У сераду ва Ушачах у рамках рэспубліканскага кірмашу вакансій для грамадзян “срэбранага ўзросту” і інвалідаў спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама правялі адпаведнае раённае мерапрыемства.
Прадстаўнікі адразу 10 прадпрыемстваў і арганізацый (у іх ліку – усе гаспадаркі раёна, лясгас, ТЦСАН, філіялы аблспажыўтаварыства і ААТ “Магатэкс”, цэнтр культуры і народнай творчасці) прадставілі ажно 77 вакансій на розны ўзрост і ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі.
Усе жадаючыя мелі магчымасць атрымаць кансультацыі спецыялістаў па пытаннях пенсійнага і працоўнага заканадаўства, складанні рэзюмэ. Намер знайсці сабе справу па душы ў той дзень выказалі 12 жыхароў раёна, трое з іх дамовіліся з наймальнікамі аб далейшым працаўладкаванні.
* * *
Прапаноўвалі вакансіі беспрацоўным і на выязным пасяджэнні камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якое прайшло ў Жарскім сельвыканкаме. З’явіліся на пасяджэнне толькі трое жыхароў сельсавета і тыя па настойлівай рэкамендацыі крымінальна-выканаўчай інспекцы РАУС, хоць як заўсёды запрошана было намнога больш грамадзян. Усім прапаноўвалі некалькі варыянтаў працаўладкавання. Адзін з мужчын адразу паскардзіўся на здароўе і заявіў, што працаваць не будзе. Астатнія прыдзірліва разбіралі прапанаваныя вакансіі. Напрыклад, ёсць магчымасць ўладкавацца ў ААТ «Ільюшынскі» – кіраўніцтва прадпрыемства заявіла аб гатоўнасці прыняць новых працаўнікоў. Аднак запрошаных на камісію сельскагаспадарчыя спецыяльнасці не задаволілі, маўляў, там складана. А вось аб варыянце ўладкавацца ў суседні раён на вытворчасць па перапрацоўцы рыбы задумаліся.
На кожным з пасяджэнняў камісіі, а праводзяцца яны не меней двух разоў за месяц, незанятым у эканоміцы прапаноўваецца работа, галоўнае – іх жаданне працаваць.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ, В.КАМАРКОВА.