Анастасия Фоминична Альховка с деревни Боровые отметила столетний юбилей

Золотые юбиляры

Пражыць сто гадоў і не ведаць хвароб – пачуўшы такое традыцыйнае пажаданне на якім-небудзь юбілеі, мы скептычна ўсміхаемся ў абсалютнай упэўненасці, што так не бывае. Зрэшты, можа і сустракаюцца падобныя феномены дзесьці ў гарах Тыбета, але не ў нас жа. Згодныя са мной? Калі так, то вы напэўна не бывалі ў вёсцы Баравыя Сарочынскага сельсавета і не знаёмыя з мясцовай жыхаркай Анастасіяй Фамінічнай Альхоўкай, якая 17 кастрычніка адзначыла векавы юбілей. Цяжка паверыць, аднак за сваё немалое жыццё гэтая шаноўная жанчына ніводнага разу сур’ёзна не хварэла, а з выпрабаванняў для свайго здароўя прыгадвае хіба што выпадак, калі ў пасляваенны час яе ўкусіла змяя. Яна не ведае, што такое бальнічны ложак, не ўмее нават глытаць таблеткі, а калі аднойчы ёй трэба было зрабіць укол ад слупняку, медыкам прыйшлося падмануць бабулю – маўляў, калі яна адмовіцца ад уколу, ёй не дадуць пенсію. Дарэчы, людзі ў белых халатах рэгулярна наведваюцца да Анастасіі Фамінічны, каб правесці чарговы медагляд. Як жартуюць яе родныя, упарта шукаюць прыкметы якой-небудзь хваробы, аднак, паслухаўшы сэрца і змерыўшы ціск, расчаравана канстатуюць, што іх уласныя паказчыкі куды горшыя за бабуліны. 

Выбачайце за мабыць залішне бравурны пачатак аповеду пра нашу ўнікальную зямлячку, пасля якога можа скласціся ўражанне, што жыццё Анастасіі Фамінічны складвалася надзвычай проста і бясхмарна. Гэта, канечне, не так. Дастаткова сказаць, што яе муж Дзмітрый, з якім ажаніліся ў 1934, загінуў у 1939 падчас Фінскай вайны, пакінуўшы маладую жонку з трыма маленькімі сынамі на руках. “Хто вайну перажыў, той гора ведае”, – кажа мая субяседніца, і на вачах яе блішчаць слёзы. “Даўно гэта было, а здаецца – нібыта ўчора… Памятаю, як хавалася ў кустах з дзеткамі ад нямецкіх самалётаў. Міша нічога не баяўся, бо быў зусім яшчэ малы. Старэйшыя браты ўціскаліся ў зямлю і закрывалі вушы ад выбухаў, а ён толькі казаў: “Трымай мяне, мама, а то я высока падлятаю…”
У пэўным сэнсе жыхарам вёскі Баравыя пашчасціла: фашысты тут з’яўляліся рэдка. А вось паветраныя налёты здзяйснялі рэгулярна – у Уле быў нямецкі аэрадром. Падчас аднаго з іх (карнікі помсцілі за тое, што партызаны ўзялі ў палон жонку бургамістра), згарэла хата Анастасіі Фамінічны. Жылі яны потым, дзе давядзецца: то ў адрыне якой пераначуюць, то ў лазні суседскай. Цяжка было. Жанчына прыгадвае, як пякла хлеб, каб накарміць сыночкаў, пляла для іх лапцікі, шыла саматканыя кашулькі. Але галоўнае – змагла зберагчы ўсіх сваіх дзетак.
Калі немцы адышлі, набылі ў дальняй радні маленькую хатку, у якой жылі да пачатку 60-х, пакуль не здолелі пабудаваць новы дом. Усё працоўнае жыццё Анастасіі Фамінічны прайшло ў мясцовым калгасе, і было яно таксама вельмі няпростым. Яе худзенькім рукам давялося трымаць і рыдлёўку, і касу, і цэп для малацьбы. Заробкі былі малыя, аднак жанчына здолела вырасціць і выхаваць трох сыноў дастойнымі, сумленнымі людзьмі. Бясстрашны Міша стаў мараком, пабываў ледзь не ва ўсіх кутках зямнога шара. Аднак да сухапутнага жыцця прыстасавацца так і не здолеў: пражыў толькі два гады пасля таго, як быў па ўзросце “спісаны” на бераг. Яго браты абралі хоць і не такую рамантычную, але не менш патрэбную прафесію дарожніка. Старэйшага, Леаніда, ужо, на жаль, таксама няма сярод жывых. Цяжкія выпрабаванні выпалі і на долю сярэдняга брата, які амаль усё жыццё правёў у роднай вёсцы. Фёдар Дзмітрыевіч і зараз жыве ў бацькоўскім доме, даглядае маці. Вядома, гэта няпроста, бо і сам ужо немалады. Але як жа інакш? Анастасіі Фамінічне ён абавязаны ўдвая. Калі ў 1986 годзе заўчасна абарвалася жыццё яго жонкі, у Фёдара Дзмітрыевіча засталося пяцёра дзяцей, малодшым з якіх было 8, 10 і 14 гадоў. Менавіта бабуля, якой ужо тады было 75, узяла на сябе асноўныя клопаты па выхаванні страціўшых маці ўнукаў. Зараз усе яны дарослыя, маюць дзяцей і нават зрабілі сваю бабулю прапрабабкай. Зрэшты, Анастасія Фамінічна ўвогуле вельмі клапатлівая. “Калі Федзя ідзе на сяло і дзе-небудь затрымліваецца, хвалююся за яго”, – прызнаецца яна. “Так і ёсць. А потым яшчэ і натацыі чытае, выхоўвае!” – “скардзіцца” Фёдар Дзмітрыевіч, але нічога не зробіш – дзеці для маці застаюцца дзецьмі, нават калі ім ужо за 70…
“Пяць год таму, калі святкавалі апошні мой юбілей, госці казалі: жыві, бабуля, яшчэ адну пяцігодку, каб мы зноў тут сабраліся. Так вунь яно і атрымалася. Відаць, маё сэрца з жалеза зроблена”, – усміхаецца на развітанне гаспадыня. Хутчэй, з золата – кажу ёй. Не хочацца пакідаць гэтую ўтульную хату, але трэба, бо жанчына стамілася: узрост усё ж дае аб сабе ведаць, а мы, вядома, далёка не адзіныя, хто мусіць завітаць да яе ў гэтыя дні. Доўгажыхарка прымала віншаванні і падарункі ад родных і блізкіх, ад старшыні сельвыканкама Л.Я.Птушкі, плануецца нават візіт работнікаў РАУС з мэтай урачыстага ўручэння ёй новага пашпарту. Адзінае, што хочацца сказаць напрыканцы – шаноўная Анастасія Фамінічна, вялікі Вам дзякуй за прыклад, які Вы падаеце ўсім нам, і, калі ласка, жывіце яшчэ як мінімум пяцігодку. Вельмі ўжо хочацца наведацца да Вас яшчэ раз.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *