Рейд по неблагополучным в рамках акции «Семья без насилия».

Общество

У мінулую пятніцу мы разам з прадстаўнікамі райвыканкама, аддзела ўнутраных спраў і аддзела па надзвычайных сітуацыях адправіліся ў рэйд у рамках прафілактычнай акцыі “Сям’я без насілля”. На гэты раз – у Вяркудскі сельсавет.

У мінулы раз членаў рэйдавых груп жыхары вёсак сустракалі на парозе сваіх дамоў ледзьве не хлебам-соллю. Па ўсім было відаць, што грамадзяне загадзя падрыхтаваліся, навялі “знешні” парадак у хатах, паставілі букеты язміну, якія перабівалі стойкі пах цыгарэт і алкаголю. А таму на гэты раз было вырашана змяніць тактыку правядзення акцыі. Асаблівасцю рэйду па Вяркудскім сельсавеце стала тое, што кіраўніцтва сельвыканкама, старэйшыны вёсак не былі папярэджаны аб хуткім візіце рэйдавых груп, а таму падрыхтавацца нядобранадзейныя жыхары не мелі магчымасці. У выніку былі атрыманы найбольш праўдзівыя звесткі аб стане спраў у кожнай наведанай сям’і.
Пасля прыняцця Дэкрэта №18 сітуацыя мяняецца да лепшага. Жорсткі кантроль за бацькамі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі ці нядобрасумленна клапоцяцца аб сваіх дзецях, прыносіць плён. Праўда, яшчэ не ўсе зразумелі, што дзяржава не дазволіць здзекавацца з малых. У мнагадзетнай сям’і А. з Вяркуд маці не лайдачыць, стараецца. У пакоях чыста, парадак. Жанчыну нельга папракнуць і ў адносінах да сваіх дзяцей, яны дагледжаны, накормлены. І ўсё б нічога, аднак тата мае слабасць перыядычна прыкласціся да чаркі – ці з радасці вялікай, ці ад сумоты неадольнай. Адсутнасць дзвярэй паміж верандай і хатай мужчыну не надта хвалюе. Гаспадара, відаць, знутры падагравае алкаголь, а вось астатнія члены сям’і вымушаны абараняцца ад холаду, завешваючы праём коўдрай. З грамадзянінам члены рэйдавай групы правялі гутарку аб неабходнасці тэрміновай устаноўкі дзвярэй. Для гэтага былі вызначаны канкрэтныя тэрміны. Калі ж мужчына праігнаруе папярэджанне, гэтае пытанне будзе разглядацца па-іншаму.
У сям’і С. гаспадар ахвотна прапусціў нас у пакоі. З першых слоў рашуча паведаміў: “Усё! Цяпер у сям’і ўсё будзе нармальна”. Тут сапраўды ранейшыя высвятленні адносінаў паміж ім і жонкай характарызаваліся празмернай “шчырасцю”, бо падмацоўваліся скандаламі. А ў сям’і выхоўваецца двое дзетак. Хочацца верыць, што сітуацыя ў іх доме сапраўды зменіцца да лепшага. Тым больш, што асаблівых грахоў за бацькамі не значыцца. А з сынам ім адназначна пашанцавала. Далікатны хлопчык пры кожным пытанні імкнуўся апраўдаць тату і маму. Станавілася зразумела, што бацькоў ён вельмі любіць.
З зусім іншай сітуацыяй прыйшлося сутыкнуцца ў хаце К., дзе разам са сваёй пажылой матуляй пражываюць двое дарослых сыноў. Абодва нідзе не працуюць, вядуць разгульны лад жыцця, алкаголь набываюць за пенсію жанчыны. Адзін з іх мае судзімасць за нявыплату аліментаў. Відаць, мужчыны вельмі занятыя пошукамі прыгод, бо часу, каб вырашыць простыя бытавыя праблемы, яны не знаходзяць. На жаль, на момант нашага візіту абодвух не было дома – па словах маці, яны пайшлі за чарговай “порцыяй” алкаголю. Калі грамадзяне не адумаюцца, будзе вырашацца пытанне аб іх прымусовым лячэнні ад алкагалізму.
У гэты дзень наведалі і іншыя сем’і. Бытавыя ўмовы ў некаторых з іх далёка не ідэальныя. Аднак відавочна тое, што ўвайшоўшыя ў сістэму рэйдавыя праверкі ўжо далі свой плён. Станоўчыя змены адбыліся ў многіх. Трымаць сітуацыю на кантролі – справа ўсё ж удзячная. Ніхто не жадае для сябе няшчасця. А таму своечасовая карэкцыя, падтрымка, парада, прыняцце пэўных мер, нават не самых прыемных, спрацуюць у рэшце рэшт на карысць канкрэтнай сям’і.
Членамі рабочых груп у гэты дзень былі наведаны грамадзяне, якія знаходзяцца на ўсіх відах уліку ў РАУС, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, грамадскім пункце аховы правапарадку пры сельвыканкаме. Разам з педагогамі Вяркудскай школы завіталі і ў сем’і, якія знаходзяцца на ўнутрышкольным кантролі. Былі абследаваны ўмовы пражывання, санітарна-тэхнічны і супрацьпажарны стан домаўладанняў. Супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях па выніках абследавання вынесены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, па замене электраправодкі, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *