Дваццаць чатыры самыя дастойныя прадстаўніцы арганізацый спажывецкай кааперацыі з усіх рэгіёнаў краіны змагаліся за перамогу на 34-м рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства. Адметна, што гонар Віцебскага аблспажыўтаварыства адстойвалі сёлета два прадаўцы Ушацкага філіяла.
Юлія Аўтух і Юлія Рамашэўская ўнеслі важкі ўклад у паспяховае выступленне прыдзвінскай каманды, а апошняя прызнана лепшай у асабістай намінацыі “Прафесійнае майстэрства”.
Каб трапіць у рэспубліканскі фінал, які праходзіў сёлета ў Шчучыне, дзяўчатам трэба было годна праявіць сябе на абласным этапе. Юлія Аўтух, якую добра ведаюць не толькі пакупнікі сарочынскага магазіна “Родны кут”, а і ўсе ўшачане, бо яе партрэт у свой час упрыгожваў раённую Дошку гонару, выступіла вельмі ўпэўнена і ўвайшла ў тройку лепшых прадаўцоў харчовых тавараў аблспажыўтаварыства. Забраніравала сабе месца ў камандзе і Юлія Рамашэўская, якая да дэкрэтнага адпачынку працавала ва ўшацкай краме “Прамтавары”, а нядаўна пасля нараджэння сыночка стала мнагадзетнай мамай. Некалькі год таму яна ўжо выступала на рэспубліканскім этапе прафесійнага конкурсу. Вопыт – справа вялікая, аднак тэарэтычныя веды, канечне, давялося абнавіць, ды і да творчых іспытаў грунтоўна падрыхтавацца. Ушачанкі з гумарам расказваюць, як старанна вучылі песню для візітоўкі. “Спявала не толькі дома, а і ў магазіне – у тыя хвіліны, калі не было пакупнікоў”, – расказвае Ю.Аўтух. А калега прызнаецца, што перад сном яе сынок на працягу некалькіх тыдняў замест казак ды калыханак слухаў хіт Сафіі Ратару “Вось і лета прайшло” з пераробленым для конкурсу тэкстам. У выніку візітоўка прайшла для віцебскай каманды на “ўра”.
Узровень жа ведаў заканадаўства па правах спажыўцоў выяўляла тэсціраванне. Дарэчы, для Юлі Аўтух гэты іспыт быў самым любімым і на абласным этапе яна стала ў ім лепшай. “Штудзіравалі тэорыю кожны дзень. Нават вечарам у гасцініцы, калі астатнія ўдзельніцы ўжо рыхтаваліся да сну, мы паўтаралі пункты заканадаўства, якія, аднак, ведаем і на практыцы. Назаўтара без праблем адказалі, напрыклад, што запалкі можна прадаваць пакупнікам з 15 год”, – зазначае яна.
У конкурсе “Дзелавая гульня”, дзе ў ролі пакупнікоў выступалі члены журы, прадаўцы ўжо паказвалі, наколькі добра арыентуюцца ў правілах гандлю. Нашы дзяўчаты бойка распавядалі пра “залатую паліцу” – гэтым тэрмінам называюць выкладку, што знаходзіцца на ўзроўні вачэй. Правільна разабраліся і ў такой сітуацыі: спартыўны касцюм, які яшчэ не насілі, можна вярнуць у краму праз два тыдні, нават калі за гэты час кошт на яго павялічыўся – пакупніку аддадуць папярэднюю суму, аднак калі высветлілася, што рэч няякасная – абавязаны разлічыцца ўжо па новай цане. Ці яшчэ сітуацыя: у краме кветак на этыкетках да тавару надпісы зроблены па-галандску і кліент патрабуе, каб прадавец іх пераклаў. І ён мае рацыю – перад продажам неабходна паклапаціцца, каб інфармацыя была зразумелай.
Практычныя конкурсы праходзілі ў шчучынскіх крамах. Удзельніцам трэба было зрабіць выкладку і прэзентацыю тавараў, паказаць, як яны ўмеюць абслугоўваць кліентаў. “Член журы папрасіла мяне параіць што-небудзь са школьнага адзення для дачкі. Пасля некалькіх пытанняў пра ўзрост і фігуру прапанавала ёй дзве блузкі – і адказ “Бяру!” сведчыў, што ацэнка будзе высокай”, – прыгадвае Юлія Рамашэўская.
Як падкрэсліла ў час падвядзення вынікаў старшыня праўлення “Белкаапсаюза” Інэса Караткевіч, такія конкурсы спрыяюць павышэнню прэстыжу прафесіі прадаўца, і вельмі важна паказваць, што ў сістэме кааператыўнага гандлю працуюць прафесіяналы высокага ўзроўню. Яна таксама падзякавала Прэзідэнту краіны за падтрымку спажыўкааперацыі.
Увогуле ўсе ўдзельнікі прызналі, што конкурс праходзіў вельмі цікава: каманды генерыравалі ідэі новых форм і метадаў у гандлі – асабліва ў Год якасці, аналізавалі шлях развіцця “Белкаапсаюза”, фантазіравалі пра крамы будучага. “Мы столькі новых карысных ведаў прыдбалі! А як усёй камандай радаваліся, калі стала вядома, што наша калега з Сянно стала лепшай сярод прадаўцоў харчовых тавараў. Не толькі яркія ўражанні, а і падарункі ад спонсараў дадому прывезлі! Некалькі дзён прайшло, а эмоцыі ніяк не ўлягуцца… Ужо марым і на наступны год за месца ў абласной камандзе пазмагацца”, – прызнаюцца цёзкі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.