Юные таланты Ушаччины: рассказываем об итогах районного этапа республиканской олимпиады школьников

Образование и молодежь

Якія дысцыпліны больш падабаюцца школьнікам Ушаччыны? Хто з юнакоў і дзяўчат дэманструе па іх лепшыя вынікі? Адказы на гэтыя пытанні даў нядаўні раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 8-11 класаў. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі раёна. Прычым, выпрабаваць свае сілы яны маглі адразу па двух з 14 прадметаў.

У ліку лепшых філолагаў – традыцыйна адны дзяўчаты. Так, па рускай мове і літаратуры не было роўных дзесяцікласніцы Анастасіі Клачок (настаўнік – Л.Трафімава) і Ксеніі Шчукінай (А.Правада) з Ушацкай школы, адзінаццацікласніцы Анастасіі Танане (Н.Корань) з Арэхаўскай – у іх дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені адпаведна. К.Шчукіна і А.Танана атрымалі таксама “срэбра” ў беларускай (І.Леснічэнка, А.Кашко). Такі ж вынік – у дзевяцікласніцы Арыны Апёнак (Ушацкая СШ, І.Леснічэнка) і вучаніцы 10 класа Анастасіі Сяліцкай (Глыбачанская СШ, А.Герцык). “Бронза” – у будучай выпускніцы з райцэнтра Надзеі Раманоўскай (В.Кухта).

Па плячы навучэнцам з Ушацкай СШ англійская мова: дыплом ІІ ступені – у адзінаццацікласніцы Паліны Салаўёвай, ІІІ – у яе аднагодкі Таццяны Кілінай і дзесяцікласніцы Яраславы Ліпаўкі (І.Маслоўская). А таксама грамадазнаўства: у адзінаццацікласніцы Вікторыі Паршонак (У.Хамёнак) і дзесяцікласніка Яраслава Северына (М.Міхайлава) – дыпломы І ступені, у вучаніц Марыны Уладзіміраўны з 10 класа Анастасіі Ларчанкі і Дзіяны Маслоўскай – “срэбра”.

Заявілі пра сябе юныя географы. На рахунку вучаніцы 9 класа Святланы Карпенкі (М.Малаткавец) з Ушацкай СШ і адзінаццацікласніка Івана Філімонава (Вялікадолецкая СШ, А.Жук) – узнагароды ІІІ ступені.

На алімпіядзе па працоўным навучанні “срэбра” і “бронза” адпаведна – у дзевяцікласнікаў з Ушач Станіслава Сісковіча (Д.Дрозд) і Анастасіі Папко (А.Жарнасек).

Па гісторыі ўзнагароды вышэйшай “пробы” – у дзесяцікласніцы Паліны Аўласенкі (М.Міхайлава) і адзінаццацікласніцы Вікторыі Паршонак (У.Хамёнак) з Ушацкай СШ, у равесніка апошняй Марата Лёлі (Арэхаўская СШ, Л.Булаўка) – “бронза”.

Не падвялі свайго настаўніка па фізіцы В.Герцыка вучні 9 і 10 класаў з Ушач Ілья Крахотка і Анастасія Лёля – у іх дыпломы ІІІ ступені, а таксама адзінаццацікласнік Цімафей Ганчаронак – ІІ.

Увесь п’едэстал пераможцаў алімпіяды па хіміі таксама прадстаўлены вучнямі Ушацкай СШ. “Срэбраны” вынік у дзевяцікласніка Паўла Шайтара і адзінаццацікласніка Кірыла Шука (А.Марозава), “бронзавы” – у вучаніцы 10 класа Ганны Качко (Л.Струй).

“Золата” па матэматыцы атрымалі васьмікласніца Уладзіслава Урбан (А.Храпавіцкая) з Ільюшынскай школы, дзевяцікласніца Ірына Коршун (І.Каваленка) і дзесяцікласніца Аліна Хамёнак (Н.Герцык) з Ушацкай. “Срэбра” дасталася васьмікласніку Паўлу Маковічу, дзесяцікласніцы Анастасіі Ларчанка і адзінаццацікласніку Цімафею Ганчаронку, “бронза” – вучням 8 і 9 класаў Марыі Струй і Аляксандру Калясінскаму, якіх падрыхтавалі прыгаданыя ўшацкія педагогі.

Удалай для траіх вучняў 11 класа стала алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі. Дыпломы ІІ ступені заваявалі Мікіта Мажайскі і Кірыл Праннік (У.Магілін) з Арэхаўна, ІІІ – Алена Магерка (В.Гугін) з Ільюшына.

Ну а рэкорд – ажно 9 узнагарод – паставілі юныя біёлагі, восем з якіх – з Ушацкай СШ. “Золата” заваявалі вучаніцы 10 і 11 класаў Дзіяна Булаўка і Ксенія Барысёнак, “срэбра” – дзевяцікласніца Вікторыя Байцова, дзесяцікласніца Ганна Качко, адзінаццацікласніца Паліна Юркевіч, “бронзу” – вучаніцы 9, 10 і 11 класаў Дар’я Жахоўская, Ульяна Міхаль і Вікторыя Пятніца. Дыплом ІІІ ступені і ў дзесяцікласніцы Ганны Савінай (Вялікадолецкая СШ, В.Шышоў).

* * *

Напачатку 2025 года ў школьнікаў – абласны этап алімпіяды. Да ўдзелу ў ім запрошаны Ксенія Барысёнак – па біялогіі, Павел Шайтар, Ганна Качко і Кірыл Шук – па хіміі, Анастасія Клачок – па рускай мове і літаратуры. Пажадаем юным інтэлектуалам новых перамог!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *