В Ушачком районе прошел третий этап чемпионата Беларуси по ралли-спринту

Cпорт

У суботу ў нашым раёне прайшоў трэці этап Чэмпіянату Беларусі па ралі-спрынце. Спаборніцтвы, як заўжды, былі вельмі захапляльнымі і, напэўна, самымі масавымі за апошнія некалькі год. Прайшло ўсё з адрэналінам, але без надзвычайных здарэнняў. І на цырымоніі закрыцця ўдзельнікі скардзіліся толькі на тое, што этап, якога яны так чакалі, вельмі хутка скончыўся!

На старт выйшлі 8 баявых экіпажаў, 10 спаборнічалі ў аматарскім ралі трэцяй катэгорыі.

Ну а мы папрасілі некаторых з іх падзяліцца ўражаннямі ад ушацкага этапу.


Руслан Лоскі, г.Віцебск:

“Сёння быў мой дэбют у якасці пілота баявога экіпажу: раней ездзіў толькі штурманам. На п’едэстал не разлічваў, а пастаўленую задачу – даехаць да фінішу – паспяхова выканаў! Далей – болей!”.


Мікалай Рудзько, г.Мінск:

“У аўтаспорце я ўсё жыццё. У далёкім 1978-м прыйшоў на картынг, потым была спартыўная рота, аўтакрос, трэкавыя гонкі, ралі… Яшчэ ў маладосці загарэўся ідэяй пабудаваць на аснове ВАЗ-2105 гоначнае аўто. Ажыццявіў яе толькі зараз: праводзіў у гаражы вечары, выхадныя – на работу пайшло аж два гады. І вось на ўшацкім этапе мая “пяцёрачка” ўпершыню выйшла на трасу… Пачуцці – не перадаць! Зразумеюць толькі тыя, хто не ўяўляе жыцця без хуткасці і тэхнікі!”.


Сяргей Аўчыннікаў, арганізатар спаборніцтваў:

“У чарговы раз хачу шчыра падзякаваць кіраўніцтву Ушацкага раёна, Кубліцкага сельвыканкама, усім службам, што дапамагалі ладзіць ралі, а асабліва – супрацоўнікам райаддзела міліцыі за бяспеку ля трасы. А яшчэ летась 10 ушацкіх валанцёраў прайшлі навучанне ў федэрацыі і цяпер дапамагаюць нам у судзействе”.


Сяргей і Марыя Вязовічы, пераможцы этапу ў абсалютным заліку:

“На Ушаччыне мы ўжо як дома! Рады, што ў вашым раёне будуюцца новыя аб’екты, звязаныя са спортам. Адчуваем вялізную падтрымку і на старце, і на трасе – такое ўражанне, што мы не ў глыбінцы, а ў сусветным цэнтры аўтаспорту! Хварэйце за нас і самі абірайце актыўны, здаровы лад жыцця – у вас для гэтага ёсць усё патрэбнае!”


Падрыхтавала
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *