На базе ФОК «Юность-Ушачи» прошла межрайонная спортландия среди людей с инвалидностью «Спорт равных возможностей»

Cпорт

Такі выраз на мінулым тыдні стаў дэвізам міжраённай спартландыі “Спорт роўных магчымасцяў”, што да Дня інвалідаў традыцыйна ладзілася на Ушаччыне. З самага ранку на спарткомплекс спяшаліся асаблівыя ігракі – людзі з інваліднасцю, валанцёры – нашы землякі, прадстаўнікі Глыбокага, Шуміліна. І хаця перамагчы, канечне, хацеў кожны – сабраліся найперш для таго, каб цікава правесці час, падзяліцца навінамі, павесяліцца.

Азарту, удачы ў праходжанні выпрабаванняў пажадалі ўдзельнікам падчас урачыстага адкрыцця спартландыі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Полацкай сельскай выбарчай акрузе №28 Аляксандр Стома, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Ягораў.

Атмасфера ў зале была ў гэты дзень, сапраўды, асаблівая. Трэба было бачыць, як усе шчыра парадаваліся, калі ў імправізаваным боўлінгу ўшачанін Дзмітрый Голік выбіў “страйк”, як у яшчэ адным конкурсе на трапнасць прадстаўніца шумілінскай каманды набрала максімальныя чатыры балы (затое адразу ў траіх нашых землякоў – Артура Дробата, Сяргея Бурца і Сяргея Касіча – было па два), як феерылі глыбачане, кідаючы дроцікі ў паветраныя шары. Апошняе выпрабаванне, дарэчы, было адным з самых захапляльных. Пры ўяўнай прастаце задачы паддавалася яна не ўсім, ды і спачатку склалася аднолькава для дзвюх каманд, у тым ліку нашай – давялося дадаткова выпрабоўваць ігракоў, павялічваючы адлегласць да мішэні. “Толькі паглядзіце, як ушачане скачуць, – ажно на метр сапернікаў апярэдзілі! – не хавалі эмоцый балельшчыкі. – А як з фіт-мячом спраўляюцца!”

Па выніках усіх баталій нашы землякі заваявалі “срэбра”, першынствавалі ж прадстаўнікі Глыбокага, “бронза” – у шумілінцаў. Нягледзячы на розную колькасць набраных балаў, несумненна, перамагло сяброўства! Сваёй бадзёрасцю, сілай духу кожны даказаў, што любыя выпрабаванні лёсу можна і варта пераадолець.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі дыпломы, салодкія падарункі ад сектара спорту і турызму райвыканкама, ТЦСАН і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Яркіх уражанняў мерапрыемству дадалі вакальныя нумары ад культработнікаў Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *