Работники культуры устроили для себя праздник

К профессиональному празднику

Культработнікі прывыклі, што робяць святы для іншых. А на гэты раз зрабілі яго для сябе. Актыўна рыхтаваліся: збіраліся амаль штодзень разам, рэпеціравалі, каб потым выступіць перад калегамі.

Начальнік аддзела культуры райвыканкама С.Д.Гарбачоў расказаў аб справах і задачах, якія вырашаюць культработнікі, павіншаваў сваіх калег з прафесійным святам. А потым прыступіў да асабліва прыемнай місіі – узнагароджання тых, хто вызначаны як лепшы ў рабоце. Ганаровымі граматамі за добрасумленную працу, актыўную грамадскую дзейнасць і ў сувязі з прафесійным святам узнагароджаны былы дырэктар РДК С.М.Тарасеня, загадчыца Казіміроўскага сельскага клуба-бібліятэкі З.П.Лукашонак. Удзячнасці выказаны наглядчыку музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Н.Г.Гардзіёнак, загадчыцы харавога аддзялення школы мастацтваў Ж.В.Савіцкай, бібліятэкару Сарочынскай бібліятэкі-філіяла В.У.Друк, майстру па саломапляценні А.О.Смык, мастацкаму кіраўніку Вялікадолецкага СДК П.А.Алексяёнку, бухгалтару першай катэгорыі цэнтралізаванай бухгалтэрыі М.І.Барздзей і спецыялісту гаспадарчай групы Н.Л.Качынскай. Выказаны ўдзячнасці лепшым калектывам: народнаму клубу “Адраджэнне” РДК (кіраўнік – А.В.Кузусёнак), квартэту “Натхненне” дзіцячай школы мастацтваў (Ж.В.Савіцкая), вакальнай групе “Дубравушка” Арэхаўскага СДК (С.У.Мядзведзеў), за лепшае добраўпарадкаванне – Вяркудскаму СДК (дырэктар – А.М.Чумак), Арэхаўскай бібліятэцы-філіялу (бібліятэкар – А.С.Бутоўская).
Маладыя спецыялісты Ірына Коршун і Арцём Бірукоў стараліся ад душы. Яны запрашалі і запрашалі на сцэну прадстаўнікоў калектываў культуры, а тыя дзяліліся сакрэтамі свайго майстэрства. Хто даў майстар-клас па саломапляценні, хто разыграў пастаноўку, падрыхтаваў песню, відэафільм, былі нават “ушацкія бабкі”. Адбылося і пасвячэнне ў культработнікі.
Галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры М.А. Шаўчэнка ўшанавала актывістаў грамадскай работы, выказала ўдзячнасць паэтэсе Валерыі Міхно, песня на яе верш заняла другое месца ў абласным конкурсе.
Свае добрыя словы калегам з вялікім хваляваннем гаварыла былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Т.М.Малак. На свята былі запрошаны і іншыя ветэраны гэтай сферы, праўда, некаторыя з іх чакалі большай увагі да сябе. Але ж прафесійнае свята адбываецца штогод, можна будзе паправіць нешта да лепшага. А ўвогуле мерапрыемства было змястоўнае, цікавае, з маладым запалам выступаючых, сапраўдным усплёскам творчасці.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *