Снежань аб’яўлены ў Беларусі месяцам гастранамічнага турызму.
Народны клуб “Прысмакі” нярэдка трапляе пад увагу СМІ. Нашы гаспадыні, якія зберагаюць мясцовыя кулінарныя традыцыі, гэтым летам давалі майстар-клас па прыгатаванні бульбяной бабкі для праекта віцебскага тэлебачання “Дадому ў невядомае”, а днямі ў раён прыехала здымачная група перадачы “Пуцёўка.by”, каб расказаць гледачам пра асаблівасці нашых мясцін, таленты людзей, а яшчэ і паспытаць ушацкія клёцкі з душамі.
“Гатавалі страву, якая з’яўляецца нашай візітоўкай і ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, у доме колішняй актывісткі аб’яднання Алы Сяргееўны Федуковіч, дзе захавалася руская печ. Начынялі клёцкі парэзанай дробнымі кавалачкамі грудзінкай, салам і сушанымі грыбамі, не забыліся і пра кмен. Вельмі ўдалыя атрымаліся – амаль усе госці ўпершыню дэгуставалі такую страву і засталіся ў захапленні! Частавалі іх і іншымі народнымі прысмакамі – кіслай капусткай, салёнымі агуркамі. Адным словам, паехалі мінчане дамоў сытымі і ўражанымі, а пра тое, як смачна можна паесці на Ушаччыне, цяпер даведаюцца і гледачы тэлеканала РТР-Беларусь”, – расказала нам кіраўнік клуба Ірына Байрамава.
Наталля БАГДАНОВІЧ.