Знакавая падзея адбылася ўчора ў аддзеле загса Ушацкага райвыканкама – урачыстая рэгістрацыя нараджэння двайнят. Віншаванні з такой прыемнай нагоды атрымлівалі наш зямляк Аляксандр Маскалёў (дагэтуль тата дваіх сыноў) і яго другая палавіна Крысціна Пяхота, якая стала мамай упершыню.
Чацвёртага снежня ў пары нарадзіліся адразу дзве дзяўчынкі, якія атрымалі прыгожыя славянскія імёны Дар’я і Марыя. У Вяркудах сям’і выдзелілі прасторны дом.
Цырымонія рэгістрацыі, якая сімвалічна праходзіла ў рамках акцыі “Нашы дзеці”, атрымалася вельмі цёплай. Начальнік аддзела загса А.Стукалава ўручыла бацькам дзяўчынак памятныя падарункі і першыя іх дакументы. Дабрабыту сям’і пажадала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н.М.Марковіч – ад грамадскага аб’яднання Аляксандр і Крысціна атрымалі грашовы сертыфікат і неабходныя ў быце рэчы. Далучыліся да віншаванняў і работнікі ТЦСАН, якія нагадалі пра магчымасць атрымання паслуг нянькі, а таксама дзяржаўнай адраснай сацдапамогі ў сувязі з нараджэннем двайнят.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.