”Легендарныя партызаны” – такі раздзел створаны на сайце, у якім можна адшукаць звесткі пра ўсіх народных мсціўцаў Беларусі. І ў ім сярод 57 унікальных імёнаў, як Шмыроў, Машэраў, Арлоўскі, – наш Фёдар Фаміч Дуброўскі. Дарэчы, ён вылучаецца нават сярод самых-самых. Герояў Савецкага Саюза, да якіх належыць камбрыг, сярод удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны таксама нямала, а вось званне генерал-маёра было прысвоена толькі дзесяці кіраўнікам партызанскага руху ўсёй Беларусі. Прычым, армейскіх універсітэтаў наш зямляк не заканчваў – імі былі 4 класы, палкавая школа і ўдзел у трох войнах.
Але самая вялікая пашана – прызнанне простых людзей. “А цяпер і паміраць можна, бачыла Дуброўскага”, – хрэсціцца жанчына з натоўпу, што сабраўся спецыяльна, каб паглядзець камбрыга. Прыгожы, высокі, на шэрым у яблыках кані, ён выглядаў як былінны асілак. У шынялі ці белым паўшубку, біноклем на грудзях, жоўтай кабурой маўзера збоку, сініх галіфэ і кіцелі з залатымі пагонамі, – Фёдар Фаміч і ад падначаленых патрабаваў ахайнага выгляду. Нават сваіх любімцаў мог адчытаць: “Ты камандзір, ці так, анархія, не можаш падкаўнерчык памыць?”. Зразумела, дысцыпліна і парадак прывіты яшчэ падчас Грамадзянскай. А вось тактыку партызанскіх баёў камбрыг выпрацоўваў, зыходзячы з абстаноўкі.
На радзіме Ф.Дуброўскага ў вёсцы Замошша (цяпер у складзе Мосара) устаноўлены памятны знак, а ля Завыдрына – помнік створанаму ў сакавіку 1942 года атраду Дубава, падобны існуе і ў мястэчку Пышна. Яго імя носіць Ільюшынская сярэдняя школа.
Не ўзяць гарнізоны з каменнымі сценамі і дзотамі – не пускае людзей на штурм, але непакояць праціўніка штодня і з розных бакоў. Усяго тры гарматы, ды і сілы няроўныя, таму ўздоўж чыгункі вырастаюць стажкі, якія падпальваюцца ў час прыбліжэння цягніка, каб вораг не мог зарыентавацца, адкуль б’юць. Наогул захаванне людзей Дубаў – псеўданім, узяты яшчэ ў падполлі, каб не наводзіць небяспекі на сям’ю і па якім і атрымала назву брыгада – ставіў у аснову. “Рэдка можна было пачуць ад камандзіраў, каб накіроўваючы на заданне, яны казалі байцу: “Беражы сябе, не лезь дарэмна”. Мяне так уразіла, калі пачуў гэта ўпершыню. Ён, чалавек з другога полюсу, што пачынаў батраком, быў салдатам у Грамадзянскую і палітруком у Фінскую, адносіўся да нас як да роўных, – прыгадваў у сваіх успамінах мастак Мікалай Абрыньба. – Пасля вайны ён пісаў на мяне характарыстыку, лежачы ў бальніцы. Непакоіўся, што можа памерці, а знаходжанне ў палоне, нядобразычліўцы мне нашкодзяць. На такое здольны людзі толькі з выключнымі чалавечымі якасцямі”.
Партызаны адчувалі веру ў іх з боку камбрыга і ўсімі сіламі імкнуліся выканаць заданне. Самааддана кіраваў будаўніцтвам аэрадрома па балаціне прыгаданы вышэй мастак, выведваў пад носам у ворага распалажэнне агнявых кропак разведчык Маркевіч… Па меры ўмацавання атрадаў усё смялейшымі былі атакі, блакіраваўся рух варожай тэхнікі: ствараліся дыверсійныя групы, абучаліся смельчакі, якім выдавалі супрацьтанкавую зброю. Дуброўскі не быў штабным камандзірам, сам неаднойчы выходзіў “на жалезку” і ўдзельнічаў у баях.
Нарадзіўся Ф.Дуброўскі 17 красавіка 1901 года. У 1918-м добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію. У 1929-м становіцца старшынёй калгаса ў Старым Сяле, а потым – Жарскага сельсавета, дырэктарам Сарочынскай МТС, намеснікам старшыні Ушацкага райвыканкама. У 1939 годзе ўдзельнічае ў савецка-фінскай вайне і вызваленні Заходняй Беларусі.
Разбіты гарнізоны ва Ушачах, Кублічах, Камені, Пышна, Лукомлі… Самы складаны ад штаба партызанскага руху загад паступіў у кастрычніку 1943 года: узяць Лепель, куды прыбыла брыгада народніка Камінскага, падцягваліся сілы дзеючай арміі. Прыбліжалася лінія фронту, і трэба было разладзіць чыгуначны вузел, магчымасць падмацавання. Заданне неабходна выканаць аператыўна, брыгады ж раскінуты на вялікую адлегласць. Дуброўскі пасылаў ганцоў у розныя бакі з загадамі падцягнуцца да гарнізонаў у Бачэйкаве, Чашніках, Ветрыне, Сянно, Докшыцах, Полацку, Бешанковічах і многіх іншых. Ён практычна не спаў суткамі: клаўся на лаўку тут жа ў штабе, але не мог заснуць. Аналізаваў рашэнні, сумняваўся, што недастаткова разведданых, што не ўсё ўлічыў. Самымі цяжкімі былі хвіліны чакання, але калі пачыналася аперацыя – ператвараўся, вёў сябе сабрана і рашуча. Трое сутак ідуць баі, у якіх задзейнічана пяць брыгад. Катастрафічна не хапала снарадаў, а самалётаў усё не было… Фёдар Фаміч ад напружання і не прыкмеціў, што неба даўно зацягнута шэрымі хмарамі.
Калі ў 1943-м лётаў у Маскву ў Беларускі штаб партызанскага руху, сустракаўся і з Петрусём Броўкам, перадаў яму ад землякоў бохан хлеба і шмат сала, паэт быў рады за памяць аб ім, распытваў пра малую радзіму, маці, прачытаў два сваіх новых верша.
Падчас аперацыі разбіта 11 гарнізонаў, у тым ліку ў Бароўцы і Лепелі, але заданне да канца не выканалі, горад не ўтрымалі. Праз некалькі месяцаў фашысты пачнуць супраць партызан карную аперацыю, а кіраваць злучэннем будзе ўжо палкоўнік У.Е.Лабанок. Зразумела, што генерал-маёр Дуброўскі лічыў такое рашэнне несправядлівым.
Пасля вайны Фёдар Фаміч працаваў сакратаром Чашніцкага райкама партыі, кіраўніком калгасаў, апошнія гады жыцця правёў у Мінску і пахаваны на Усходніх могілках. Жонка Марыя і тры дачкі Дуброўскага падчас фарміравання падпольнага руху і брыгады “Дубава” жылі ў Старым Сяле, у 1943-м перабраліся ў Антунова, дзе размяшчаўся штаб. Падчас прарыву блакады сярэдняя Ніна была паранена ў нагу. Калі да іх пачаў падыходзіць нямецкі салдат, маці закрыла сабой дзяцей, а ён, зусім малады, паказаў, каб не баяліся, і не крануў. У сталасці Ніна Фёдараўна, настаўнік гісторыі, былы дырэктар Плінскай школы, мела праблемы з нагой, але не ўсіх немцаў лічыла злодзеямі. Марыя Пятроўна Дуброўская расстраляна ў канцы вайны і пахавана ў скверы гарпасёлка. Фёдар Фаміч быў жанаты другі раз, калі атрымаў кватэру ў Мінску, старэйшая дачка Любоў мела ўласную сям’ю, а Ніна і Сафія заставаліся з ім. Малодшая дачка камбрыга памерла некалькі год таму. Ва Ушачах жыве яго праўнучка Наталля Ганчарова, прапраўнучка Дзіяна Калбасава. Літаральна ўсім нашчадкам перадаецца статнасць і высокі рост.
Вуліца Дуброўскага – адна з самых працяглых з тых, што носяць імёны герояў, – 900 метраў. І самая высокая – з яе адкрываецца выдатны від на гарпасёлак.
Вольга Караленка.