Белгосстрах в Ушачском районе: вызовы, достижения и новый взгляд на страхование в условиях стихийных бедствий

Общество

Ці ёсць на Ушаччыне чалавек, якому не даводзілася звяртацца ў Белдзяржстрах? Напэўна, такія шчасліўчыкі знойдуцца. Аднак і яны не скажуць, што дарэмна патрацілі сродкі. Стыхіі паўтараюцца ўсё часцей, быццам самі страхоўшчыкі заключылі дагавор з нябеснай канцылярыяй, каб пераканаўчымі былі довады. Пра тое, чым адметны год, мы гутарылі напярэдадні прафесійнага свята з начальнікам аддзела па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне А.П.СЕВЕРЫНОЙ.

– Алена Пятроўна, ці стала прасцей працаваць?

– Наадварот, з кожным годам усё складаней, бо насельніцтва становіцца меней, а плошча застаецца нязменнай. Па адным чалавеку ў Пола ці Стараселлі, але да іх усё роўна трэба дайсці. Таму, калі летась на заслужаны адпачынак пайшло 4 работнікі, рашылі іх зоны абслугоўвання разбіць паміж астатнімі, і тым самым даць людзям магчымасць больш зарабіць. Такім чынам зараз у нас 7 замест 11 агентаў. Тым не менш, “страхавы партфель” мы ўтрымліваем – не скарачаем агульную колькасць дагавораў. Рэзервы былі і ёсць, не ўсе ж маюць поліс ад затаплення кватэр ці пашкоджання помнікаў на могілках. Ёсць такі жарт, страхавы агент як і Астап Бэндар павінен валодаць мінімум 500 спосабамі мірнага адымання грошай у насельніцтва. Так, нас ацэньваюць па колькасці заключаных дагавораў. І кожны год нашы работнікі адзначаюцца. Сёлета Падзяку Віцебскага філіяла Белдзяржстраха атрымаў Іван Дзмітрыевіч Пугачоў.

– Ураганы з вельмі адчувальнымі ўронамі два гады запар. Ці стала больш жадаючых заключаць дагаворы добраахвотнага страхавання?

– Канечне, ёсць кліенты, якія зрабілі гэта ўпершыню, як і тыя, што павялічылі страхавую суму. Але хапае і такіх, у каго нерухомасць вельмі пацярпела сёлета, атрымалі толькі палову сумы ўрону, паколькі не было прыгаданага поліса, аднак мяркуюць, што двойчы ў адну і тую ж варонку снарад не трапляе. Я прывяду красамоўную лічбу: у нас 4300 дагавораў па добраахвотным страхаванні нерухомасці і толькі 3 тысячы – па абавязковым. Бачна, наколькі яна перавышае колькасць уладальнікаў, якіх мець справы з Белдзяржстрахам абавязвае закон. Але ў гэтым заслуга найперш нашых агентаў, якія змаглі патлумачыць як пастаянным жыхарам, так і дачнікам, што поліс дарэчы і ад ветру, і ад злодзеяў.

– У ліпені адначасна на вас абрушыўся шквал званкоў. Ці прыбягалі да пабочнай дапамогі?

– Нам прапаноўвалі, аднак прыйшлося адмовіцца, паколькі выязджаць на месца і ацэньваць урон усё роўна давялося б толькі двум спецыялістам, уключаючы мяне. Таму месяц працавалі без выхадных, значна павялічыўшы і свой рабочы час. Хачу падзякаваць ушачанам, якія з разуменнем ставіліся да таго, што ў той жа дзень даехаць да ўсіх не маглі – паступіла 265 заяў і пацярпелыя атрымалі больш 130 тысяч рублёў. А ў жніўні пачалі дапамагаць калегам з Рэчыцкага раёна. Наколькі напружаным выдаўся ліпень можна лічыць па тым, што пазней кіраўніцтвам Белдзяржстраха прынята распараджэнне па рабоце пры надзвычайных сітуацыях, у якім дазваляецца прыцягваць да агляду ўрону аб’ектаў страхавых агентаў, а таксама павялічваць рабочы дзень. Гэта ў сваю чаргу дапаможа скараціць тэрміны разгляду заяў кліентаў і аблегчыць нашу працу ў падобных умовах у будучым.

– Назавіце самыя распаўсюджаныя прычыны страхавых выплат сёлета.

– З-за моцнага ветру – 320, для параўнання – летась, калі таксама прайшоўся ураган, было толькі 180. Дзесяці кліентам кампенсавалі ўрон па прычыне пажару, 54 – з-за аварыі ацяпляльнай сістэмы, 167 – па няшчасных выпадках, 11 – па “Аўтакасцы”, дарэчы, палова з усіх заключаных па гэтым відзе дагавораў.

– Новыя ўмовы звычайна дыктуюць і новыя віды страхавання?

– Так, напрыклад, з’явілася “міні-аўтакаска”, больш танная, у якой прадугледжана толькі дзве прычыны кампенсацыі ўрону пашкоджанага аўто – стыхія і сутыкненне са зверам. Страхуем ад крадзяжу і іншых супрацьпраўных дзеянняў банкаўскія карткі ўладальнікаў, партатыўныя ўстройствы, электрасамакаты, сігвеі і грамадзянскую адказнасць іх уладальнікаў. Новых відаў шмат.

– Ваша прафесійнае свята прыпадае на канец года, калі бачны вынікі і лёгка адзначыць лепшых.

– Давялося б пералічыць усіх, паколькі няма работнікаў, якія б не спраўляліся. У нашай галіне застаюцца тыя, хто прайшоў прафадбор часам, выпадковыя адсейваюцца пасля некалькіх месяцаў. Таму падзякаваць і павіншаваць хачу ўсяму калектыву, непадзельнай часткай якога лічым і нашых ветэранаў. Жадаю ўсім моцнага здароўя, стабільнасці, міру, дабрабыту ў сем’ях і працвітання. Няхай побач заўсёды будуць настрой і ўдача, а поспех і дастойныя мэты суправаджаюць вас ва ўсіх пачынаннях.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *