Ушачская детская школа искусств отметила своё 55-летие

Культура

“Самыя падрыхтаваныя навучэнцы Наваполацкага музычнага каледжа – ушацкія. А яшчэ і самыя патрыятычныя.

Кожныя выхадныя яны абавязкова імчаць дамоў, а па заканчэнні ахвотна вяртаюцца працаваць у родную школу. Я вам заўсёды па-добраму зайздрошчу”. Гэтыя словы дырэктара музустановы Наталлі Молісавай насамрэч адлюстроўваюць галоўную сутнасць 55-гадовага адрэзку нашай “музыкалкі”, што змуравана на амбіцыйных прафесіяналах, патрыётах, якія ўзялі самую высокую ноту і трымаюць яе. Канечне, сімвалічна, што прыгожы, з дзвюх пяцёрак юбілей прыпаў на Год якасці.

Хор ДШМ і яго кіраўнік Ж.Савіцкая, вядучая В.Полазава

Заснавана Ушацкая музычная школа 1 жніўня 1969 года і з таго часу атэстаты атрымалі 1485 выпускнікоў.

У фае – выставы з архіўных здымкаў, фотазоны, іграе скрыпач. І сцякаюцца госці: бацькі сённяшніх навучэнцаў, выпускнікі, былыя настаўнікі. Цэнтральная асоба, канечне, Любоў Пятроўна Власенка – ствол ушацкага музычнага дрэва з дзясяткамі галін паслядоўнікаў і сотнямі лісткамі навучэнцаў. Першыя яе выпускнікі, 1974 года, Сяргей Васільевіч Парашкін і Наталля Маркаўна Шарыпенка праз чатыры гады вернуцца ва Ушачы, каб таксама выкладаць баян. А на святочную сцэну ў гэты вечар выйдзе “праўнучка” Любоў Пятроўны Карына Бучынская. Хаця ніякіх роднасных адносін паміж імі няма, такі статус прымяніць дарэчы, паколькі выпускніца музычнага каледжа вучылася ў Алесі Анціпавай, якая абрала прафесію па слядах свайго настаўніка С.Парашкіна. І такіх ланцужкоў у нашай школе шмат. Бо сённяшнія цымбалісты Наталля Тарасенка і Ірына Коршун – паслядоўніцы Людмілы Аляксееўны Цыунчык, балалаечнікі Галіна Хвошч, Анжэла Іванова – Святланы Мікалаеўны Хамёнак і Генадзя Пятровіча Савіцкага, дамрысты Ніна Жукава, Валерыя Васькевіч – Маргарыты Андрэеўны Грынберг, тэарэтык Вольга Полазава – Жанны Віктараўны Савіцкай і Таццяны Васільеўны Грак, піяністы Святлана Валова, Людміла Сляцкая – “дачка” і “ўнучка” Г.М.Какашынскай. Дарэчы, у Галіны Міхайлаўны самая вялікая колькасць выхаванцаў, бо выкладае ў школе яна без малога паўвека.

А.Герцык, І.Коршун, У.Хвошч.

Школа мастацтваў была і застаецца цэнтрам культурнага жыцця раёна. Пад кіраўніцтвам Л.А.Власенкі званне народны атрымаў у свой час хор ПМК-66, на “ўра” праходзілі пастаноўкі музычнага тэатра (Т.В.Грак), шэсці ўшачан адкрываў духавы аркестр, няма свабодных месцаў на любы канцэрт “музыкалкі” і зараз.

І.Пузатка.

Вырасціць свае кадры, каб было больш аддзяленняў – такой была мэта першага дырэктара Леаніда Аляксандравіча Власенкі, мясцовага апантанага музыканта, пры якім за 25 год кіраўніцтва сціплую тройку – баян, фартэпіяна, цымбалы – дапоўнілі акардэон, скрыпка, балалайка, домра, харавое і мастацкае аддзяленні, духавы аркестр. І ва ўсіх будуць выкладаць свае выпускнікі. З 1988 года і новы статус школы – мастацтваў. А праз дзесяцігоддзе яго паслядоўнік С.Парашкін адкрые першае ў краіне (!) эстраднае аддзяленне, а ў 2001-м лічбавае, і з такім жа энтузіязмам больш чвэрці века будзе імкнуцца пацвярджаць выснову, што ўшацкія – лепшыя.

Г.Какашынская, Н.Іванова.

Безліч перамог на самых розных конкурсах, у тым ліку двойчы на самых прэстыжных для народных інструментаў – імя Жыновіча, званне “Узорны” для аркестра, хору і квартэта “Натхненне”, прэзідэнцкія стыпендыяты, адбор на “Славянку” – гэта УШАЦКАЯ ШКОЛА, прычым, у шырэйшым, чым назва ўстановы, сэнсе. Гэта наш брэнд. І заставацца ім жадала ў сваім выступленні былая загадчыца фартэпіяннага аддзялення Вера Эдуардаўна Кароткая.

За гэты час вырасла і шмат сямейных дынастый. Дзмітрый Власенка выкладае ў Наваполацкім каледжы, закончыла яго Ганна Кароткая і завяршае навучанне Ульяна Хвошч. З музыкай звязалі свой лёс дзеці аранжыроўшчыка народнага ансамбля “Камарыкі” Уладзіміра Тарасевіча і таксама баяністаў Аляксандра і Ігара Сідарчукоў. Дачка Маргарыты Андрэеўны Грынберг Вікторыя прадстаўляла на свяце калег з Лепельскай ДШМ.

Н.Пашкевіч, Г.Седзін, Л.Дабравольская.

• Ларыса Літвінава (Касцючэнка): “Я вучылася іграць на акардэоне, але ў канцы другога класа не аказалася настаўніцы і замяняла Л.П.Власенка, яна ж выбірала і хатняе заданне на лета. Ніколі не забудуся, як прыйшла да яе дамоў са сшыткам з п’есамі, Любоў Пятроўна няспешна перагледзела ўвесь і спыніліся на рускай польцы і венгерскім танцы. Яна імкнулася перадаць мне сваё захапленне музыкай і падабраць нешта цікавае і па сілах. У аркестры, калі тэрмінова даверылі альт-гітару, першай настаўніцай таксама аказалася яна. На мяне, вучня дадатковага, яна не шкадавала часу, як і на тых, у каго вяла спецыяльнасць. Відаць, другарадных проста не было”.

Афіцыйная частка свята традыцыйна складалася з віншаванняў і ўзнагарод. Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак уручыла Ганаровую грамату райвыканкама школе, Лісты-падзякі – Алене Міхайлаўне Падворнай і Вользе Уладзіміраўне Чумаковай, Падзяку райсавета – М.А.Грынберг. Дырэктар навучальнай установы Наталля Вячаславаўна Іванова атрымала і сімвалічны падарунак ад музея – захавальнік фондаў Святлана Канстанцінаўна Турло падарыла ўстанове карціну Дзям’яна Уладзіміравіча Крупені, чыё імя з нядаўняга часу яна носіць. Загадчык сектара культуры райвыканкама Лідзія Міхайлаўна Шкаруба ўручыла ўзнагароды выкладчыкам Г.П.Савіцкаму і Г.А.Бабянок. Ну а сольная частка канцэрта складалася пераважна з выступленняў ушацкіх навучэнцаў і выкладчыкаў наваполацкай альма-матар: прыехалі загадчык аддзялення, а ў былым таксама педагог нашай школы па класе флейты Ірына Уладзіміраўна Пузатка, канцэртмайстар Ганна Сяргееўна Смык, выпускніца Аліна Герцык, навучэнка Ксенія Хамёнак.

Ніколі не адмаўляюцца ад запрашэнняў былыя выкладчыкі Іна Веньямінаўна Сідарчук і Святлана Васільеўна Каплеўская. Разам з педагогамі на сцэне стаялі і тэхнічныя работнікі-ветэраны Л.І.Мошкіна, В.Г.Федарэнка, Р.П.Лазарава, якія, дарэчы, ведалі кожнага вучня і не давалі занадта дурэць на перапынках.

А вось пераможца конкурсу імя Жыновіча, стыпендыятка спецыяльнага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Людміла Дабравольская перад пачаткам мерапрыемства спецыяльна ішла ў кабінет сваёй настаўніцы Наталлі Генадзьеўны Пашкевіч. Яна не вучылася ў новай школе і хацела параўнаць умовы. “Ух ты, нават маленькі акардэон”, – вылучыла вокам меншы разы ў тры. Іх так не ставала, калі худзенькія дзяўчаткі “хаваліся” за інструментам і не хапала сіл расцягнуць мяхі. “Зусім нядаўна атрымалі”, – задаволена патлумачыла настаўніца і пазнаёміла з гітарыстам Германам Седзіным – таксама сваім вучнем. Юнак вучыўся ў М.А.Грынберг ігры на домры, але аддаў перавагу дадатковаму інструменту.

Сёлета не толькі школа святкуе круглыя даты: 40 год існуе і 20 носіць званне Узорны ансамбль народных інструментаў, якім кіруе М.А.Грынберг. Чвэрць века таму адкрылася харэаграфічнае аддзяленне з бяззменным выкладчыкам Наталляй Веньямінаўнай Корневай.

Цяперашні чацвёртакурснік Наваполацкага музычнага каледжа хутка стане дыпламаваным выкладчыкам. Вось так 55 год школа расціць свае кадры, пастаўляе іх у іншыя музустановы краіны. Намнога лепшымі сталі ўмовы, і нязменнымі засталіся традыцыі якасці. Вось і на канцэрце варта было пабываць, каб убачыць выступленне аднаго толькі хору. Спецыяльна напісала пабачыць, а не пачуць, столькі было энергетыкі ў кожным нумары. Здавалася б не конкурс, не сталіцы пакараюцца, аднак так – з поўнай аддачай – рыхтуецца кожны канцэрт.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *