В Ушачах чествовали работников сельского хозяйства

Сельское хозяйство

Прафесійнае свята аграрыяў ладзілася, як заўсёды, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Працоўная субота аказалася для перадавікоў выхадным днём, якіх так нямнога выпала за чарговы сезон для механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў.

У касцюмах і прыгожых сукенках, апранаць якія даводзіцца яшчэ радзей, дэлегацыі прыбывалі ў раённы цэнтр культуры і траплялі ў стылізаванае фае.

Дэлегацыя ААТ “Дземенец”: Н.Коўшаль, А.Бельская, М.Палонскі, Ю.Юркевіч, А.Бараўцоў, А.Ігнатовіч.

Фотазон для здымкаў – на выбар. Хочаш – з кароўкай, хочаш – з кошыкамі з яблыкамі, кукурузай на фоне сланечнікаў ці з прыгожымі караваямі. Ды і экскурсія па
пляцоўках выставы аказалася інтэрактыўнай – віноўнікі свята частаваліся сапраўднай мінеральнай вадзіцай з вырабленай лясгасаўцамі крыніцай, хлебам па старадаўніх рэцэптах, маглі нават намалоць мукі. Васіль Рыгоравіч Алексяёнак з “Вялікадолецкага” так моцна раскруціў жорны, што нават прыпадняў камяні. Нездарма гэты аксакал аказаўся пераможцам адразу ў дзвюх намінацыях – хапае і вопыту, і сіл.

Дарэчы, дэлегацыя гэтага сельгаспрадпрыемства была самай прадстаўнічай не толькі за кошт пераможцаў спаборніцтва – ажно восем. КУСГП “Вялікадолецкае” адзначана ў дзвюх намінацыях – за колькасць нарыхтаваных кармоў (аж 59 цэнтнераў на кожную галаву іх вялікага статка) і за павелічэнне надояў, таму з’яўлялася яўным фаварытам свята. А Антон Уладзіміравіч Сафонаў аказаўся сёлета адзіным дырэктарам, які падымаўся на сцэну за калектыўнымі ўзнагародамі.

Не можа раён пахваліцца сёлета важкім караваем збожжавых, затое кукуруза на зерне дала 100 цэнтнераў з гектара. Выдатна спрацавалі з травяністымі кармамі ўсе гаспадаркі – і як вынік – 169 працэнтаў да ўзроўню мінулага года і 37 цэнтнераў на ўмоўную галаву жывёлы. Гэтыя лічбы агучыў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі, віншуючы аграрыяў. Ганаровыя граматы і Падзякі (у тым ліку і райсавета) ён уручыў сямнаццаці работнікам, пяцёра з іх – з “Сафійскіх дароў”. Паказальна, што да ўзнагарод кіраўніцтва гэтай гаспадаркі падавала не толькі яўных пераможцаў спаборніцтва, як занятага на корманарыхтоўцы Аляксея Атрашкевіча, але і ценявых, як повар Іна Ігнатовіч ці жывёлавод Ірына Шумчанка. Ну а самым шчаслівым на мерапрыемстве я б назвала Анатоля Петухоўскага з ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Мужчына не хаваў свайго задавальнення ад таго, што ўпершыню трапіў на свята перадавікоў. Ды і падставу для гэтага меў самую што ні ёсць паважную. Прыгаданы ўзорны паказчык па кукурузе на зерне па раёне атрымаўся дзякуючы таварыству, участак якога на нашых землях сабраў ажно 124,5 цэнтнера з гектара. А за штурвалам сеялкі, “Тумана” на хімпраполцы і на ўборцы быў заняты ў тым ліку гэты малады механізатар.

Начальнік райсельгасхарча Юлія Міхайлаўна Ладнова працягвала ўрачыстую частку ўзнагароджваннем пераможцаў у розных намінацыях. Новых людзей на свяце можна было пералічыць па пальцах. Гэта маладыя спецыялісты: галоўны інжынер “Ільюшынскага” Андрэй Пятніца, які трэці год займаецца выпускам тэхнікі, механізатар “Сафійскіх дароў” Улад Асіпёнак, што толькі ў жніўні папоўніў калектыў. Для апошняга, як і для ветфельчара Яны Рэуцкай – гэта не толькі прызнанне іх добрасумленнага выканання абавязкаў, але і, безумоўна, аванс. Аднак пераважная большасць залы – тыя, хто штогод уздымаецца на раённую сцэну. Сярод іх даглядчыкі Васіль Бучынскі, Наталля Коршун і Ніна Усцін, камбайнеры Артур Карабань і Аляксандр Майсеенка, механізатары Генадзь Качан і Мікалай Хамёнак. Двойчы прымалі апладысменты сёлета Сяргей Філімонаў, Ра Вутх і Васіль Алексяёнак з “Вялікадолецкага”, Васіль Качан з “Глыбачан”, Аляксандр Бараўцоў з “Дземенца” і Аляксей Атрашкевіч з “Сафійскіх дароў”. З гонарам трымала ў руках чарговую бацькаву ўзнагароду малодшая дачка Міхаіла Ражноўскага. А Сяргей Міхайлавіч Вусько, які менш чым праз год зможа афармляць ільготную пенсію, прыгадаў конкурс маладых механізатараў, які больш 30 год таму праходзіў на базе “Арэхаўна”. Няма той гаспадаркі, як і “Новага жыцця”, гонар якога ён тады адстойваў. Але не было года, каб імя гэтага рупліўца не трапляла на старонкі “раёнкі”. Нічога не змянілася ў адносінах падобных работнікаў да сваёй зямлі. Абсалютна правільна сказаў на абласных “Дажынках” у Полацку Прэзідэнт: яны – самыя сапраўдныя патрыёты.

Зразумела, адзначыў ўзнагародамі сумленных працаўнікоў і прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу. Пярвічкі вылучалі тых, чыя праца не на такім відавоку, аднак без каго б не круціўся рухавік гаспадарак. Загадчык сектара эканомікі райсельгасхарча Таццяна Яўгенаўна Іванюта ўзнагародзіла загадчыка склада гаруча-змазачных матэрыялаў КУСГП “Вялікадолецкае” Віктара Алексяёнка, трактарыстаў КУСГП “Глыбачаны” Аляксандра Баратынскага і Аляксандра Малахава, жывёлаводаў ААТ “Ільюшынскі” Святлану Дземідовіч і Ніну Пяткевіч. Каштоўны падарунак атрымала і ветэран вытворчасці, былы эканаміст райсельгасхарча Валянціна Вячаславаўна Падвойская, якая сёлета святкавала юбілей.

На свяце аграрыяў падзякавалі прадпрыемствам раёна, якія дапамаглі людзьмі і тэхнікай. А каб пасеяць і сабраць вырашчанае, нараўне з аграрыямі працавалі дарожнікі, камунальнікі, кааператары, лесаводы, водаканальшчыкі. Кіраўнікі Ушацкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Ганна Хамёнак, лясгаса Аляксей Апёнак і раённага цэнтра культуры Валянціна Грыневіч атрымалі падзякі яшчэ і за пляцоўкі, падрыхтаваныя да абласных “Дажынак”. Прыгаданыя ў пачатку артыкула фотазоны выстаўляліся ў Полацку і былі прызнаны аднымі з лепшых (4 месца).

Закончылася мерапрыемства выдатным канцэртам з танцавальнымі і сольнымі нумарамі, дзе падпявала ўся зала. Ну а назаўтра ў многіх з сённяшніх герояў нядзеля акажацца працоўнай, ім зноў круціць харчовы рухавік.

Вольга КАРАЛЕНКА.

С.Вусько.
Ю.Ладнова, А.Сафонаў.
С.Садоўскі, С.Філімонаў.
Дэлегацыя УП “Сафійскія дары”.
Дэлегацыя ААТ “Ільюшынскі”.
С.Гатоўка, Т.Сурынава.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *