Хоць і не з’яўляецца вострай у нашым раёне праблема спажывання, абароту наркотыкаў, цалкам яе выключыць усё ж не атрымліваецца.
На сённяшні дзень на ўліку ва ўрача псіхіятра-нарколага Ушацкай ЦРБ – 4 нарказалежныя асобы, усе – паўналетнія. Столькі ж грамадзян “засвяціліся” ў сферы абароту наркатычных сродкаў і зараз знаходзяцца на кантролі супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. За час правядзення сёлетняй аперацыі “Мак” выяўлена 15 фактаў вырошчвання нашымі землякамі “вясёлых” раслін. Дарэчы, па арт. 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь, за гэта прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу да 20 базавых велічынь.
– Нагадаю таксама пра знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане, выкліканым спажываннем наркотыкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, – кажа оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі Сяргей Рамашэўскі. – Па ч.3 арт.19.3 КаАП, за гэта можна атрымаць штраф ад 5 да 10 базавых. Незаконны ж абарот “зелля” (а гэта выраб, набыццё, захоўванне, збыт) абарочваецца ўжо крымінальнай адказнасцю – ёсць рызыка пазбавіцца волі аж да 25 гадоў! (арт.328 КК РБ).
Зараз па ўсёй краіне праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў, у тым ліку ў маладзёжным асяроддзі. Праваахоўнікі ладзяць рэйды па забаўляльных установах, месцах адпачынку. Асаблівую ўвагу надаюць падлеткам, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту і знаходзяцца без суправаджэння дарослых па-за домам у начны час. Правяраюць таксама гандлёвыя аб’екты на прадмет продажу непаўналетнім алкагольных, тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.