Прафсаюзы – самая масавая грамадская арганізацыя Ушаччыны, якая аб’ядноўвае ў сваіх радах 96% эканамічна актыўнага насельніцтва. На справаздачнай канферэнцыі раённага аб’яднання прафсаюзаў падвялі вынікі работы за пяць гадоў.
З падрабязнай справаздачай выступіла старшыня аб’яднання Марыя Шаўчэнка. Асаблівую ўвагу яна звярнула на аздараўленне і ахову працы работнікаў, нормы калектыўных дагавораў і павелічэнне членства ў арганізацыях. Так, за пяць гадоў у раёне створана 15 новых пярвічак, а ўсяго колькасць членаў прафсаюза ўзрасла да 3200 чалавек. На 32 прававыя прафсаюзныя прыёмы звярнулася 200 жыхароў раёна па пытаннях, якія пераважна датычыліся працоўнага заканадаўства.
Шмат падзей адбылося за гэтую пяцігодку: прафсаюзы ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях, дабрачынных акцыях, ушанаванні працаўнікоў розных прафесій, маніторынгу цэн на сацыяльна-значныя тавары, удасканаленні Працоўнага кодэксу – Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўнесла звыш 40 прапаноў па змене больш за 30 артыкулаў.
Старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач, які прыняў удзел у канферэнцыі, паведаміў, што ў Федэрацыі адбылася рэарганізацыя і раённыя аб’яднанні спыняюць дзейнасць, а галіновыя прафсаюзы і пярвічкі працягваюць сваю работу па намечаным курсе. Ён высока ацаніў дзейнасць і арганізатарскія здольнасці М.А.Шаўчэнкі і ўручыў ёй медаль “120 гадоў прафсаюзнаму руху”, а намесніку старшыні райвыканкама Г.М.Ягораву – грамату за сацыяльнае партнёрства. Марыя Аляксееўна за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна была адзначана і граматай райсавета.
На Ушаччыне ў цяперашні час налічваецца 56 прафсаюзных пярвічак. Самыя шматколькасныя — у калектывах Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, райбальніцы, лясгаса.
Па традыцыі ўшаноўвалі і лідараў лепшых прафсаюзных арганізацый – у іх ліку пярвічкі сектара культуры, раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, УП ЖКГ, “Сафійскіх дароў”, ТЦСАН. Граматамі раённага аб’яднання за плённае супрацоўніцтва адзначаны калектывы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, рэдакцыі газеты, а Падзякі ўручаны прафсаюзным інспектарам Марыне Макрыдзінай і Сяргею Казіцкаму, якія ажыццяўлялі дзейнасць на грамадскіх пачатках.
Вольга КАМАРКОВА.
На здымках: М.Шаўчэнка і Ю.Дзеркач;
начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай
абароне райвыканкама С.Васілеўская узнагароджвае
старшыню пярвічкі ТЦСАН М.Майсеенка.