В Ушачах прошли районные соревнования по пулевой стрельбе

Cпорт

Раённыя спаборніцтвы па кулявой стральбе заўсёды падносяць сюрпрызы, таму складана прадказаць, якімі будуць прызавыя тройкі. Вось і сёлета літаральна ў кожнай з васьмі каманд-удзельніц меліся шансы ўзысці на п’едэстал.

Заўсёды самыя высокія мэты ставяць перад сабой стралкі з Арэхаўскай школы на чале з прызнаным майстрам Уладзімірам Магіліным – і ў гэты раз яны выступілі роўна: да “бронзы” не хапіла толькі трох ачкоў. Прыгаданую ж узнагароду атрымала каманда райвыканкама ў складзе Таццяны Ханяк, Дзмітрыя Баратынскага і Генадзя Ягорава. Баявую дружыну сабраў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці: кампанію Аляксандру Качынскаму і Канстанціну Тарасеню склала Святлана Муша. “Як дачка афіцэра, што служыў у розных гарнізонах Савецкага Саюза і ГДР, з ранняга дзяцінства шмат часу праводзіла ў ціры, а такія навыкі, канечне, не забываюцца”, – прызналася культработніца, якая дапамагла сваёй камандзе заваяваць “срэбра”. Самае ж збалансаванае трыа выставілі камунгасаўцы: Уладзімір Аўдошка, Васіль Сазонаў і Анжаліка Хахлова нікому не пакінулі шансаў на “золата”.

Прадстаўніца гэтай каманды з вынікам 42 ачкі першынствавала і ў асабістым жаночым заліку – да слова, у Анжалікі Джонаўны ўжо багатая калекцыя медалёў з падобных турніраў. Статус фаварыта пацвердзіла і Таццяна Ханяк – 41 ачко і “срэбра”. Ну а “бронза” зусім нечакана дасталася… аўтару гэтых радкоў – ёсць падстава прыгадаць добрым словам школьны стралковы гурток і настаўніка пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Сяргея Трафімавіча Белавусава.

А вось пераможца мужчынскага асабістага заліку Аляксандр Качынскі, які выбіў 44 ачкі, прызнаўся, что страляць навучыўся на вайсковай службе і ў час палявання… з падводным ружжом (спецыфіка, канечне, там зусім іншая, але ў аснове – усё тая ж трапнасць). Парадавалася “срэбру” Сяргея Сляцкага дружная каманда санаторыя “Лясныя азёры”, “бронзу” ў гэты раз паклаў у сваю багатую скарбонку ўзнагарод Уладзімір Аўдошка.

Пра захапляльнае спартыўнае выпрабаванне лепшым стралкам будуць нагадваць кубкі, медалі і граматы ад РФСК. Тыя ж, каму не пашанцавала, змогуць узяць рэванш на іншых спартыўных пляцоўках – спаборніцтваў наперадзе шмат!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *