Праект “50 пытанняў даросламу”, арганізаваны сектарам дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі, набірае абароты. На дыялог са старшакласнікамі на гэты раз прыйшоў благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі Аляксандр Таляронак. І ніхто нават не пачуў двух званкоў, што нагадвалі аб рэгламенце: настолькі цікава было абодвум бакам.
Спачатку бацюшка расказаў пра сябе. Нарадзіўся ў Докшыцкім раёне, скончыў Круляўшчызненскую школу, паўтара года служыў у арміі. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Мінскай семінарыі, першакурснікам-магістрантам Духоўнай акадэміі з’яўляецца і зараз. Нядаўна яму споўнілася 42 гады, 18 з якіх служыць у Полацкай епархіі і 11 – ва Ушацкім благачынні. Хаця дапамагаць бацюшкам у службах пачаў яшчэ з 6 класа.
– Ці верыце Вы ў цуды?
– Веру і бачыў яго зусім нядаўна. Акрамя прыходаў ва Ушацкім раёне займаюся аднаўленнем помніка архітэктуры храма-ўсыпальніцы Рымскіх-Корсакавых у Полацкім. Праходзіла рэгістрацыя храмаў, а даных, чыё імя ён насіў, адшукаць нідзе не маглі. І вось напярэдадні ў фундаменце знаходзім капсулу з закладкі царквы Аляксандра Неўскага.
– Ці слухаеце Вы рок?
– Так. Мая любімая група “Любэ” і песні Аляксандра Градскага, які з’яўляецца заснавальнікам рускага року. Не слухаю на замежнай мове, бо хоць і нядрэнна ведаю англійскую, але не настолькі, каб адразу ўлавіць змест. Ніколі не ўключаю ў машыне музыку ў асаблівыя памінальныя пасты і перад службай, калі толькі духоўную, каб настроіцца. Я скончыў музычную школу, магу ўзяць у рукі гітару, люблю спяваць.
– Кім Вы захапляецеся?
– Адна з запаведзяў гаворыць: “Не ўтвары сабе куміра”, таму захапляцца не варта нікім і нічым. А паважаю людзей з энцыклапедычнай памяццю, такіх як протаіерэй Уладзімір Башкіраў ці мой былы настаўнік Віталь Кірылавіч Антонік.
– Як Вы праводзіце вольны час?
– Люблю слясарнічаць, сталярнічаць, наогул, асвойваць нешта зусім новае. Нядаўна змайстраваў камін, печ і вельмі абрадаваўся, што дым не пайшоў у дом. Але калі вельмі стамлюся, магу і проста паляжаць на канапе.
– Ці лічыце ляноту грахом?
– Яна і ёсць грэх, паколькі адведзены нам час мы трацім марна. І ні аб чым больш потым так не шкадуеш, як аб недаатрыманых з-за ляноты ведах ці навыках.
– На што, на Ваш погляд, неразумна траціць грошы?
– Нядаўна знаёмыя, у якіх 10 дзяцей, устроілі свята з феерверкам, за некалькі хвілін на вецер вылецелі сотні рублёў. Так, гэта прыгожа, аднак усё ж неразумна, калі потым не хапае на неабходнае.
– Ці атрымліваеце Вы зарплату і ці карыстаецеся картамі і інтэрнэт-магазінамі?
– Канечне. У мяне сям’я, чацвёра дзяцей, зразумела, што патрэбны грошы. Толькі зарплата свяшчэннаслужыцеля невялікая – гэта частка ахвяраванняў прыхаджан. Анлайн-пакупкі здзяйсняю, напрыклад, на Wildberries адшукаў нядаўна патрэбную мне кнігу.
– Як ставіцеся да фізічнага пакарання ў выхаванні дзяцей?
– Народная мудрасць гаворыць, што бацька, які любіць свайго сына, не павінен шкадаваць розгі для яго. Той жа, хто не любіць – балуе. Можна часта бачыць, як дарослыя ходзяць за малым і паўтараюць як папугаі: “так не рабі”, а эфекту ніякага. “Розгай” можа быць і вугал, і забарона на што-небудзь. Толькі два абавязковыя “але”: без агрэсіі, і дзіця павінна ведаць, за што яго караюць.
– Вашы адносіны да вегетарыянства?
– Падыміце рукі, хто любіць шашлык? (Практычна ўсе паднялі). Я таксама, хаця ў пасты не ўжываю мясных і малочных страў. Бог благаславіў усю ежу, і лічу, што выключаючы нешта, арганізм недаатрымлівае пэўных рэчываў. Аднак, мы самі выбіраем сваё жыццё. Дай Бог, каб кожны з вас знайшоў ісціну і пражыў па духоўных і грамадзянскіх законах, якія, дарэчы, вельмі падобныя.
Мы апусцілі адказы наконт таго, хто такі анёл, чаму так цяжка прасіць прабачэння, а на Вялікдзень фарбуюць яйкі, а таксама іншыя звязаныя з рэлігіяй пытанні, бо складана адказаць на іх лаканічна. Мабыць таму за адведзеную гадзіну вучні задалі іх толькі 28.
Вольга Караленка.