Дом №15 по улице Садовой в Ушачах заметно преобразился после капремонта

Общество

Канечне, самыя прыгожыя фота аб’ектаў атрымліваюцца, калі яны аздоблены летняй квеценню ці зімовым пейзажам, але дом нумар 15 па вуліцы Садовай у гарпасёлку выглядае прывабна нават у шэрані восеньскіх прыцемкаў. Удала падабраная камунгасаўцамі колеравая палітра будынка радуе вока і гарманічна ўпісваецца ў міні-ансамбль, які ўтвараюць цяпер тры суседнія свежаадрамантаваныя шматпавярхоўкі.

Аднавілі ў доме не толькі фасады, а і дах, балконныя экраны, ганкі, вокны і дзверы ў пад’ездах, замянілі камунікацыі ў падвалах. А вось асвяжаць лесвічныя пляцоўкі жыльцы будуць пры жаданні за ўласны кошт – самі ж і вызначаць на сходзе, каму даверыць выкананне работ.

Як мы ўжо падкрэслівалі, больш інтэнсіўна абнаўляць жылы фонд дазваляе Дзяржаўная праграма “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”, якая рэалізуецца ў бягучай пяцігодцы. Прадугледжвае яна і аздабленне дваровых тэрыторый.

Атрымалі жыхары і прыемны бонус – дзіцячую пляцоўку. “Нават не перадаць, як мы задаволены. Цяпер не трэба весці сыноў і дачок у гарадскі сквер: і горка, і арэлі, і пясочніца ёсць ва ўласным двары, а я магу гатаваць ежу на кухні і назіраць за імі праз акно!”, – падзялілася з намі мнагадзетная мама Марына Свірко. Калі мы любаваліся домам, яна якраз прывяла з садка малодшую дачку Дзіяну, і дзяўчынка папрасілася крыху пагуляць на новай пляцоўцы. “Тут так утульна стала! Малышам – сапраўднае раздолле, а для дарослых – прыгожыя лавачкі паставілі”, – далучыўся да размовы Максім Кашко.

“Трэба сказаць, што пятнадцаты дом – самы малады на Садовай не толькі па годзе ўзвядзення – тут пражывае нямала сем’яў з дзецьмі, а таму менавіта ў гэтым двары мы вырашылі абсталяваць гульнявую пляцоўку. Карыстацца ёю змогуць і малышы з суседніх дамоў”, – патлумачыў намеснік галоўнага інжынера Ушацкага ЖКГ Аляксандр Бехаў.

Ну а наступным аб’ектам, дзе распачнецца капітальны рамонт, стане дом па Фрунзэ, 26.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *