Чэмпіянат па колцы дроў сярод сродкаў масавай інфармацыі стаў у Беларусі традыцыйным – прайшоў ужо ў трэці раз. Ідэя яго правядзення належала Прэзідэнту нашай краіны Аляксандру Лукашэнку – і сёлета ён у чарговы раз асабіста паказаў майстар-клас па спрадвечным сялянскім занятку. А чаму б не арганізаваць падобныя спаборніцтвы ў Прыдзвінні не толькі для журналістаў, а і для работнікаў іншых сфер? Такая ініцыятыва нарадзілася і тут жа ажыццявілася на Аршаншчыне. Эстафету прынялі лепяльчане і, у сваю чаргу, перадалі яе нашаму раёну.
Ушачане, канечне, не разгубіліся, бо ўжо ладзілі падобныя іспыты ў праграме Дня снегу. Выставіць каманды на мерапрыемства згадзілася аж 18 арганізацый, дружна сабраліся на пляжы возера Вечалле і балельшчыкі. Хочацца адзначыць не толькі ўдалы выбар пляцоўкі, а і выдатны антураж: дзяржаўная сімволіка, рэкламныя шчыты, яркія плакаты і лозунгі, каша і гарачая гарбата ператварылі спаборніцтвы ў свята. А яшчэ ўсе змаглі ўбачыць у справе “фінскія свечы” – папулярную зараз прадукцыю лясгаса.
Распачаў турнір кіраўнік раёна Сяргей Садоўскі – прычым, не толькі матывуючымі словамі падчас адкрыцця, а і выступленнем за дружыну райвыканкама. Каманды (а складаліся яны з двух мужчын і адной жанчыны) ставілі перад сабой розныя задачы. “Дровы сякла ўпершыню ў жыцці! Жанчын у нашай арганізацыі зусім мала, вось і згадзілася “закрыць амбразуру”. Вельмі баялася падвесці хлопцаў і рада, што справілася няблага”, – падзялілася з намі работніца раёна электрасетак Вераніка Аляксеева.
Выратавальнікі ж і райгазаўцы мелі на мэце толькі перамогу. Яшчэ на прыгаданым вышэй Дні снегу зарадзілася процістаянне іх лідараў С.Собаля і А.Клопава. Зімой апошні літаральна вырваў першае месца ў саперніка, таму Сяргей быў вельмі матываваны і на гэты раз паказаў “залаты” вынік, раскалоўшы 4 калодкі за 47 секунд. Андрэй стаў другім, а вось “бронзу” ў асабістым заліку даволі нечакана заваяваў адзін з самых узроставых удзельнікаў – вадзіцель цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Віктар Цвяцінскі. “Я ж вясковы, з Сержаноў, а майстэрства з гадамі толькі шліфуецца!” – патлумачыў ён. А вось хуткім секундам дырэктара лясгаса Аляксея Апёнка, які спыніўся ў кроку ад п’едэстала, ніхто не здзівіўся. Замкнуў пяцёрку прадстаўнік каманды БРСМ Віталь Жогаль, даказаўшы, што і моладзь у гэтай справе “рубіць фішку”.
Жанчыны ж у валоданні сякерай спаборнічалі ўпершыню – тым цікавей былі іх разборкі. Зрэшты, лідарства тут аказалася неаспрэчным: усяго за 9 секунд справілася з калодкай Кацярына Дуброўская з каманды газавікоў. “Я ўвогуле мужчынскую справу люблю: дровы, лазню, рыбалку… Расла ў Ліпаўцы, ды і фактурай, як бачыце, не абдзелена!” – з гумарам пракаменціравала яна сваё выступленне. Усяго 8 сотых секунды раздзялілі ўладальніцу “срэбра” Анастасію Шунто з прыгаданага вышэй цэнтра і бухгалтара лясгаса Наталлю Маісеенка, у якой “бронза”. Дзвюх секунд не хапіла да прызоў прадстаўніцы ДРБУ-105 Анастасіі Бараніч і рэдактару “Патрыёта” Вользе Камарковай.
Да слова, у склад каманды пажадана было ўключыць кіраўніка арганізацыі, бо яго адсутнасць абарочвалася двума штрафнымі хвілінамі. А таму знайшлі час і смеласць выйсці ў сектары спаборніцтва начальнік аддзела па адукацыі Людміла Давыдава, дырэктары Ушацкай школы Алена Ворса і Цэнтра культуры Валянціна Грыневіч. Не толькі калегі-энергетыкі, а і ўся сям’я хварэла за мнагадзетнага бацьку Андрэя Лукашэвіча. Прыняў “баявое хрышчэнне” на вечальскім пляжы Юрый Галкоўскі, які днямі ўзначаліў раён газазабеспячэння. Важнай умовай турніру было захаванне правілаў бяспекі: арбітры сачылі, каб усе выступалі ў акулярах і пальчатках, і нават налічылі штрафныя балы ўдзельніку з сектара спорту і турызму, які стараўся так моцна, што зламаў сякеру.
І вось выніковы камандны пратакол: “золата” заваявала трыа з райаддзела МНС, у якім апроч С.Собаля выступалі Мікалай Шустроў і Крысціна Шастакова, “срэбра” – газавая служба, “бронзу” – лесаводы. У пяцёрцы лепшых апынуліся ДРБУ-105 і райвыканкам. І хоць выраз “прайграўшых тут не было” – абсалютны штамп, але ён вельмі трапна характарызуе мерапрыемства, якое безумоўна заваюе месца ў календары раённых падзей. Ушачане перадалі эстафету наступным удзельнікам праекта – Браславу і Шуміліну.
Многіх, напэўна, цікавіць, як выкарысталі нарыхтаваныя дровы. Іх загрузілі ў транспарт ДРБУ-105, які накіраваўся ў вёску Белюкоўшчына, дзе пражывае былі вязень фашысцкіх канцлагераў Вольга Касьянаўна Стрыжонак. Сімвалічна, што такі падарунак яна атрымала напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, бо ўсё жыццё працавала аграномам. Скласці паліва ў дрывотнік пажылой жанчыне дапамаглі хлопцы з ваенна-патрыятычнага клуба “Прарыў” Ушацкай школы. “Ну вось, і добрую справу зробім, і мускулы падкачаем!” – жартавалі старшакласнікі, па ланцужку перадаючы палены. “Дровы лішнімі ніколі не бываюць!” – зазначыла Вольга Касьянаўна і шчыра падзякавала юным патрыётам, а таксама ўсім ушачанам, якія паспрыялі падрыхтоўцы гэтага нечаканага падарунка.
Наталля БАГДАНОВІЧ.