Юные дзюдоисты Ушачской СДЮШОР получили новую экипировку в рамках акции «Мое первое кимоно»

Cпорт

17 новых камплектаў спартыўнай экіпіроўкі атрымалі навучэнцы Ушацкай СДЮШАР. Такі цудоўны падарунак юным барцам быў уручаны ў Сусветны дзень дзюдо, што адзначаецца 28 кастрычніка. У рамках акцыі “Маё першае кімано”, якую праводзіць Беларуская федэрацыя дзюдо, прыгожую форму перадаюць аддзяленням, якія дэманструюць высокія дасягненні ў падрыхтоўцы юных спартсменаў.

З прыемнай місіяй ва Ушачы прыехаў выканаўчы дырэктар федэрацыі Леанід Фёдаравіч Зайцаў, які ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў падарункі, пажадаў дзецям поспехаў, падзякаваў трэнерам за развіццё і папулярызацыю дзюдо ў рэгіёне, а кіраўніцтва Ушацкай СДЮШАР на чале з дырэктарам Сяргеем Генадзьевічам Кіслым было адзначана граматай.

Ва ўрачыстасці прыняла ўдзел член Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, якая, у сваю чаргу, выказала падзяку федэрацыі за ўвагу да нашага раёна і падкрэсліла, што новая форма будзе матываваць юных дзюдаістаў да яшчэ больш плённых трэніровак і выступленняў на турнірах.

Дарэчы, паказаць свае таленты і апрабаваць кімано выхаванцы аддзялення змаглі на спаборніцтвах, якія распачаліся пасля ўрачыстасці. Пакуль жа юныя барцы старанна разміналіся на татамі, мы пагутарылі з Л.Зайцавым і найперш, канечне, запыталіся, чаму адметны для ўсіх аматараў гэтага віду спорту дзень ён вырашыў правесці менавіта ва Ушачах.

“Распачынаючы праект, мы ставілі мэту падтрымаць перспектыўныя школы ў рэгіёнах – дагэтуль пабывалі ў Давід-Гарадку і Мазыры, а Ушаччына – трэцяя кропка нашага дабрачыннага маршруту. Уключэнне ў яго вашай школы – не толькі прызнанне годнай работы, а і даніна памяці чалавеку, які бязмежна любіў дзюдо і прысвяціў яго развіццю ўсё сваё кароткае жыццё. Размова, канечне, пра Станіслава Шэдзько, які быў заснавальнікам ушацкага аддзялення і маім добрым сябрам: мы з ім у адным наваполацкім двары выраслі, ды і займацца гэтым спортам я пачаў па яго прыкладзе. Калі ж і сам стаў трэнерам, пастаянна прывозіў сваіх выхаванцаў на турніры ва Ушачы, дзе мы лічыліся грознымі сапернікамі. Ведаю, што Слава (а мы называлі яго так) напярэдадні турніраў казаў сваім хлопцам і дзяўчатам, маўляў, трэніруйцеся як след, а то прыедзе Зайцаў і вас пераможа. Так што я і мае вучні ў якасці “стымулюючага фактару” таксама ўнеслі лепту ў тагачасныя поспехі ўшачан!” – з настальгіяй і гумарам прыгадваў мінулае Леанід Фёдаравіч.

Абмеркавалі мы і сённяшнія перспектывы развіцця гэтага віду. Дырэктар федэрацыі падкрэсліў, што з асаблівай увагай сочыць за поспехамі юнай плеяды нашых барцоў і разлічвае, што яны працягнуць годныя традыцыі ўшацкай і прыдзвінскай школы дзюдо. Да слова, Віцебшчына зараз шырока прадстаўлена як у зборных камандах краіны, так і ў іх трэнерскім складзе.

Напрыканцы ж спартыўнага мерапрыемства ўсе прыгадалі дэвіз гэтага высакароднага віду адзінаборстваў: “Няхай дабрыня заўсёды перамагае зло, а гібкасць пераважае над сілай!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *