Новый микрарайон в Ушачах: мнения жителей посёлка

Общество

Якім быць нашаму пасёлку? Як зрабіць, каб усім было зручна і камфортна жыць? Пытанні гэтыя далёка не рытарычныя, паколькі ў многім залежаць ад нас. Давайце будзем прымаць больш актыўны ўдзел ва ўсім, што адбываецца навокал. А сёння мы прапануем ушачанам выказаць свае меркаванні наконт новага мікрараёна індывідуальнай забудовы, які мяркуецца закласці на былым аэрадроме, паміж вуліцамі Надзеі Касцючэнкі і Віцебскай.

Крыху пра сам аб’ект, які на схеме вылучаны шэрым колерам. Праектам прадугледжана размяшчэнне дзевятнаццаці 1-2 павярховых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі і прыкладна 15 соткамі вакол кожнага асабняка. Паколькі побач праходзяць газ, цэнтральны водаправод і каналізацыя, то будучыя жыхары без праблем змогуць мець у катэджах усе выгоды. Цікавая і сама планіроўка мікрараёна – закальцаванай змейкай, у цэнтры якой размесцяцца дзіцячая пляцоўка і зялёная зона адпачынку. Мікрараён у перспектыве будзе закранаць новая дарога (аб’язная), а таксама працяг вуліцы Віцебскай і выезд на Калінінскую. Выбранае месца недалёка ад школы, блізка магазін “На Калінінскай” і запланаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс.
С.Семіоненка, старшы майстар ПМС:
– Мы з жонкай абмяркоўвалі варыянты пабудовы дома, шукалі нават участкі, і галоўнае для нас, як маладой сям’і з малым дзіцяці – гэта развітая інфраструктура, блізкасць такіх аб’ектаў, як школа, дзіцячы сад, магазін, а таксама колькасць дарог у плане бяспекі руху, калі дзіця адно будзе вяртацца са школы. Таму прывабным лічылі мікрараён “царскага сяла” і адхілілі прапановы забудовы за гаргазам, бо меркавалі, што ён размешчаны далекавата. Калі б нам у свой час прапанавалі гэты мікрараён, які значна бліжэй, то пагадзіліся б.
В.Каз’янін, жыхар вуліцы Юбілейнай:
– Для мяне прынцыпова нават не месца, а колькі сотак выдзяляецца ля дома. Бо калі нам у свой час давалі будавацца на сямі сотках – гэтага мала, нават сад нармальны не закласці, расце чатыры дрэвы, не гаворачы ўжо пра вадаём, які б таксама хацеў мець. А 15 сотак – гэта ўжо добра.
А.Шасцярэнь, жыхар завулка Е.Лось:
– У свой час нам прапанавалі пад будаўніцтва мікрараён гаргаза або ўчастак за рэчкай. Спыніліся на другім варыянце, паколькі проста не падабаецца першы мікрараён, тут жа ў нас блізка і рака, і возера. Калі б выбіраў зараз, то з задавальненнем пагадзіўся на новы мікрараён, бо галоўным лічу наяўнасць гатовых інжынерных сетак, лёгка будзе будавацца, паколькі ўсё ўжо пракладзена, побач вада, каналізацыя, газ – тое, аб чым марыць кожны і чаго не стае на сённяшні час у нашым мікрараёне індывідуальнай забудовы на левым беразе рэчкі.
А.Шаршнёў, забудоўшчык вуліцы Надзеі Касцючэнкі:
– Нам вельмі падабаецца гэты мікрараён з маладой забудовай, таму калі вызваліўся ўчастак па вуліцы Надзеі Касцючэнкі, проста ўхапіліся за яго. Перавагі відавочныя – ужо пракладзены камунікацыі, таму будавацца будзе элементарна дзешавей, месца не нізкае, сфарміраваная заасфальтаваная вуліца, нас з жонкай усё задавальняе. І лічу, што патэнцыяльныя забудоўшчыкі новага мікрараёна не пашкадуюць, што сталі суседзямі нашай вуліцы.
А нашы чытачы могуць прадоўжыць удзел у абмеркаванні месца пад індывідуальную забудову, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю па нумары 2-13-39 або галоўнаму архітэктару раёна: 2-17-09.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *