Хлебабулачныя вырабы прапануюць у шэрагу гандлёвых кропак гарпасёлка, але тыя, хто любіць цёпленькія, толькі вынятыя з печы боханы, спяшаюцца за імі ў краму “ПраЗапас”. Прывозяць прадукцыю па буднях каля 13-ці гадзін, мы ж зазірнулі ў магазін бліжэй да заканчэння працоўнага дня – і ўбачылі там нямала пакупнікоў. Літаральна ўсе яны прыйшлі менавіта за хлебам – і сталі ўдзельнікамі нашага бліц-апытання пра вартасці вырабаў цэха Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства.
“Ушацкі хлеб – самы смачны!” – лаканічна выказаўся жыхар Садовай Уладзімір Афанасьевіч Бондал і ўзяў з паліцы класічную “цаглінку”. “З нашай свежанькай пляцёнкай ніводны гарадскі батон не параўнаецца!” – зазначыў Ігар Васільевіч Апёнак (на здымку). “Шмат якія сарты спрабаваў, але больш за ўсё люблю наш “Ліпаўскі”, – падзяліўся Васіль Дзмітрыевіч Карэйша. – Ды інакш і не можа быць, бо сам працую ва ўшацкім філіяле на развозцы хлеба і, канечне, застаюся патрыётам і аматарам уласнай прадукцыі”. А вось Вольга Васільеўна Якубёнак прыйшла ў цэнтральны магазін з Кастрычніцкай. “Хлеб ёсць і ў нашай краме крокавай даступнасці, але я адпраўляюся сюды, бо тут – усё самае свежае. І не я адна: ведаю, што мае знаёмыя Барыс Акулёнак, Мікалай Полазаў спецыяльна прыязджаюць у абед за гарачымі боханамі – вельмі добра, што для ўшачан зрабілі гэткую выгоду”.
“Мы таксама рады, што ў нашым магазіне ёсць такая прапанова – пакупнікоў стала прыкметна больш. Штодня заказваем каля 120 боханаў, а ў “базарныя” чацвер і пятніцу попыт яшчэ вышэй. Запатрабаваная і іншая прадукцыя цэха: днямі, напрыклад, паступіла навінка – сухары “Сожскія” з разынкамі, – падзялілася з намі прадавец Ларыса Басак.
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.