Заводскай і завулку Заводскім у гарпасёлку.
Замянілі амаль кіламетр кабельных 10-кілавольтных падземных ліній, высеклі прасеку на плошчы 50 гектараў, аператыўна справіліся з наступствамі ўрагану як у нашым раёне, так і на Гомельшчыне. Брыгады С.М.Маковіча і С.Г.Хвашча два тыдні пазменна працавалі на тэрыторыі 11 населеных пунктаў Жлобінскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў.
Зразумела, што да прафесійнага свята ўсіх без выключэння работнікаў чакаюць годныя прэміі – яны залежаць у тым ліку і ад стажу работы. Выконваю зараз і прыемную місію – віншую нашых ветэранаў – для кожнага з іх падрыхтаваны падарункі. Былых энергетыкаў не бывае. І чытаючы зараз пра справы прадпрыемства, перакананы, кожны з цеплынёй прыгадае свае працоўныя будні і калег.
На здымку: А.Лукашэвіч уручае падарунак ветэрану прадпрыемства Мікалаю Віктаравічу Вайцяхоўскаму.
У ліквідацыі наступстваў урагану на Гомельшчыне працавала брыгада Сяргея Міхайлавіча Маковіча (на здымку).
Бальніцы, заводы, школы, фермы – каб прамысловыя і сацыяльныя аб’екты маглі функцыянаваць, ушачане прыехалі нават са сваім магутным генератарам. Зразумела, што і самі не глядзелі на гадзіннікі. Паколькі пашкоджанні аказаліся вельмі вялікімі, нават бетонныя апоры паламала як запалкі, працавалі ўвесь светлавы дзень, выканаўшы велізарны аб’ём работ.
Вольга Караленка.