62 молодые специалиста прибыли на своё первое рабочее место в Ушачский район в этом году

Образование и молодежь

Восенню па традыцыі праходзіць сустрэча кіраўніцтва раёна і прадстаўнікоў розных службаў з маладымі спецыялістамі, якія пасля заканчэння навучальных устаноў прыбылі па размеркаванні ў наш раён на сваё першае працоўнае месца. Змястоўнай, карыснай і цікавай была сустрэча гэтага года, якая адбылася на мінулым тыдні ў раённым Доме культуры.

Сёлета ў раёне ў самых розных арганізацыях і прадпрыемствах прыступілі да работы 62 маладыя спецыялісты. Для 37-мі з іх працоўны шлях пачаўся на сваёй радзіме, і вельмі прыемна, як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская, што моладзь вяртаецца на працу ў свой раён. Нам патрэбны спецыялісты ва ўсіх галінах дзейнасці, і хацелася б, каб маладыя людзі пасля адпрацоўкі не марылі з’ехаць у іншае месца, а заставаліся жыць на радзіме. У сваю чаргу кіраўніцтва раёна і арганізацый імкнецца стварыць належныя ўмовы працы і вырашыць існуючыя праблемы, каб у маладых было жаданне працаваць.
Начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак прадставіла кожнага маладога спецыяліста, хто змог прыйсці на сустрэчу. Пажадала ім плённага і цікавага працоўнага шляху, падкрэсліла, што з усімі пытаннямі, якія паўстануць на пачатку дзейнасці, можна звяртацца ў аддзел па справах моладзі для сумеснага іх вырашэння. Расказала аб той рабоце, якая праводзіцца з моладдзю, а зараз ва Ушацкім раёне пражывае больш дзвюх тысяч чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года.
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В.М.Шахноўская пазнаёміла прысутных з прынцыпамі фарміравання перспектыўнага рэзерву кадраў, параіла быць актыўнымі, праяўляць творчасць і ініцыятыву на працоўных месцах, каб быць заўважанымі і трапіць у кадравы рэзерв.
Адно з найбольш важных пытанняў для маладога спецыяліста – жыллёвае. Таму начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама С.П.Дымман расказаў аб тым, як палепшыць умовы жылля, пра пастаноўку на ўлік і будаўніцтва. У сельскай мясцовасці моладзі выдзяляюць службовыя дамы, а вось у гарпасёлку пытанне жылля больш вострае. У кожнага свая індывідуальная сітуацыя з пэўнымі нюансамі, таму па пытаннях пастаноўкі на ўлік і будаўніцтва Сяргей Пятровіч параіў звяртацца ў адпаведны аддзел.
На новым месцы маладому спецыялісту, безумоўна, трэба абжывацца, і адчувальнай падтрымкай дзяржавы з’яўляецца льготны крэдыт на набыццё тавараў першай неабходнасці. Аб яго ўмовах паведаміла спецыяліст ЦБП №221 “Беларусбанка” ў г.п.Ушачы Н.С.Віннік. Крэдыт выдаецца маладым спецыялістам, якія размеркаваны не па месцы жыхарства бацькоў, тэрмінам на 5 гадоў пад 7,5 працэнта (у той час як крэдыт на спажывецкія мэты сёння выдаецца больш чым пад 30 працэнтаў). Атрымаць крэдыт можна адзін раз на працягу двух гадоў пасля заканчэння навучальнай установы. Для гэтага трэба адпрацаваць на новым месцы тры месяцы і сабраць неабходныя дакументы.
Першы сакратар раённага камітэта БРСМ А.С.Шалак заклікала актыўна ўдзельнічаць у розных праектах і акцыях, разам рабіць карысныя справы і наладжваць цікавае правядзенне свайго вольнага часу. Ва ўсіх дзяржаўных арганізацыях і прадпрыемствах раёна створаны пярвічныя арганізацыі, агульная колькасць членаў саюза – 705 чалавек. Маладым спецыялістам было прапанавана запоўніць анкету, якая датычылася дзейнасці маладзёжнай арганізацыі.
Потым усе прысутныя разам далі клятву маладога спецыяліста (на здымку) і паабяцалі старанна працаваць. У падарунак тым, хто прыехаў на Ушаччыну, работнікі Дома культуры наладзілі канцэрт.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *