Ва Ушацкім раёне ўзведзена адразу дзве станцыі абезжалезвання. У снежні фільтраванай вадой ужо карыстаюцца жыхары аграгарадка Ільюшына і вёскі Двор Пліна. Гэта апошнія наземныя станцыі, запланаваныя ў вялікіх населеных пунктах згодна падпраграме “Чыстая вада” праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” не толькі на Ушаччыне, але і чатырох раёнах, якія абслугоўвае “Полацкводаканал”.

Падпраграма “Чыстая вада” рэалізуецца ў Беларусі з 2006 года. У планах на 2021-2025 гады – будаўніцтва па краіне 800 станцый абезжалезвання. “Полацкводаканал” запусціў сёлета 8 – па дзве ў Полацкім, Расонскім і Ушацкім раёнах і 4 – у Шумілінскім.
Іржавая вада – асноўная прычына скарг нашых жыхароў. Сапраўды, павышанае ўтрыманне жалеза адбіваецца на колеры, а паралельна і хатні посуд, бялізна набываюць бруднае адценне. Аднак, гэта, бачнае няўзброеным вокам, – не самае небяспечнае. Вада можа ўтрымліваць нітраты, нітрыты, марганец… І хоць, згодна назве, станцыя – абезжалезвае, насамрэч яна страхуе ад цэлага комплексу злучэнняў. Прычым, даводзіць паказчыкі, да вызначаных СанПіНам, у аўтаматычным рэжыме.
“На Ушаччыне не самая складаная вада, – абнадзейвае намеснік дырэктара па будаўніцтве “Полацкводаканала” Канстанцін Голубеў. – У Полацкім раёне намнога горш, а гэта азначае, што патрэбна больш ступеняў ачысткі і дадатковых рэагентаў. Ну а лепш за ўсё сама па сабе ў Шуміліне – там па гарпасёлку яна падаецца наогул без ачысткі, а вось па вёсках, бліжэй да нас – суседзяў, псуецца. Зразумела, я магу гаварыць пра раёны, якія абслугоўваем, акрамя прыгаданых, гэта яшчэ і Расонскі”.
Да ачысткі вада ў Ільюшыне ўтрымлівала 1,0 міліграма жалеза на літр, пасля – 0,25. У Двор Пліне адпаведна 1,2 і 0,28 пры норме 0,3.
Тэндар на пастаўку абсталявання выйграла спецыялізаваная кампанія “Атава”. Станцыі – тыпавыя, нічым прынцыпова не адрозніваюцца ад арэхаўскай, узведзенай у 2017-м годзе. Закрытыя кантэйнеры-памяшканні, дзе змешчаны помпы, сістэмы аэрацыі, фільтры, іншае абсталяванне, да якога, аднак, падыходзяць не больш двух разоў у месяц – для забораў проб, перапуску фільтраў у выпадку адключэння электраэнергіі. Гэта абавязкі спецыялістаў Ушацкага ўчастка “Полацкводаканала”, якіх мы і засталі ў Ільюшыне за зняццем паказчыкаў. Расход вады ў гэты ранні час на аграгарадок быў 1,2 куба ў гадзіну. І хоць увечары і ў суботу ён павялічыцца, ужо ачышчанай вады ў рэзервуарах усё роўна будзе дастаткова, бо тут, як і ў Двор Пліне, паралельна працуе два фільтры. А вось планавае абслугоўванне па графіку выконваюць наладчыкі з філіяла “Водаканалбудсэрвіс” віцебскага галаўнога прадпрыемства – мяняюць рэагенты, сочаць за станам фільтраў, якія, дарэчы, умеюць самастойна прамывацца праточнай вадой у начны час.
Таццяна Аўтух, аграгарадок Ільюшына:
“Раней піць ваду з крана я наогул не магла, заўсёды купляла на тыдні па 2 бутлі. Ды і калі адстойвала ў графіне, адмыць яго без соды не атрымлівалася. Зараз паспытала водаправодную – чыстая і смачная. Размаўляла з многімі аднавяскоўцамі, усе прыкмецілі істотную розніцу.
На будаўніцтва дзвюх станцый абезжалезвання пайшло 477 тысяч бюджэтных рублёў. На Ільюшынскую – крыху менш, паколькі там існавала заасфальтаваная пляцоўка, меншая плошча ахоўнага ўчастка і, адпаведна, менш затрачана на добраўпарадкаванне. У абодвух выпадках станцыі ўзводзіліся ля існаваўшых водазаборных свідравін, а ўсе работы акрамя наладкі выконваліся сіламі “Полацкводаканала”, на якіх былі пастаянна задзейнічаны і ўшацкія спецыялісты.
Вольга КАРАЛЕНКА.