Государственная программа поддержки агрогородков в действии: в Глыбочке заасфальтировали нескольких улиц

Общество

Ажыццяўленнем мары называюць у Глыбачцы асфальтаванне адразу некалькіх працяглых вуліц. Такія затратныя работы сталі магчымымі дзякуючы дзяржаўнай праграме па падтрымцы аграгарадкоў.

Сацыяльная інфраструктура ў аграгарадках стваралася дзесяцігоддзі таму (пачалі ўзводзіцца ў 2003 годзе). За такі час “маршчыны” абавязкова праявяцца на твары будынкаў, не гаворачы ўжо пра дарогі. Гэта першае, што не вытрымлівае працяглай эксплуатацыі і выклікае самую вялікую занепакоенасць жыхароў. У аграгарадку Глыбачка – напэўна, болей, чым дзе. Бо і сам населены пункт з’яўляецца скрыжаваннем розных напрамкаў, і вуліц у ім многа, і пражывае там пераважная большасць жыхароў сельсавета.

На Глыбачку па прыгаданай праграме выдзелена 214 тысяч рублёў, заасфальтавана плошча ў 5300 квадратных метраў.

Цэнтральныя “вены” звычайна з’яўляюцца і часткай якой-небудзь шашы, таму ўвагі ім надаецца намнога больш: для бяспечнага руху хоць ямкавы рамонт, але абавязкова будзе зроблены. А вось да вясковых вуліц і завулкаў чарга даходзіць рэдка: сродкаў сельвыканкамам на добраўпарадкаванне адводзіцца нямнога, а ў іх і зімовая расчыстка, і летняе грэйдзіраванне, і іншыя шматлікія “і”. Таму жыхары Сонечнай, Маладзёжнай, Школьнай зараз не проста радуюцца, а і выходзяць лішні раз без гумавікоў, каб атрымаць асалоду ад дарогі без ухабаў. Яшчэ раней новае палатно ДРБУ-105 паклала па Цэнтральнай. А выдзеленыя сродкі на развіццё дарожна-вулічнай сеткі былі размеркаваны райвыканкамам менавіта ў Глыбачку, каб “закальцаваць” асфальтаванне, распачатае летась.

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла: “Праграма нацэлена на прывядзенне ў належны стан вулічна-дарожнай сеткі ў перспектыўных аграгарадках. Яна ўжо працуе сёлета і будзе ажыццяўляцца ў наступныя 7 год”.

– Такім чынам амаль усе нашы вуліцы зараз прыведзены ў парадак, за гэтыя ж сродкі рамантавалі гравійку па Зарэчнай, трэба яшчэ падсыпаць дарогі па завулках Сонечным, Партызанскім і вуліцы Лясной. Усе работы шаркаўшчынскія дарожнікі, якія выйгралі тэндар, выканалі хутка і якасна. Для нас жа гэта не проста эстэтыка, а жыццёвая неабходнасць – пад гару па Сонечнай наогул было не падняцца, – зазначае старшыня Глыбачанскага сельвыканкама В.Шаршнёў..

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *