Падыходзіць да фіналу шырокі спектр палявых працэсаў чарговага сезона. Шчыруе тэхніка на апошніх няўбраных кукурузных участках – іх у раёне засталося ўсяго каля 10 працэнтаў. І каб паспець ухапіць пакуль яшчэ каляровыя кадры восеньскіх палеткаў, на мінулым тыдні мы прыехалі ў “Дземенец”.
Каляндар прыспешвае, і гаспадаркі аб’ядналі сілы, каб завяршыць уборку “царыцы палёў”. Калі сур’ёзная паломка вывела са строю адзіны дземянецкі КВК, плячо падставілі “Сафійскія дары” і камандзіравалі да суседзяў кормаўборачный комплекс Пятра Караткевіча. Вядома ж, не ва ўрон уласным палеткам, на якіх тым часам шчыравалі Міхаіл Ражноўскі і адзінка з інтэграцыйнай структуры. Як вынік – на днях абедзве гаспадаркі першымі ў раёне завяршылі ўборку стратэгічнай кармавой культуры.
“Феліксавіч у нас тут як родны. Хочам яго ў сябе пакінуць! Пераходзь у “Дземенец”, нам такія ўмелыя кадры вельмі патрэбны”, – “вербаваў” механізатара адвозчык Анатоль Жаваранак.
Зрэшты, у свой час яны не адзін год разам шчыравалі ў “Агра-Селішчы” і, канечне, захавалі сяброўскія стасункі. П.Караткевіч лічыцца адным з лепшых у раёне майстроў менавіта гэтага працэсу – і выраз “можа кіраваць КВК з заплюшчанымі вачыма” ў яго выпадку мае рэальны сэнс. Тэхніка ў гэты пагодлівы дзень не прастойвала ні хвіліны: Анатоль і яго старанны калега Максім Кучаронак вельмі хутка адвозілі здрабнёную кукурузу да фермы, дзе яе трамбаваў на сілас Аляксандр Асяпёнак. Нам жа даволі нечакана было зноў убачыць у справе рарытэтны К-701, які сышоў з канвеера яшчэ ў 80-х, а некалькі год таму быў набыты селішчанцамі па вельмі прывабным кошце і стаў незаменным памочнікам на многіх працэсах. Праўда, пару апошніх сезонаў ён прастойваў з-за няспраўнасцяў, але сёлета дземянецкі механізатар Анатоль Грачоў і ўмелы слесар Віктар Ганчароў вярнулі магутную адзінку ў строй. “Замяніў у гэтай кабіне Анатоля толькі некалькі дзён таму і не адразу прызвычаіўся да кіравання, бо яно патрабуе куды большых фізічных намаганняў, чым мой лёгкі “Беларус”-952. Але зараз ужо асвоіўся!” – падзяліўся з намі Аляксандр Асяпёнак, на хвілінку перарваўшы манатонны працэс трамбоўкі.
“Царыца палёў” паднесла сёлета аграрыям шчодры падарунак: сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры па раёне склала 273 цэнтнеры з гектара, а палеткі ў “Глыбачанах” далі 323. Канечне, гэта не рэкордныя паказчыкі, аднак кукурузны сілас стаў важкім складнікам кармавой базы – на яго прыходзіцца больш паловы з усяго нарыхтаванага танажу.
“Кіравец” сёлета папрацаваў на славу: у гаспадарцы заклалі 11320 тон сенажу і сіласу, выканаўшы заданне па гэтых відах кармоў адпаведна на 145 і 170 працэнтаў. Сур’ёзна выглядае і паказчык нарыхтаваных цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – 48,16 пры плане 27,9. Больш сёлета толькі ў вялікадальчан – 56,8.
Гаспадаркі раёна ўжо нарыхтавалі больш 73 тысяч тон травяных кармоў. На ўмоўную галаву жывёлы маецца 32,24 цэнтнеры кармавых адзінак пры плане 27.9.
“А ці не зашмат траншэй заклалі? Статак жа ў гаспадарцы невялікі…”, – пытаемся ў дырэктара “Дземенца” Максіма Палонскага. І чуем лаканічны адказ: “Кармоў многа не бывае! Калі самім не спатрэбяцца, дык рэалізуем суседзям, капейка ў міжсезонне дакладна лішняй не будзе!”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.