Продегустировали комплексные обеды: как кафе для спортсменов завоевывает сердца клиентов

Калейдоскоп

На мінулым тыдні ў кафэ, размешчаным у будынку інтэрната для спартсменаў, усім жадаючым прапанавалі комплексныя абеды. І мы ў ліку першых адправіліся на дэгустацыю, каб ацаніць майстэрства повараў і падзяліцца ўражаннямі з чытачамі.

Ідэальны комплексны абед павінен быць смачным, сытным і недарагім. У дзень нашага візіту кулінары прыгатавалі салату з агуркоў і памідораў, суп з фрыкадэлькамі, мясныя гнёзды са смажанай бульбай у якасці гарніру. Порцыі вялікія, стравы – падобныя на дамашнія, у меру дыетычныя. Паколькі абед комплексны, замяніць яго нельга, але можна ад нечага адмовіцца: напрыклад, ад бульбы ці хлеба, калі вы на дыеце, ці ад салаты, калі хочаце зэканоміць. Вядома ж, на працягу тыдня меню мяняецца: у папярэдні дзень, напрыклад, у ім былі боршч і біточкі з ражкамі. Што да кошту, то ён у дыяпазоне 5-7 рублёў. І, як зазначаюць прыезджыя кліенты, “у горадзе за такія сціплыя грошы ў кафэ не паабедаеш”.

Каго тут мяркуюць бачыць у якасці наведвальнікаў? У час нашага візіту за суседнімі столікамі сядзелі работнікі спарткомплексу. “Для нас гэта ўвогуле ідэальная выгода”, – ацаніла сэрвіс дырэктар раённага турцэнтра Дар’я Мілая. Зайшоў перакусіць мужчына, што прыехаў у камандзіроўку і пасяліўся ў інтэрнаце. “Адным з першых нашых наведвальнікаў быў кіраўнік раёна Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. А ўчора, напрыклад, абедала маладая пара. Сказалі, што гэта вельмі зручна: можна дома не гатаваць, калі няма часу і жадання”, – распавядаюць работнікі кафэ. Пакуль пра паслугу яшчэ мала хто ведае, кропка вывучае попыт і густы, але тут спадзяюцца, што змогуць заваяваць прыхільнасць кліентаў. Падаваць комплексныя абеды пачынаюць у 12.30. Ёсць магчымасць удакладніць меню і зрабіць заказ папярэдне, патэлефанаваўшы па нумары 5-10-43. Ну а нам абед спадабаўся.

Прадэгуставалі мы, дарэчы, і фірменныя пончыкі па 50 капеек. “Учора ўзяла паспытаць, а сёння спецыяльна прыехала за імі ў абедзенны перапынак. Вельмі смачныя!” – падзялілася з намі ўшачанка Юлія Белавусава (на здымку).

Нагадаем, што бар у кафэ працуе з 10.00 да 22.00 без выхадных, і тут можна адпачыць пасля басейну і трэнажоркі, паесці марожанага, папіць чаю з хот-догам, пірожным ці іншымі прысмакамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *