Вместо Кипра — берег Плинского озера. История о том, как семья из Латвии переехала жить в Беларусь

Общество

Усяго некалькі месяцаў на Ушаччыне, а столькі ўжо зроблена на іх новай сядзібе ў вёсцы Пліна. Але і цяпер кожны дзень Анатоля Сцяпанавіча, Наталлі Іванаўны і іх сына Андрэя распісаны – перабраліся ў Беларусь з Латвіі яны з далёкім прыцэлам і карані пускаюць грунтоўна. Вось толькі прозвішча прасілі не ўказваць з-за магчымых праблем, паколькі ў Рыгу ім яшчэ вяртацца. Дарэчы, сёлета ў санаторыі міла размаўлялі з адпачываючай там латышкай, якая, як толькі даведалася, што я журналіст, катэгарычна абарвала гутарку фразай: “Вы хочаце, каб мяне назад не ўпусцілі?”.

Вернемся ж на плінскую сядзібу, дзе шмат раслін, пасаджаных былым гаспадаром. Праўда, каб адшукаць ружы, кізіл ці цюльпанавае дрэва, спачатку давялося па сантыметры расчышчаць зараснікі, прыкмячаючы сярод іх культурныя насаджэнні. Наталля Іванаўна, заўзятая агародніца, баялася нешта незнарок знішчыць, таму працэс выратавання сада яшчэ працягваецца. Горы сучча і шматлікія “пянькі” сведчаць пра каласальную працавітасць новых уладальнікаў сядзібы, затое роўныя рады вялізных туй, альтанка ля вады, пірс, пляж на гэтым прыгожым месцы ўжо адкрываюцца і з двара, і з вокнаў іх утульнай кухні. Нават слотнае надвор’е, калі імжыць дождж, не азмрочвае гэтай прыгажосці.

Захапленне – першая рэакцыя на сядзібу, набывалі якую ўсляпую. На агледзіны ездзілі іх сябры-мінчане. Дарэчы, перш чым спыніцца на Ушаччыне, яны аб’ехалі дзясяткі дамоў на Віцебшчыне. Менавіта гэту вобласць па картах Андрэй абраў, як самую азёрную – улічвалася жаданне заядлай рыбачкі Наталлі Іванаўны жыць на беразе вадаёма. Наогул на сямейным савеце голас кожнага меў роўную вагу, а імкнуліся задаволіць усе пажаданні. Па-першае, увесь час пражыўшы ў сталіцы, марылі пра спакой на прыродзе. Па-другое, паколькі сыны працуюць у сферы турызму, гэты накірунак мяркуюць развіваць і тут. А два гасцявыя домікі з лазняй, прычалам і само размяшчэнне сядзібы быццам створаны для аграэкатурызму. І галоўнае, хацелі вярнуцца да сваіх каранёў, у рускамоўнае асяроддзе, тым больш што родныя жывуць у Расіі і Беларусі, а бацькі Анатоля Сцяпанавіча з Гомельшчыны, з Чырвонага Берага, дзе быў дзіцячы канцлагер. Бабуля, рызыкуючы сваёй сям’ёй, хавала ў бочцы з зернем яўрэйскую дзяўчынку-немаўля. І Дзень Перамогі для іх – па-сапраўднаму святочны.

Наогул яны хоць і правялі ўсё жыццё ў Латвіі, ведаюць мову, здавалі адпаведныя іспыты, але грамадзянства краіны не прымалі. Наталля Іванаўна працавала выхавацелем у садку, а потым у заасалоне. Анатоль Сцяпанавіч – электрык з 46-гадовым стажам, і хоць мае добрую пенсію, утрымліваць трохпакаёвую кватэру станавілася ўсё цяжэй. Латвійская моладзь на заробкі пераважна накіроўваецца ў іншыя краіны. Андрэй і малодшы Аляксандр працавалі гідамі на Кіпры: шэсць месяцаў практычна без выхадных прымалі групы турыстаў, вазілі па востраве, расказвалі пра манастыры, хрысціянства, іншыя славутасці. І бацькі разглядалі варыянт пераезду на пастаяннае месца жыхарства ў гэтую марскую краіну. Але цікавая работа сыноў нечакана выявіла слабыя месцы: спачатку кавід, потым СВА прыпынілі патокі турыстаў, у прыватнасці рускамоўных, з якімі і працавалі браты. Адносіны кіпрыётаў да расіян, беларусаў не змяніліся, тым больш што пераважная большасць жыхароў – праваслаўныя, толькі маленькая дзяржава з натаўскімі ваеннымі базамі на тэрыторыі не можа праводзіць самастойнай палітыкі. А вось кошт на жыллё вырас з-за вялікай колькасці багатых эмігрантаў. Ды і клімат там вельмі спецыфічны, не ўсім даспадобы. Без кандыцыянераў летам жыць наогул немагчыма, усё хутка выгарае і стаіць жоўтым. Таму калі Андрэй у жніўні прыехаў на Ушаччыну – вочы “рэзала” ад зеляніны. Ну а дыхалася як…

“Тут добрыя, спагадлівыя людзі, мы хутка аформілі від на жыхарства, па ўсіх пытаннях звяртаемся ва Ушацкі сельвыканкам, дзе старшыня М.П.Хоміч і кіраўнік спраў Н.А.Падгол дапамагаюць і тлумачаць, – расказваюць перасяленцы. – Так, магазіна няма пад бокам, дык мы ў прыярытэце не гэта выбіралі. Райцэнтр недалёка, за пакупкамі туды наведваемся, а сын ужо ў басейн на спарткомплекс ходзіць, калі жадаем, едзем у Полацк ці Мінск. Так што новым месцам жыхарства задаволены”.

Андрэй дадае, што маючы аднакласнікаў і сяброў у Англіі, Швецыі, Германіі, неаднойчы чуў пра іх жаданне пераехаць. “Еўропа ўжо не тая, вялікія натоўпы бежанцаў, жыць становіцца проста небяспечна – як у Беларусі, дзяцей без нагляду на вуліцу не выпусціш. Ды і Рыга змянілася: калі раней усё кіпела ад шматлікіх фестываляў, то зараз у нашым мікрараёне ўсе бары зачынены. З першага верасня гэтага года не засталося ніводнай школы на рускай мове.”

Каварныя ж плінскія мінусы – камары, кляшчы і нават гадзюка, што жылі ў зарасніках, ужо не палохаюць – пасля расчысткі тэрыторыі самі вымушаны сысці. А новыя ўладальнікі і надалей мяркуюць адваёўваць у пустазелля зямлю, дбаюць пра дадатковы ўчастак, каб разбіць агарод. Наталля Іванаўна любіць вырошчваць памідоры і перцы, таму марыць устанавіць цяпліцы, хоць і зямлю давядзецца падвозіць, як зараз рабілі гэта, каб аздобіць гліну пад дрэўцамі ці зрабіць павольным спуск на пляжы. Я ж упэўнена, што вярнуцца да гасцінных гаспадароў на плінскую сядзібу падстаў у нас яшчэ будзе нямала.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *