На мінулым тыдні ва УП ЖКГ Ушацкага раёна сустракалі гасцей высокага рангу. Што тут утойваць: хваляваліся – не кожны дзень на невялікае раённае прадпрыемства прыязджае кіраўнік галіновага міністэрства. Але літаральна ў першыя хвіліны зносін напружанасць знікла: Генадзь Аляксеевіч Трубіла аказаўся чалавекам дасціпным і пазітыўным, з шырокімі ведамі і сваім пунктам гледжання на кожнае пытанне, упэўненым, што праблемы лепш абмяркоўваць не ў кабінетах, а на месцах. Таму і дыялог міністра ЖКГ з калектывам камунгасаўцаў атрымаўся шчырым і канструктыўным.
Удзел у сустрэчы прымалі таксама начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама Юрый Адамавіч Дзядзёла, старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. А паколькі ладзілася яна ў рамках Адзінага дня інфармавання, прысвечанага правядзенню выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, найперш абмерквалі важнейшую для кожнага нашага суайчынніка тэму, акцэнтавалі ўвагу на тым, што мы жывём у сацыяльна-арыентаванай дзяржаве, у аснове якой – клопат пра чалавека. Мы да гэтага па-добраму прывыклі і не заўсёды ацэньваем.
Будаваць ці рамантаваць?
Генадзь Аляксеевіч прывёў цікавы прыклад дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва, пра які мала хто ведае. Размова пра ліфты: як і кожны механізм, яны маюць тэрмін эксплуатацыі. У 2017 годзе высветлілася, што 13 тысяч ліфтоў у дамах патрабуюць замены. Па законе, гэтыя механізмы належаць жыльцам (у Беларусі зараз 96 працэнтаў жылля – уласнасць грамадзян), адпаведна, яны і павінны несці выдаткі. Аднак за гэтыя сем год амаль усе ліфты замянілі за кошт бюджэтных сродкаў.
Вельмі шмат робіцца ў Беларусі па частцы капрамонтаў. Камунальнікі наблізіліся да задачы аднаўляць 3 працэнты жыллёвага фонду штогод. Дарэчы, ва Ушачах план ужо выкананы.
Дырэктар УП ЖКГ Ушацкага раёна Андрэй Аляксеевіч Сідзюк узняў вострае пытанне: “Капітальны рамонт аднаго квадратнага метра двухпавярхоўкі па Савецкай, 25 абышоўся нам амаль у 1000 рублёў. Дык ці не лепш такія дамы зносіць і будаваць новыя?”. Міністр ЖКГ з гэтым згадзіўся і патлумачыў, што ў наступнай пяцігодцы ўрад будзе карэкціраваць падыходы да акрэсленай тэмы.
У лідарах па якасці вады
У свеце многія людзі не маюць звычайнай пітной вады, тады як мы ставім перад сабой задачу, каб да канца 2025 года ва ўсіх беларусаў яна была высакаякаснай.
За час рэалізацыі дзяржпраграмы “Чыстая вада” ў нас з’явілася 1700 станцый абезжалезвання, 174 пабудаваны сёлета, у канцы пяцігодкі застанецца ўзвесці каля 200 – тады мэта будзе дасягнута.
Г.Трубіла ўпэўнены, што вада павінна знаходзіцца ў адных руках – трэба, каб усе сістэмы абслугоўваліся прафесіяналамі! І заслугоўвае пахвалы дзейнасць “Віцебскводаканала”, які планамерна і больш плённа, чым арганізацыі іншых абласцей, пераводзіць на свой баланс сеткі былых калгасаў.
Патрабуе ўвагі і водаадвядзенне. Зараз у краіне каля 70 буйных ачышчальных збудаванняў, дзе трэба рабіць рэканструкцыю. Меркавалася вырашыць гэтую праблему больш аператыўна, аднак з-за таго што некаторыя замежныя крэдытныя рэсурсы прыпыніліся, давялося вышукваць бюджэтныя сродкі. Але задача, безумоўна, будзе выканана.
Марудна – але менш брудна
Няпростая тэма – зварот з камунальнымі адходамі. Стаіць амбіцыйная мэта да канца пяцігодкі дасягнуць 64 працэнтаў вымання са смецця другасных рэсурсаў, вядзецца каласальная работа, пабудавана 10 смеццесартавальных заводаў, аднак летась прыгаданы паказчык склаў толькі 37,5 працэнта. “Дасягненнем лічым тое, што за некалькі год змаглі закрыць амаль усе міні-палігоны. Аднак праблем нямала: з 1765 смеццявозаў больш паловы маюць высокі працэнт зношанасці, не стае кантэйнераў – нядаўна вылучылі кожнай вобласці па 2 мільёны рублёў на іх набыццё. Будзем планамерна рухацца, укараняць новыя распрацоўкі – іншага выйсця няма”, – падкрэсліў
міністр.
У ліку самых беражлівых
У Беларусі 3695 камунальных кацельняў. Выраб адной гігакалорыі абыходзіцца камунгасу амаль у 50 еўра, грамадзяне ж аплочваюць толькі палову сумы. А таму стаіць задача пераводзіць цеплакрыніцы з дарагога газу на танную шчапу ці пялеты. Г.Трубіла ў чарговы раз высока ацаніў работу Віцебшчыны, дзе доля выкарыстання мясцовых відаў паліва дасягнула 70 працэнтаў – гэта на парадак вышэй, чым па краіне. На Ушаччыне ж паказчык увогуле “касмічны” – 99
працэнтаў!
У лідарах мы і па рэканструкцыі цеплавых сетак: калі ў краіне пі-труба ляжыць у 79 працэнтах камунікацый, то ў Прыдзвінні – у 83, а ў нашым раёне – паўсюдна.
На вастрыі праблем
“Сферу ЖКГ крытыкуюць, напэўна, часцей за іншыя – не таму, што тут нядбайныя работнікі, проста мы знаходзімся на вастрыі праблем”, – падкрэсліў Г.Трубіла. Але камунальная галіна імкнецца да ўдасканалення, ідзе на эксперыменты. Не ўсе адназначна ўспрынялі праект “115” па цэнтралізацыі прыёму заявак, але міністр задаволены першымі вынікамі.
Стала лепш бачна, што хвалюе грамадзян, прасцей аналізаваць сітуацыю і прадухіляць хібы, ніводны сігнал не застаецца без увагі. Служба развіваецца: у сталіцы, напрыклад, створаны мабільны дадатак “115 – мая рэспубліка”, з дапамогай якога кожны можа зафіксаваць факт непарадку і адправіць фота на рэагаванне – чалавеку абавязаны паведаміць, калі хіба будзе выпраўлена.
Кіраўнік галіны даў кампетэнтныя адказы на пытанні, якія задавалі ўшацкія камунгасаўцы, а датычыліся яны ўдасканалення юрыдычных нюансаў, практычных аспектаў кшталту магчымасці павелічэння зарплаты работнікам, занятым на комплексным абслугоўванні будынкаў, скарачэння часу для набыцця тэхнікі ў лізінг. Да слова, Генадзь Аляксеевіч высока ацаніў работу ўшацкага прадпрыемства па абнаўленні аўтапарка.
* * *
Завяршылася праграма візіту экскурсіяй да нашай святыні – мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, дзе госці пазнаёміліся з гераічнай гісторыяй Ушаччыны і ўсклалі кветкі да пліт з прозвішчамі паўшых герояў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.