Элегантная, вытанчаная, заўсёды быццам пяць хвілін, як з салона, яе ўяўляеш стопрацэнтнай жанчынай. З тых, што праводзіць у ложку ледзь не да абеду, любіць модныя дарагія рэчы, даражыць манікюрам і… І таму пытанні, хто ў вас працуе садоўнікам, Марыне Анатольеўне Званковай задавалі неаднойчы. Знаёмыя, а тым больш, незнаёмыя, мяркую, перакананы ў яго наяўнасці і зараз.
Тым не менш, манікюрам яна не даражыць. Ён, канечне, пастаянна падтрымліваецца, аднак беларучкай настаўніцу нямецкай мовы не назавеш ніяк. І літаральна ўсё, што зроблена ля дома – яе рукамі. Высокія туі спачатку гады два прыглядаліся да месца, а зараз, на пяты, падняліся слупамі ледзь не з вышыню катэджа. Адзін за адным разрасліся да 30 кустоў яе прыгажуні-ружы. Блішчыць сакавітай зелянінай газон. Ён, як і першапачатковая планіроўка – самае складанае. Часопісы, парады сяброўкі і праца, праца… праца ў задавальненне. Дызайн, як і яго ўвасабленне – таксама справа яе рук. А калі дакладна, то ў сям’і Званковых размеркаванне абавязкаў — па схільнасцях і густах гаспадароў. Газон, кветкі і таматы – гэта Марына Анатольеўна, увесь астатні агарод і вінаград вядзе Аляксандр Міхайлавіч. Таксама ён не баіцца самастойна брацца за рамонт і нават перапланіроўку пакояў, якія потым упрыгожвае жонка. Усё ў іх доме ідзе паралельна, і няма першачарговага і другараднага. Хіба што ў залежнасці ад вольнага часу аднаго з гаспадароў. “Саша не паспеў раней падрыхтаваць участак пад бульбу, таму куча з зямлёй перакачавала пад газон, – смяецца Марына. – З зямлёй у першы час было цяжкавата, дом купілі, а навокал каменне і пустэча”.
Пра дом жа Марына Анатольеўна марыла. І не магла дачакацца, калі пачне ўвасабленне сваіх мар – зробіць усё па сваім жаданні. Сёння ў іх аднолькава ўтульна ва ўнутраным і парадным двары, пакоях. Дасягнута асноўнае – камфорт, у якім можна займацца любімымі справамі. Хобі ж у Марыны Анатольеўны столькі, што дзівішся, як усё паспявае. Яна вяжа, “на ты” з камп’ютарам, выдатна гатуе: яе “Позы” ведаюць не толькі шматлікія госці Званковых, але і ўсе “аднакласнікі”. Вы таксама зацікавіліся, што такое “Позы”? Гэта страва, якую Марына навучылася гатаваць, калі яны жылі ў Манголіі. Аднак асноўным хобі па-ранейшаму застаюцца кветкі. А сярод іх: вулічныя – ружы і хатнія – архідэі. Апошнія – асаблівы гонар Марыны, іх ужо 9, розных адценняў, пастаянна квітнеючых і не надта патрабавальных. Такіх падобных на гаспадыню. Наогул жа ў доме многа кветак, якія, канечне, патрабуюць часу і догляду. Як і наогул уласны дом. Яшчэ ж яна разам з сяброўкамі і калегамі Аленай Васільеўнай Марозавай і Вольгай Анатольеўнай Жыткай “варожыць” над тэрыторыяй Ушацкай школы. Яны ж і пяцёра творчых школьніц сёлета ўвасаблялі ў жыццё ідэю дырэктара С.К.Турло, каб да прафесійнага свята парадаваць кожную з настаўніц школы кветкамі. Семдзесят (!) букетаў зрабілі, непадобных, цікавых, у якія пайшло ўсё – апошнія восеньскія хрызантэмы, бутоны руж, усе лісты хосты, галінкі туі, дрэў. Спадзяюцца, што калегам спадабалася, паколькі саміх праект, на які было адведзена так мала часу, захапіў, яны стаміліся, але атрымалі задавальненне. Як і ад слоў сябра сям’і, прафесара з Венгрыі, які падзівіўся, калі ўбачыў еўрапейскі дызайн ля школы. А якія водгукі пакідаюць замежныя сябры і наогул незнаёмыя людзі пасля прагляду фотаздымкаў у інтэрнэце. “Не, у вас не дом, а віла”. Так. Віла, што пад сілу крэатыўным і жыццярадасным. Віла без прыслугі, дзе жывуць не абібокі.
В.КАРАЛЕНКА.