Рэспубліканскі конкурс “Пазнай Беларусь” з’яўляецца галоўным аглядам дасягненняў айчыннай турыстычнай сферы. Сёлета ён праводзіўся ў 22-гі раз, і калі на першы ў 2003-м годзе было пададзена толькі 50 заявак, то зараз – рэкордныя 1772.
Лепшых выбіралі ў 13 намінацыях, а самымі шматколькаснымі сталі “Фатаграфія года” і “Я пазнаю Беларусь”, дзе спаборнічалі актыўныя падарожнікі – яго пераможца наведаў сёлета каля 200 славутых месцаў нашай краіны. Выбіралі таксама лепшага экскурсавода, туркампанію, музей, атэль, журналісцкі матэрыял, лідараў у розных відах турызму.
Аж 146 прэтэндэнтаў заявілася ў намінацыю “Падзейнае мерапрыемства года” – быў сярод іх і фестываль экстрэмальных відаў спорту “ЭкстрымПрарыў”. Адна з задач конкурсу – знайсці і паказаць цікавыя, самабытныя турыстычныя прадукты, а якраз такім, безумоўна, з’яўляецца наш фэст. За чатыры гады правядзення арганізатары ўдасканалілі яго канцэпцыю, павялічылі маштаб і ўзровень і прыйшлі да высновы, што праект не сорамна прэзентаваць на рэспубліцы. І, як аказалася, мелі рацыю: “ЭкстрымПрарыў” трапіў у тройку лідараў намінацыі “Лепшае падзейнае мерапрыемства года” і атрымаў дыплом конкурсу. Лаўрэатам тут стаў каравай-фэст “Бацькава булка”, што праходзіць на Гродзеншчыне. Яшчэ адзін дыплом адправіўся да нашых суседзяў у Бярэзінскі запаведнік, дзе праводзіцца фэстываль славянскай міфалогіі “Шлях Цмока”, некалькі ўздельнікаў адзначаны граматамі.
“Хочацца падзякаваць усім, хто меў дачыненне да нашага маладога і амбіцыйнага фестывалю: спонсарам, якія паверылі ў яго перспектыву, арганізатарам у асобных відах, спартсменам-экстрэмалам, удзельнікам шоу-праграм, валанцёрам і, канечне, гледачам, для якіх усё і робіцца. Прызнанне нашай работы – вялікі стымул для яе працягу. І зараз мы ўжо прыдумваем, чым будзем здзіўляць фанатаў “ЭктрымПрарыву” наступным летам”, – падзяліўся з намі загадчык сектара спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Сяргей Ціханёнак.
Трэба сказаць, што гэта ўжо другі ўшацкі дыплом конкурсу: пазалетась падобнай узнагароды быў удастоены санаторый “Лясныя азёры”. Нагадаем таксама, што сёлета відэаролік пра “ЭкстрымПрарыў” атрымаў грамату рэспубліканскага конкурсу сацыяльнай рэкламы “Пазнай Беларусь”. Такім чынам, Ушаччына гучна заяўляе пра сябе, як пра турыстычны рэгіён.
Наталля БАГДАНОВІЧ.