Многія думаюць, што ў юрыста, які не займаецца судовымі працэсамі, а значыцца ў якой-небудзь арганізацыі, спраў і адказнасці няшмат. Памыляюцца! Вырашаць цікавыя задачы, галаваломкі, канечне, даводзіцца, і ўсё ж значна часцей – гэта карпатлівая работа з людзьмі, з тысячамі папер і дакументаў, вялікім аб’ёмам прававой інфармацыі.
Прафесію служыцеля Феміды абрала справай жыцця наша зямлячка Наталля Віктараўна Кляпец (на здымку). Пасля заканчэння Ушацкай школы ў Мінскім гандлёвым каледжы, а пасля Полацкім дзяржуніверсітэце атрымала юрыдычную адукацыю. Кар’еру ж пачынала на агароднінасушыльным заводзе, набіралася вопыту ў ААТ “Ільюшынскі”, аддзеле арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама і ўжо пяты год працуе юрысконсультам Ушацкай ЦРБ.
– Чым даўжэй займаюся такой справай, тым больш яе люблю, – прызнаецца Наталля. – Канечне, складана (трэба арыентавацца ў нормах заканадаўства, быць у курсе ўсіх змен), але вельмі цікава. Кожны дзень прыносіць новы вопыт і прафесійныя веды.
Трэба тэрмінова пастаўку хлеба на харчаблок павялічыць, пяску на рамонт ФАПа падвезці… Пакуль гутарылі з Н.Кляпец, з якімі толькі пытаннямі не заходзілі да яе калегі. Яшчэ больш – тэлефанавалі, прасілі штосьці ўдакладніць, пракансультаваць. Спакой адзінаму на сістэму аховы здароўя Ушаччыны юрысконсульту, сапраўды, можа толькі сніцца. У ліку яе абавязкаў – дзелавая перапіска, заключэнне дагавораў на закуп тавараў, тэхнічнае абслугоўванне медабсталявання, прэтэнзійная работа, даводзіцца ўдзельнічаць і ў судовых пасяджэннях.
– Паколькі ў большасці сваёй даводзіцца мець справу з вузкімі медыцынскімі пытаннямі, параіцца з мясцовымі спецыялістамі не атрымліваецца. Але ж вопыт, карысныя знаёмствы пры патрэбе выручаюць – звязваюся з віцебскімі калегамі, вывучаю новаўвядзенні на афіцыйных электронных пляцоўках, – расказвае ўшачанка.
З кастрычніка бягучага года Н.Кляпец узначальвае прафсаюзную пярвічку свайго калектыву, паспявае і ўдзельнічаць у культурна-масавых мерапрыемствах установы, раёна.
Ці хацела калі-небудзь змяніць прафесію? Адназначна не, ды і цяперашняга наймальніка, калі нядаўна спрабавалі пераманіць у іншую арганізацыю, падводзіць не стала.
– Адзінае, да чаго разам з юрыспрудэнцыяй дакладна ляжыць душа, – дык гэта кветкі, дэкаратыўныя расліны, вырошчваннем якіх актыўна займаюся, – расказвае Наталля. – Так што і дома, і на рабоце без справы не застаюся, пры гэтым адчуваю сябе напоўненай, запатрабаванай і
шчаслівай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.