Ва ўсе часы развіццю сістэмы аховы здароўя на Ушаччыне ўдзялялася асаблівая ўвага. Сёлетні год не стаў выключэннем – за пазабюджэтныя і спонсарскія сродкі (апошніх выдзелена ажно 300 тысяч рублёў) працягнута мадэрнізацыя як райбальніцы, так і сельскіх медустаноў.
Новы выгляд займеў эндаскапічны кабінет. Цяпер ён размяшчаецца ў адной з былых аперацыйных, якая пэўны час пуставала. Гастра- і каланаскопы ў наяўнасці былі, а вось мыечную дэзінфекцыйную машыну і шафу для сушкі і захоўвання эндаскопаў набылі за бюджэтныя сродкі. “Усё тут аўтаматызавана, што зручна для работнікаў і пацыентаў – за годную апрацоўку, захоўванне абсталявання не трэба хвалявацца”, – расказвае галоўны ўрач райбальніцы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ю.В.Пацёмкін.
Дарэчы, Юрый Валянцінавіч папярэдне дэталёва вывучыў патрэбы медустаноў раёна. І калі ў профільным міністэрстве запыталі, чым дапамагчы, сціпла адмоўчвацца не стаў – паказаў немалы спіс усяго неабходнага. Першачаргова разлік быў на 150 тысяч рублёў, аднак пазней дадалі яшчэ 70 – на апарат ФГДС.
Усе ФАПы Ушаччыны цяпер укамплектаваны сучаснымі танометрамі для вымярэння ўнутрывочнага ціску. Прыкладаеш прыбор да заплюшчанага вока пацыента – і бачыш на экране паказчыкі.
Набыты новыя гінекалагічныя крэслы. Усе яны засталіся ва Ушачах, дзе паток пацыентак істотна большы. На ФАПах з’явіліся сучасныя электракардыёграфы.
Работнікі хірургічнага і рэанімацыйнага аддзяленняў ЦРБ парадаваліся з’яўленню размарожвальнікаў плазмы. Дагэтуль такіх прыбораў на Ушаччыне ўвогуле не было – пры неабходнасці пералівання пацыенту плазмы крыві, якая захоўваецца ў замарожаным стане, даводзілася чакаць натуральнага раставання. Цяпер жа час эканоміцца, а значыць, шансаў на станоўчы зыход у хворых больш.
Восем дэфібрылятараў размеркаваны па аддзяленнях ЦРБ, бальніцах сястрынскага догляду, з’явіўся ён і ва ўрачэбнай амбулаторыі ў Дубраўцы. Хоць і простыя ў рабоце, неабходнае знаёмства-навучанне з калегамі папярэдне правёў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Аляксандр Віктаравіч Паншын.
Для работнікаў клініка-дыягнастычнай лабараторыі чаканай абноўкай стала выцяжная шафа. У студзені ў райбальніцу чакаецца пастаўка гастраскопа з рознымі прыладамі. Ну а сучасны наркозна-дыхальны апарат коштам 80 тысяч рублёў актыўна прымяняецца ў рабоце з лета.
Спыняцца на дасягнутым у райбальніцы не збіраюцца. Так, напрыклад, плануецца працягнуць абнаўленне фізіятэрапеўтычнага аддзялення. Палепшыцца ўкамплектаванасць кабінета ўльтрагукавой дыягностыкі, бо наяўнае там абсталяванне хаця і набыта ўсяго пяць гадоў таму, выкарыстоўваецца на 250 працэнтаў – запыт на такую пастаўку ўжо адпраўлены ў міністэрства.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.