У нядзелю над царквой Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы аграгарадка Арэхаўна спявалі званы. Стараючыся не парушыць дарожку з кветак, выкладзеную прыхаджанамі, з самага ранку сюды спяшаліся прадстаўнікі розных праваслаўных прыходаў. Нагода для гэтага была асаблівая: 10 лістапада храм адзначыў 205-годдзе.
Раздзяліць з вернікамі радасць падзеі, правесці службу на Ушаччыну прыехалі святары з многіх рэгіёнаў. Узначаліў жа святочную літургію Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Ля сцен храма з караваем і кветкамі Уладыку сустрэлі намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў і прыхаджанка, жыхарка аграгарадка Таццяна Міхайлаўна Малак.
З гісторыі заснавання
Першы ўспамін пра царкву Параскевы Пятніцы, якая была пабудавана Мікалаем Юзафам Грабніцкім, датуецца 1819 годам. Праўда, у той час гэта быў уніяцкі храм. Праваслаўным ён стаў у 1884-м, а пасля – з прыходам бальшавікоў – тут размясцілі калгасны склад.
Царква, што стаіць на шашы, невыпадкова носіць імя гэтай святой: усе прыдарожныя так і называліся – Пятніцы. Параскева ва ўсе часы вельмі шанавалася ў народзе, яе вобраз стаіць побач з Маці Божай і Міколам-Цудатворцам. А яшчэ яе клічуць заступніцай палёў і жывёлы, лекаркай душэўных і цялесных хвароб, ёй моляцца пра стварэнне шчаслівай сям’і, яе захаванне, нараджэнне дзяцей.
Першая служба ў адноўленай царкве адбылася ў 1993 годзе. Гэта адзіны ўцалелы праваслаўны храм на Ушаччыне, які працягвае сваё існаванне. Яго настаяцелямі ў розны час былі айцы Мікалай Аўласевіч, Генадзь Драздовіч, Мікалай Радзевіч, Уладзімір Лаўцэвіч, Дзмітрый Аўсіевіч, Аляксандр Таляронак, а з 2021-га – протаіерэй Вячаслаў Лобец.
Пад кіраўніцтвам апошняга храм прыкметна змяніўся: быў адрамантаваны і перакрыты дах, устаноўлены шырокі ганак і новыя купалы, зманціравана і пакрыта пліткай цёплая падлога, выкладзена дарожка ад варотаў.
Работы ўнутры храма і па абсталяванні памяшкання для нядзельнага класа працягваюцца. Таму настаяцель, прыхаджане будуць рады любой дапамозе. Рэквізіты: р/р ВY72ВАРВ30154303000120000000, УНП 300006980, ААТ “Белаграпрамбанк”, г. Мінск, BIC BAPBBY2X. Тэлефон: 8 (029) 599-40-44.
Намоленае месца
Падчас літургіі Епіскап Ігнацій узнёс малітоўныя просьбы аб захаванні міру, быў адслужаны малебен Вялікамучаніцы Параскеве Пятніцы, з пропаведдзю выступіў настаяцель кафедральнага сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Сергій Грамыка.
Больш за дзве гадзіны з белымі ружамі ў руках адстаяла Галіна Захараўна Дунец, а пасля падарыла іх бацюшку Вячаславу. На яго богаслужэнні жанчына ходзіць як на свята, прычым, на працягу ўжо многіх гадоў. Такіх пастаянных прыхаджан у намоленым месцы не адзін дзясятак, прычым, многія – не з аграгарадка: прыязджаюць у асноўным з Ушач.
За ўменне настаяцеля, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, захоўваць сілу і веліч духа, праяўляць гаспадарлівасць у няпростых, але патрэбных справах праваслаўных прыходаў ад імя вернікаў ушацкага храма дзякаваў В.Лобецу Аляксандр Аляксандравіч Радзюш. Ад раённага кіраўніцтва слова трымалі Г.М.Ягораў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак, якія павіншавалі настаяцеля, яго спадарожніцу жыцця і памочніцу – матушку Любоў, усіх вернікаў са святам, пажадалі далейшага развіцця і дабрабыту прыходу.
За візіт на Ушаччыну і сумесную малітву дзякавалі ўсе Епіскапу Ігнацію, ну а той падчас сустрэчы выканаў вельмі прыемную місію ўзнагароджання. Так, епархіяльным медалём свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, ІІІ ступені былі адзначаны Сяргей Васільевіч Фамін, Любоў Іванаўна Лобец і Валянціна Васільеўна Пятніца. За работу ў славу Святой Царквы Полацкай епархіі Архіерэйскія граматы атрымалі звыш 10 вернікаў, столькі ж (сярод іх і протаіерэй В.Лобец) – Лісты Падзякі. Уладыка пажадаў усім добрага здароўя, благаславіў і ўручыў прысутным іконкі Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы.
У гонар 205-гадовага юбілею храма ў Арэхаўскім СДК былі наладжаны канцэрт і выстава народных майстроў Ушаччыны. Святочнага настрою дадала і сумесная трапеза для прыхаджан, гасцей царквы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.