Рассказываем, какие услуги предлагают в общежитии для спортсменов при ФОК «Юность-Ушачи»

Общество

Калі ў суботу мы зазірнулі ў нядаўна адкрыты інтэрнат для спартсменаў, там панавала ажыўленне: юныя плыўцы, іх бацькі і трэнеры, горача абмяркоўваючы перыпетыі спаборніцтваў, аднаўлялі сілы апетытным абедам, паднімаліся ў нумары, пыталіся ў дзяжурнага адміністратара, дзе знаходзіцца спа-комплекс…

Так, інтэрнат ужо выконвае сваю асноўную функцыю. Але ўшачан, зразумела, цікавяць паслугі, якія з яго ўвядзеннем можа атрымаць насельніцтва.

Пачнём з кафэ, якое, да слова, захавала звыклую назву “Тайм-Аут”, але абслугоўваюць кліентаў цяпер не кааператары, а работнікі спарткомплексу.

– Штат укамплектаваны кваліфікаванымі кадрамі, кухня – сучасным абсталяваннем, уваходзім у працоўны рытм, – патлумачыла нам загадчык кропкі Аксана Мацкевіч. – У першыя два тыдні былі сканцэнтраваны на абслугоўванні гасцей, кармілі спартыўны лагер – лічу, што справіліся дастойна: дзеці з’ядалі ўсё. Будзем вывучаць попыт – і калі гэта акажацца запатрабаваным, пачнём гатаваць абеды і для ўшачан. А ўжо зараз усе жадаючыя змогуць карыстацца паслугамі нашага бара: заказаць тут можна марожанае, хот-догі і гамбургеры, кандытарскія вырабы, чаі, кактэйлі і іншыя напоі, у бліжэйшы час з’явіцца натуральная кава, плануем прадаваць свежаспечаныя пончыкі. Працаваць бар будзе з 10.00 да 22.00, аднак магчымы перапынкі на спецабслугоўванне. Аднайменную ж кропку ў будынку “Юнацтва-Ушачы” мяркуецца выкарыстоўваць у асноўным у якасці банкетнай залы.

З мінулага тыдня прымае кліентаў і спа-комплекс. Яго паслугамі ўжо карысталіся як удзельнікі спаборніцтваў, так і жыхары нашага і суседніх раёнаў. У арсенале – сауна, хамам, купель (міні-басейн), абліўныя прылады, за дадатковую плату – джакузі. Сеанс разлічаны на 10 чалавек, і наведваць комплекс такім складам найбольш выгадна, можна прыйсці і меншай кампаніяй, але аплата застанецца той жа. У бліжэйшы час побач адкрыецца і кабінет рэабілітацыі, дзе кваліфікаваныя спецыялісты зробяць масаж, акажуць іншыя паслугі. Заказаць сеанс можна, патэлефанаваўшы адміністратарам спарткомплексу па нумары 5-01-75.

Зняць нумар у інтэрнаце могуць не толькі спартсмены. Калі ёсць свабодныя месцы, сюды заселяць усіх жадаючых. Дарэчы, і раней былі кліенты, якія, напрыклад, хацелі прыехаць сем’ямі з гарадоў, каб правесці на нашым спарткомплексе выхадныя. Зараз жа і нумары ім змогуць прапанаваць, і харчаванне (па папярэдняй заяўцы).

З увядзеннем інтэрната ва Ушачах можна адначасова прыняць і размясціць больш 100 спартсменаў.

“Мара ажыццявілася! Цяпер, спадзяемся, магутнасцяў хапае?” – задаём рытарычнае пытанне загадчыку сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргею Ціханёнку. Але той усміхаецца: “Ну, як сказаць… На першую палову студзеня і на наступнае лета ўсе месцы ўжо забраніраваны, так што некаторым жадаючым правесці ва Ушачах зборы зноў давялося адмовіць”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *