Уголовное дело за незаконное хранение наркотических средств

Закон - один для всех

Прыём грамадзян – заўсёды не проста афіцыйнае мерапрыемства: за кожным зваротам стаіць пэўная жыццёвая гісторыя, часам няпростая і супярэчлівая. Разабрацца ў сітуацыі аб’ектыўна, знайсці падыход да чалавека і даць яму кампетэнтны, вычарпальны адказ – задача, пагадзіцеся, не з лёгкіх. Тым больш, калі звароты гэтыя датычацца бяспекі саміх жа грамадзян.

Так, напрыклад, нядаўна на прыём грамадзян ва Ушацкі РАУС прыйшла жанчына, якая паведаміла аб тым, што ў адным з закінутых дамоў на тэрыторыі іх населенага пункта нядаўна пасяліліся падазроныя людзі, якія часам паводзяць сябе не зусім адэкватна. Ёсць падазрэнне, што не абыходзіцца там без ужывання наркатычных сродкаў. Адчуваць сябе спакойна ў такой абстаноўцы мясцовыя жыхары не могуць, бо ніколі не ведаюць, чым можа закончыцца справа. Вось і вырашылі звярнуцца за дапамогай у праваахоўныя органы.
Работа са зваротамі грамадзян у аддзеле міліцыі на тое і арганізавана, каб праверыць паступіўшую інфармацыю, высветліць акалічнасці справы і, безумоўна, прыняць адпаведныя меры. А таму адразу пасля візіту жанчыны было вырашана звярнуцца ў пракуратуру за атрыманнем санкцыі на агляд дома названых грамадзян. Як аказалася, хваляванні жыхароў вёскі былі недарэмныя. У доме, дзе знайшлі сабе часовы прытулак двое мінчан, супрацоўнікамі міліцыі было знойдзена 295 грамаў марыхуаны. Наркотык мужчыны выкарыстоўвалі для асабістых патрэб. Па факце незаконнага захоўвання наркатычных сродкаў узбуджана крымінальная справа.
Гэта толькі адзін з прыкладаў, калі грамадзяне не застаюцца ўбаку ад праблем, якія існуюць навокал, звяртаюцца ў праваахоўныя органы, тым самым дапамагаючы прадухіліць незаконную дзейнасць зламыснікаў. Таму яшчэ раз хацелася б папярэдзіць жыхароў раёна, каб яны былі больш пільнымі. Калі вы заўважылі падазроную асобу ці сталі сведкай якога-небудзь правапарушэння, адразу паведамляйце ўчастковаму інспектару, звяртайцеся да старэйшыны вёскі, тэлефануйце ў сельскі выканаўчы камітэт ці ў раённы аддзел унутраных спраў па тэлефоне 102. Можна таксама прыйсці на прыём да супрацоўнікаў РАУС і задаць пытанні, якія вас хвалююць, атрымаць падрабязную кансультацыю. Памятайце: калі своечасова звяртацца ў міліцыю, злачынствы будуць выяўляюцца хутчэй і злодзеі панясуць заслужанае пакаранне.
С.ПЛІКАТ,
намеснік начальніка Ушацкага РАУС – начальнік папярэдняга расследавання.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *