Для свайго чарговага артыкула мы абралі надзённую для нас, школьнікаў, тэму, якая, аднак, цікавіць і дарослых. Як стаць выдатнікам і наколькі складаная гэта справа – перасягнуць “дзявятку” ў сярэднім бале атэстата? Чым ахвяруюць лепшыя вучні і як ставяцца да іх равеснікі? Пра гэта мы пагутарылі з некалькімі будучымі выпускнікамі, кандыдатуры якіх “падгледзелі” на школьнай Дошцы гонару.

Па статыстыцы, толькі трэцяя частка выдатнікаў утрымлівае сваю пазіцыю з першага па выпускны клас. Многія ў пачатковай школе паспяваюць па ўсіх прадметах, а потым “паніжаюць планку”, а бывае і наадварот: у 10-11-м “бяруцца за розум”, займаюцца дадаткова і павышаюць бал для паступлення.
Нашы субяседнікі – Таццяна Кіліна, Кірыл Шук з Ушацкай школы і Анастасія Танана з Арэхаўскай – якраз з тых, хто заўсёды атрымліваў добрыя ацэнкі. Цікава, што шпарка чытаць яны навучыліся яшчэ да таго, як селі за парты.
На пытанне, дзеля чаго стараюцца паспяваць па ўсіх прадметах, яны адказалі так: “Каб атрымаць годную адукацыю і прафесію, а яшчэ таму, што нам гэта падабаецца!”.
Не сакрэт, што аднакласнікі да выдатнікаў ставяцца па-рознаму (гэта і мы пацвердзім). Асобных называюць “батанікамі” і “завучкамі”, але часам яны самі таго заслугоўваюць: паводзяць сябе ганарліва, не даюць спісаць дамашку і не падказваюць на ўроках. Яшчэ іх вечна ставяць у прыклад, а гэта раздражняе. Але нашы субяседнікі аказаліся не такімі – хоць і ведалі, што артыкул прачытаюць настаўнікі, шчыра прызналіся: калі трэба – і рашэннем задачы з класам падзеляцца, ды і самі могуць нешта падгледзець – праўда, зрэдку. Бывала, і дрэнныя адзнакі атрымлівалі – Кірыл прыгадаў пра двойку ў другім класе, а Насця “схапіла” такую ацэнку ў шостым па гісторыі (цяпер гэта адзін з любімых яе прадметаў).

А яшчэ нам было цікава, як яны размяркоўваюць свой дзень і колькі часу трацяць на ўрокі. Тут аднолькавай схемы няма – людзі ж розныя. Кірыл, напрыклад, стапрацэнтны “тэхнар”, паглыблена вывучае хімію, рыхтуецца да алімпіяд (пайшоў па слядах старэйшага брата Дзяніса, які перамагаў на рэспубліцы, а зараз вучыцца на хімфаку БДУ). На яго думку, у старэйшых класах вучням трэба ўдасканальваць веды па ўжо абраным профілі, а на ўрокі, якія дакладна не спатрэбяцца, вылучаць менш часу. Маўляў, кожны адукаваны чалавек павінен ведаць, хто напісаў “Вайну і мір”, але ці варта падрабязна аналізаваць творы будучаму хіміку ці фізіку? А вось Насця любімым урокам назвала… фізкультуру. Ёй прасцей даюцца гуманітарныя дысцыпліны – нездарма на нядаўняй раённай алімпіядзе атрымала дыпломы і па рускай, і па беларускай мовах. Таня больш любіць матэматыку і фізіку, але яна максімаліст і імкнецца разабрацца ва ўсім. Можа рабіць урокі і пяць гадзін, бо прыйсці непадрыхтаванай – не ў яе характары. Адкрыць падручнік у выхадныя – для многіх з нас гэта подзвіг, а для яе – звычайная справа.
Залатымі медалістамі ў школе былі такія зоркі шоу-бізнесу, як Філіп Кіркораў, Мікалай Баскаў, Іван Ургант, Паліна Гагарына.
Зрэшты, не думайце, што нашы суразмоўцы толькі і робяць, што вучацца. Знаходзяць яны час і каб сустрэцца з сябрамі. Насця, напрыклад, актывістка БРСМ, удзельнічае ва ўсіх школьных мерапрыемствах, а яшчэ кожнае лета з сябрамі адпраўляецца ў веласіпедны паход. Пры гэтым яна – звычайны падлетак: можа і дзве гадзіны прасядзець у тэлефоне, калі няшмат урокаў задалі (наш чалавек!). Кірыл ходзіць у трэнажорную залу, на валейбол, а Таня – у басейн. У яе наогул шмат захапленняў: скончыла два аддзяленні ДШМ – па класе баяна і мастацкае (прычым, з адзнакай), вяжа кручком моднае адзенне, а яшчэ вельмі любіць чытаць – прычым, звычайныя папяровыя кнігі, а ў ліку любімых назвала раман Маргарэт Мітчэл “Унесеныя ветрам” (нам яго пакуль не рэкамендавала – трэба крыху падрасці). А вось у тэлефоне амаль не сядзіць – бывае, нават маме заўвагі робіць, калі тая ў сацсетках затрымаецца. Нашы бацькі пра такое дакладна б сказалі: “Вось малайчына! Не тое што вы!”
Да слова, у некаторых з нас у тэлефонах стаіць функцыя “бацькоўскі кантроль”, якая дазваляе заходзіць у інтэрнэт толькі на 45 ці 30 хвілін у дзень. А за добрыя адзнакі і паводзіны бывае “бонус” – так што ёсць дадатковы стымул выбівацца ў выдатнікі.
Увогуле ж размова з Насцяй, Таняй і Кірылам была цікавай. Нават захацелася, каб і ў нас у будучым такое інтэрв’ю ўзялі. І мы прыйшлі да наступнага вываду: быць выдатнікам нялёгка, але гэта таго варта, бо разумныя і паспяховыя людзі зараз, як кажуць, у трэндзе.
Уладзіслаў АЎТУХ, Сцяпан Верхалазаў,
Арцём РЭВЕНКА, Яна і Назар САКАЛОВЫ,
Яна ГРЫБАНАВА, Злата КЛІМАШЭЎСКАЯ, Ксенія ДУКМАСАВА.