«Волшебный прут»: в Доме ремесел вас научат плести шляпы из лозы!

Калейдоскоп

Упершыню саламяныя капелюшы з’явіліся яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, а азіяты выраблялі іх з рысавых сцёблаў. Пляценне галаўных убораў лічыцца спрадвечным рамяством і ў беларусаў, пры гэтым развівалася яно самастойна, без уплыву замежных традыцый. Брылі (так у народзе называліся такія капелюшы) плялі не толькі з саломы, а і з лазы. Менавіта за гэтым захапляльным заняткам мы засталі ўдзельнікаў дзіцячага гуртка “Чароўны прут”, што дзейнічае ва Ушацкім Доме рамёстваў.

Школьнік Макар Каўрэцкі (на здымку) наведвае аб’яднанне другі год і ўжо шмат чаму навучыўся. Асвоіўшы азы тэхнікі пад кіраўніцтвам народнага майстра Генадзя Рубаніка, ужо самастойна пляце дэкаратыўныя талерачкі, а цяпер узяўся за больш складаны выраб. “Калі капялюш атрымаецца ўдалым, падару яго сваёй бабулі Галі”, – выдаў нам сакрэт юны рамеснік. “А не будзе такі ўбор цяжкаватым? Усё ж лаза – не салома…”, – пацікавіліся мы ў гурткоўцаў. У адказ яны прапанавалі прымерыць ужо гатовы выраб – аказаўся ён на здзіўленне лёгкім і зручным!

Нагадаем, што ва ўстанове можна атрымаць веды і ўменні і па іншых народных рамёствах – бясплатныя гурткі па ткацтве, роспісе па тканіне, разьбярстве, вырабе сувеніраў з розных матэрыялаў працуюць як для дзяцей, так і для дарослых. Заняткі праводзяцца ў тым ліку і па выхадных днях, а з раскладам вас пазнаёмяць на нумары 5-95-30.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *