На областных «Дажынках» в Полоцке Глава государства поблагодарил аграриев за нелёгкий труд. Благодарности Президента удостоен тракторист-машинист ОАО «Ильюшинский» Александр Моисеенко

Общество Сельское хозяйство

У нашай краіне існуе даўняя традыцыя: па заканчэнні сельскагаспадарчага цыкла праводзіць свята “Дажынак”, ушаноўваць герояў палёў, уручаць узнагароды тым, хто ўнёс важкі ўклад у агульны каравай вобласці.

У канцы мінулага тыдня ўсе шляхі вялі ў Полацк – менавіта ў самым старажытным горадзе краіны адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла. Асабіста падзякаваць аграрыям Віцебшчыны пажадаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Да гэтага кіраўнік дзяржавы сустракаўся з хлебаробамі іншых абласцей у Карме, Мікашэвічах, Валожыне, Мастах.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка ўручае падзяку А.Майсеенку.

Недабралі зерня, але парадавалі кукурузай і сояй

“Як Прэзідэнт, я рабіў і буду рабіць усё для таго, каб Беларусь была свабоднай, незалежнай, а самае галоўнае – мірнай. Наш адказ на ўсе інтрыгі – стварэнне, наш фронт – эканоміка. А для аграрыяў – перш за ўсё хлебная ніва. Хлеб ва ўсе часы быў самай цвёрдай валютай”, – звяртаючыся да ўдзельнікаў “Дажынак”, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён падвёў вынікі сельскагаспадарчага года на Віцебшчыне і назваў іх, мякка кажучы, кантрастнымі.

Да прыкладу, рэгіён намалаціў каля 900 тысяч тон збожжавых, але да сваёй базавай задачы ў мінімум мільён тон – не дацягнуў. У той жа час нядрэнна спрацавалі па кукурузе: плюс 100 тысяч тон да мінулага года. Прычым па ўраджайнасці гэтай культуры выйшлі на другое месца па краіне, атрымаўшы 90 цэнтнераў з гектара. Ёсць асобныя дасягненні ў жывёлагадоўлі, перш за ўсё ў птушкагадоўлі і вытворчасці малака. Нават змаглі арганізаваць дадатковыя пастаўкі яек на экспарт. Удалым, па словах Прэзідэнта, аказаўся і эксперымент з сояй – на першых 100 гектарах атрымана ўраджайнасць 30 цэнтнераў з гектара, што нядрэнна. У Беларусі трэба займацца гэтай культурай, каб не траціць сотні мільёнаў долараў на закупкі бялковых кармоў. Добры рэзерв для росту ёсць і ў ільнаводчай галіны, якой славіцца Віцебшчына. Лён – культура няпростая, таму ў свеце не вельмі хочуць займацца ім. Наш Аршанскі льнокамбінат – самы буйны ў Еўропе і СНД. Беларускія спецыялісты навучыліся рабіць добрыя, тонкія тканіны і іншую запатрабаваную на сусветных рынках прадукцыю.

Галоўны каравай Прыдзвіння.

Пераможцамі абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у раслінаводстве сталі Аршанскі, Віцебскі і Докшыцкі раёны. На Аршаншчыне намалочана звыш 150 тысяч тон зерня.

Гэтыя і іншыя вынікі паказваюць, што віцябчане могуць многае. Але, па словах Прэзідэнта, трэба вызначыцца, у якім напрамку Прыдзвінню рухацца. Вырошчваць збожжа на поўнач ад Полацка, Віцебска не атрымліваецца. У параўнанні з цэнтральнымі і паўднёвымі рэгіёнамі краіны наша вобласць прайграе ў плане кліматычных умоў і ўрадлівасці глеб. На думку Прэзідэнта, у многіх раёнах трэба рабіць стаўку на травяны севазварот і малако, будаваць жывёлагадоўчыя комплексы. На Віцебшчыне кропка росту і ў прыродным патэнцыяле, лесагаспадарчай галіне, варта развіваць турызм розных відаў. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што не трэба нічога выдумляць, заўсёды і ўсюды ісці варта ад жыцця. У кожным раёне ёсць узоры добрых гаспадарак, маякі, на якія трэба раўняцца, і варта проста паўтарыць іх вопыт.

“Вясной на вялікай нарадзе абмяркуем, што вы зрабілі, што не зрабілі і канчаткова вызначымся, што рабіць вобласці”.

Узнагароды лепшым аграрыям

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускія аграрыі – самыя сапраўдныя патрыёты і, што б ні адбывалася ў краіне, яны заўсёды працуюць і робяць усё, што ў іх сілах. “Я палічыў неабходным прыехаць сюды, каб пакланіцца вам за вашу працу, дабрыню, спагадлівасць, стараннасць”, – сказаў кіраўнік краіны і ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Падзякі Прэзідэнта ўдастоены калектыў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Віцебскага раёна. Падзяку і падарункавы сертыфікат на трактар “Беларус” уручаны калектыву ААТ “Шайцерава” Верхнядзвінскага раёна. Былі і асабістыя ўзнагароды, на галоўную сцэну свята ўзнімаліся 15 чалавек з розных раёнаў. Гонар і радасць перапаўняла дэлегацыю раёна на чале са старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім, усіх ушачан, якія былі ў гэты дзень у Полацку, калі прагучала, што Падзяка Прэзідэнта аб’яўлена трактарысту-машыністу ААТ “Ільюшынскі” Аляксандру Пятровічу Майсеенку. Што і казаць, сапраўды заслужана! Уся яго працоўная кар’ера звязана з “Ільюшынскім”. На які б від работ не завіталі ў гаспадарку – абавязкова сустракаем у полі Аляксандра Пятровіча. Гэты працалюбівы мужчына ўвесь сельскагаспадарчы цыкл заняты на падрыхтоўцы глебы, касьбе, жніве, прасаванні саломы, уздыме зябліва і нязменна з’яўляецца пераможцам раённых спаборніцтваў. Ён ніколі не паскардзіцца на стомленасць, заробкі, рабочы дзень ад цямна да цямна, адсутнасць выхадных. Хоць і не рэкордны сёлета ў яго на ўборачнай намалот, аднак выпрацоўка ўмоўных эталонных гектараў на розных відах работ вялікая. Не раз ён станавіўся героем нашых аграрных публікацый, а пасля “Дажынак” трапіў і на першую старонку галоўнага рэспубліканскага выдання – “СБ. Беларусь сёння”.

Шчыра кажучы, не чакаў такога прызнання – проста заўсёды стараўся сумленна выконваць даручаную справу. Не магу паверыць, што трымаю ў руках дзяржаўную ўзнагароду і падарунак ад Прэзідэнта – наручны гадзіннік будзе мне нагадваць пра адну з самых запамінальных падзей у жыцці. Што і казаць, хвалюючы момант, калі табе паціскае руку кіраўнік дзяржавы, апладзіруюць сотні людзей і здымаюць тэлекамеры, – падзяліўся з намі эмоцыямі ў першыя хвіліны пасля ўзнагароджання Аляксандр Пятровіч. Хоць і мінула ўрачыстасць, дагэтуль прымае віншаванні ад калег і знаёмых.

Пераможцаў спаборніцтва на жніве ўшаноўвалі ў полацкім Доме афіцэраў кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой і старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Незвычайны падарунак Прэзідэнту

Па традыцыі Аляксандру Лукашэнку прыпаднеслі каравай новага ўраджаю, а падарунак падрыхтавалі незвычайны і ўнікальны – баявы меч часоў Усяслава Чарадзея. Меч, выкананы з жалеза, моранага дуба, бронзы і скуры, як сімвал улады і мужнасці кіраўніку дзяржавы паднеслі на шкуры ваўка. Як патлумачыў кіраўнік вобласці Аляксандр Субоцін, з усіх прадстаўнікоў Полацкай княжацкай дынастыі самым вялікім кіраўніком быў менавіта Усяслаў Брачыславіч. Яго назвалі Чарадзеем з-за яго палітычнай мудрасці і ўмення перамагаць у самых складаных абставінах. Прэзідэнт падарунак ацаніў і нават пажартаваў: “Віцябчане людзі мудрыя, за меч жа плаціць трэба. Намёк зразумеў – капеек не даю, а падумаю, чым дапамагчы Віцебскай вобласці”.

На тэматычнай пляцоўцы Ушацкага раёна.

Чым здзіўлялі гасцей фестывалю

Фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла – час не толькі падвядзення вынікаў сезона, ушанавання аграрыяў, а і свята для ўсіх жыхароў са шматлікімі канцэртамі і цікавымі лакацыямі. Ніхто не праходзіў міма выставы беларускай тэхнікі на плошчы Свабоды, дзе былі выстаўлены як легкавыя “Джылі”, так і апошнія мадэлі камбайнаў “Гомсельмаша”. Дзіцячую аўдыторыю заваявалі выратавальнікі і праваахоўнікі, якія парыхтавалі забаўляльна-прафілактычную праграму. Нельга было абмінуць выставу караваяў. Гэта не проста выпечка, а сапраўдныя шэдэўры, якія выклікалі захапленне і здзіўленне ва ўдзельнікаў свята. На ўсеагульны агляд былі прадстаўлены вырабы з кожнага рэгіёну. Здавалася б, тэматыка свята зразумелая і чым можна здзівіць, аднак афармленне не паўтаралася, кожны быў адметным і не падобным на іншыя. Прыгожа і апетытна выглядаў ушацкі каравай, цэнтральнае ж месца заняў галоўны каравай вобласці, які важыў ажно 150 кілаграмаў!

А праспект Скарыны ператварыўся ў пешаходную зону з выставамі, кірмашамі і тэматычнымі падворкамі ўсіх раёнаў Прыдзвіння. Кожны загадзя прадумаў сваю “фішку”, каб здзівіць гасцей фестывалю. Чаго толькі не было на ўшацкай пляцоўцы! Майстар-класы па лоза- і саломапляценні ад народных майстроў, эксклюзіўны хлеб дамашняй выпечкі, выстава-дэгустацыя страў. Можна было паспрабаваць свае сілы ў абыходжанні з жорнамі, паспытаць дранікі, якія тут жа пякліся на фінскай свячы і адведаць вадзіцы… з вечальскай крыніцы. Да прыгожай фотазоны выстройвалася чарга. За дзень на ўшацкім падворку ўдзельнікі свята з’елі больш за 60 кілаграмаў грэчневай кашы, 30 літраў юшкі, больш за 500 дранікаў і выпілі 40 літраў травяной гарбаты. Работнікі культуры, Ушацкага філіяла і іншых арганізацый, якія ім аказвалі дапамогу, пастараліся на славу!

Лепшыя творчыя калектывы Віцебшчыны запрасілі выступіць на галоўнай сцэне “Дажынак”. У іх ліку і вакальны гурт “Ушачаначка”. Полацкая публіка горача сустракала суседзяў і не шкадавала апладысментаў.

Абсалютныя пераможцы гэтага сезона – камбайнеры ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” Аршанскага раёна, якія намалацілі на айчынных “Палессях” 4712 і 4569 тон зерня.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *