Рэспубліканскі дзіцяча-юнацкі турнір па плаванні “Узыходзячыя зоркі” сабраў у гэты раз аж пад 200 удзельнікаў і меў двухдзённую праграму.
І вельмі прыемна, што ў такой прадстаўнічай кампаніі сапернікаў змаглі сябе годна праявіць выхаванцы Ушацкай СДЮШАР. У самым складаным стылі плавання – батэрфляі – на 50-метровай дыстанцыі на трэцюю прыступку п’едэстала ўзняўся лідар нашай каманды Аляксей Салодкін. “Срэбра” ў заплывах на спіне (25 метраў) здабылі юныя спартсмены Арцём Казак і Дзямід Аўтушка. Апошні заваяваў медаль такой жа вартасці і ў вольным стылі. У час узнагароджання ён прамяніста ўсміхаўся, а вось Цёма радасных эмоцый не выказваў: як потым прызнаўся, марыў толькі пра “золата”. Дастойна выглядалі на водных дарожках, парадавалі шматлікіх балельшчыкаў і іншыя выхаванцы трэнера Вікторыі Лукашэвіч.
Наталля БАГДАНОВІЧ.