Калі два гады таму мы знаёмілі чытачоў з гаспадарамі аграэкасядзібы, што адкрылася ў вёсцы Корсакава, было цвёрдае адчуванне, што ў Андрэя і Алены Барэйка (на здымку) абавязкова ўсё атрымаецца. Вельмі прадуманым, узважаным быў іх намер паспрабаваць сябе ў гэтым турыстычным напрамку, а падыход да справы здзіўляў сваёй грунтоўнасцю і крэатывам. І цяпер, калі прайшоў этап станаўлення, можна канстатаваць, што “Дольчэ віта” заваявала трывалае месца пад турыстычным сонцам.
Якім атрымаўся сёлетні сезон? Чым пакаралі сэрцы патрабавальных кліентаў? Пра гэта пагутарылі пры нашай чарговай сустрэчы з вельмі інтэлігентнымі і прыветлівымі гаспадарамі. “Лета прайшло вельмі насычана! Было шмат гасцей з Беларусі і Расіі. А сёлетняй “прэм’ерай” стаў новы аб’ект для адпачынку – “хаціна” (хижина). Зразумела, адасоблены домік для закаханых значэнню гэтага слова адпавядае ўмоўна, бо ў ім усё камфортнае і сучаснае, так што назва – для рамантыкі. На яго стварэнне нас падштурхнулі зносіны з гасцямі: бачым, што зараз ідзе тэндэнцыя адпачываць сем’ямі, а не вялікімі кампаніямі. Наша ж хацінка разлічана на двух, максімум трох чалавек і стыльна аформлена, яе адразу аблюбавалі маладыя сямейныя пары – дзве з іх прыязджалі пасля роспісу, каб адзначыць вяселле, былі і тыя, хто проста хацеў зрабіць фотасесію”, – расказалі нам Андрэй і Алена.
А яшчэ яны прыйшлі да высновы, што гасцям трэба больш забаўляльных актыўнасцяў: моладзі доўга сядзець ля мангалу ці на пляжы не цікава. Таму разглядаюць магчымасць набыць квадрацыкл – у наваколлі ж проста ідэальныя ўмовы для падобных аўтапрагулак, выношваюць іншыя ідэі. Для дзетак тут зроблена выдатная гульнявая пляцоўка. У ліку новых прапаноў – сапраўдная неапалітанская піца, якую вырабляюць у спецыяльнай дрывяной печы. Назву сядзібы падкрэслілі і іншыя стравы італьянскай кухні – равіолі, паста. Расказалі нам гаспадары і пра самую апошнюю навінку, якую яшчэ не рэкламавалі нават у сваіх сацсетках – “таверну”, дзе госці змогуць прыгатаваць сабе штосьці ў чыгуннай печцы з духоўкай, паглядзець майстар-клас па вырабе фірменнага дэсерту “шакоціс”, выпіць чаю і кофе.
Гаспадары актыўна працягваюць добраўпарадкаванне, аздабляюць ландшафты новымі кветнікамі і кампазіцыямі. Частуюць гасцей мёдам з уласнай пасекі і спелым вінаградам. Падрастае малады сад, але галоўнай тутэйшай славутасцю застаецца стагадовая ліпа, якая стала сімвалам сядзібы і нават трапіла на яе фірменны лагатып.
“Ва ўшацкай глыбінцы мы ствараем куточак, дзе людзі могуць забыцца пра праблемы і проста атрымліваць асалоду ад жыцця. Тут ва ўсё ўкладзена часцінка нашай душы. Мы закаханыя ў гэтае месца і хочам падзяліцца сваімі пачуццямі з іншымі”, – акрэслілі Андрэй і Алена справу, якой з такім імпэтам займаюцца.
Наталля БАГДАНОВІЧ.