Аднаўленне лясоў пасля сёлетняга ўрагану стала для беларусаў па-сапраўднаму ўсенароднай справай. Зрэшты, гэта наш спрадвечны звычай – на важную працу выходзіць талакой. А таму паўсюдна знайшоў падтрымку заклік Прэзідэнта краіны актыўна папрацаваць на лесапасадцы ў спрыяльны для гэтага восеньскі час. Не засталіся ўбаку і ўшачане – на працягу апошніх тыдняў тэхналогію высадкі елак і сосен асвоілі, напэўна, у кожнай арганізацыі.
У мінулую пятніцу ж у лутаўскі лес выехаў самы вялікі працоўны дэсант, у якім аб’ядналіся работнікі шэрагу арганізацый. Узначалілі яго старшыня райвыканкама Сяргей Садоўскі і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня райсавета Наталля Марковіч.
За адзін дзень удзельнікі акцыі “Дай лесу новае жыццё!” пасадзілі дрэвы на 3-х гектарах. Усяго ж гэтай восенню на Ушаччыне аднавілі 26 га лясоў.
Не трэба нагадваць, якім стратэгічным рэсурсам для нашай краіны з’яўляецца лес, а што ўжо казаць пра Ушацкі раён, дзе няма буйной прамысловасці. Але, канечне, важны ён не толькі для эканомікі. “Такая праца хоць і нялёгкая фізічна, але прыемная маральна: сёння мы адновім гэты ўчастак, а праз колькі год нашы дзеці і ўнукі будуць тут гуляць, збіраць грыбы і ягады”, – выказала, напэўна, агульную думку ўдзельнікаў акцыі прадстаўніца аддзела па адукацыі Таіса Салодкіна. Адметна, што прыклад стараннай працы на грамадскую карысць падавалі падначаленым кіраўнікі многіх арганізацый. Так, узялі ў рукі меч Колесава дырэктар УП ЖКГ Андрэй Сідзюк, начальнік раённага аддзела следчага камітэта Аляксандр Мар’янкоў, патлумачыўшы, што для такой працы патрэбна фізічная сіла, загартоўка і перакладаць яе на плечы іншых няправільна. Зрэшты, хапіла нагрузкі і прадстаўніцам прыгожай паловы: у гэты дзень высадзілі 12600 дрэўцаў, а кожнаму саджанцу трэба было “пакланіцца”.
“Гэтаму этапу папярэднічала вялікая работа: правялі ўборку лесасекі, склалі праект па лесатэхналагічных умовах і толькі потым прыступілі да пасадкі. Рады елак і сосен тут будуць чаргавацца ў пэўных прапорцыях: такая тэхналогія спрыяе лепшаму росту”, – патлумачыў ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Падвойскі.
У лясгасе ёсць і свая годная традыцыя: частаваць памочнікаў пасля плённай працы духмянай юшкай і наварыстай кашай. Сумесны абед падмацаваў сілы і яшчэ больш узняў настрой.
…Не адзін кіламетр пераадолела ў гэты дзень, падносячы саджанцы, майстар лесу Яна Зафатаева, але і напрыканцы работ абаяльна ўсміхалася. Навапалачанка трапіла ў наш лясгас па размеркаванні і пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі працягнула кантракт. “Падабаецца і работа, і адносіны ў калектыве, ды і сама Ушаччына: прыгожы дружалюбны край!” – падзялілася з намі дзяўчына. І канечне, лясны – такі эпітэт замацаваўся за намі здаўна і мы стараемся яго захаваць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.