Наркомания среди молодежи: в Беларуси растет количество несовершеннолетних правонарушителей

Профилактика и безопасность

Замест казачных грошаў – турма, ці Як юныя закладчыкі ламаюць свае жыцці?


Маладую дзяўчыну, якой было ўсяго 17, праваахоўнікі знайшлі мёртвай у таксі. Як высветлілася, мінчанка перабрала з дозай наркотыку. Яе сябры, якія таксама былі ў аўтамабілі, гэтага нават не заўважылі: і вадзіцель, і пасажыр знаходзіліся пад кайфам… Пры гэтым усе трое не толькі ўжывалі, але і былі закладчыкамі.

У апошні час у Беларусі адзначаецца рост злачынстваў, звязаных са збытам наркатычных рэчываў. Прычым усё часцей ідуць на гэта непаўналетнія: сёлета ў рэспубліцы іх стала ў 2 разы больш, а ў Віцебскай вобласці – ажно ў 3,8. “Засвяціліся” перад праваахоўнікамі 28 школьнікаў, 34 навучэнцы ліцэяў і каледжаў, 5 студэнтаў ВНУ. Практычна ўсе прызналіся, што меркавалі такім чынам зарабіць “лёгкія грошы”.

Для прыцягнення ўвагі грамадскасці да такога вострага пытання па ўсёй краіне праходзіць акцыя “Наркотыкі. Адказнасць. Наступствы”. Дыялогавая пляцоўка з падобнай назвай адбылася на мінулым тыдні ва Ушацкай СШ – на сустрэчу са старшакласнікамі завіталі прадстаўнікі многіх суб’ектаў прафілактыкі.

Вярбоўка падманам

Праваахоўнікі змагаюцца з праблемай распаўсюджвання наркотыкаў кожны дзень, а падобнага роду мерапрыемствы, акцыі – чарговы напамін бацькам і дзецям, да чаго прыводзіць ужыванне дурману і як адной закладкай можна загубіць усё жыццё.

– Крымінальная адказнасць за распаўсюджанне наркотыкаў наступае з 14-гадовага ўзросту. Пакаранне прадугледжвае аж да 20 гадоў пазбаўлення волі, а пры ўмове смерці чалавека ад набытага ім зелля – да 25, – прыводзіць лічбы з арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь намеснік пракурора Ушацкага раёна Раман Гурчонак.

Ён патлумачыў, якім чынам вярбуюць непаўналетніх. Праз аб’яву ці паведамленне ў інтэрнэце, спам-рассылку маладому чалавеку прапануюць “казачныя” грошы. Калі той пагаджаецца, з ім непасрэдна звязваецца вярбоўшчык, абяцае ананімнасць, кар’ерную лесвіцу, пераконваючы, што ні адзін міліцыянер яго не зловіць… Былі выпадкі, калі за пэўнае ўзнагароджанне прапаноўвалі далучаць і сваіх сяброў – за кожнага абяцалі па 50 долараў. Потым ашуканец просіць даверлівага падлетка сфатаграфавацца з пашпартам, адправіць нумар тэлефона і адрас пражывання. Так дзеці аказваюцца ў пастцы наркамафіі.

Практыка паказвае, што працуюць закладчыкі нядоўга: усяго за два-тры тыдні іх “промысел” выяўляецца. Турэмнае ж заключэнне іх чакае працяглае. З 258 беларусаў, якія здзейснілі падобныя злачынствы ў непаўналетнім узросце і зараз знаходзяцца за кратамі, толькі 7 атрымалі да 5 гадоў арышту, 180 – ад 5 да 10, 71 – ад 10 да 15.

Спорцікі –гэта хто?

Калі справа заходзіць вельмі далёка і дзеці ўсведамляюць, што ўвязаліся ў нядобрае, яны шукаюць спосабы адмовіцца ад нелегальнага бізнесу. Аднак у злачынцаў ужо ёсць іх даныя. Менавіта гэтым і шантажыруюць, кажуць, што самі пойдуць у міліцыю і раскажуць пра іх незаконную дзейнасць. За адмову выконваць патрабаванні наркамагазіна да падлетка можа прыехаць так званая служба бяспекі. Спорцікі – гэта маладыя людзі, якія запалохваюць ці нават наносяць калецтвы на заказ, пры гэтым усё здымаюць на фота, відэа – для доказу выкананага. У канцы лета такіх мярзотнікаў затрымалі ў Гомельскай вобласці – распачата адразу некалькі крымінальных спраў.

І ўсё ж, як адзначае старшы інспектар прафілактыкі Ушацкага РАУС Юлія Гаўрылюк, магчымасць вырвацца з заганнага кола ёсць, пра што простыя абывацелі часта не ведаюць.

Крымінальным кодэксам прадугледжана вызваленне ад адказнасці ў выпадку, калі чалавек добраахвотна выдасць наркатычныя рэчывы, будзе аказваць садзейнічанне праваахоўным органам у выкрыцці асоб, якія займаюцца наркабізнесам.

Быў, напрыклад, такі выпадак. Адна са сталічных школ забіла трывогу. Педагогі звярнулі ўвагу на тое, што непаўналетняя стала часта ездзіць на таксі, купляць дарагія рэчы і гаджэты, пры ёй заўсёды былі грошы. Калі яе выклікалі на гутарку, праз некаторы час дзяўчына прызналася, што распаўсюджвае наркотыкі, але не ведае, як гэта спыніць. Тады яна пачала супрацоўнічаць з праваахоўнікамі, дзякуючы чаму была канфіскавана буйная партыя наркотыкаў і ўстаноўлены асобы, якія ўцягнулі школьніцу ў злачынную схему. Падчас расследавання і выкрыцця ўсяго ланцужка ад адказнасці навучэнку вызвалілі, а арганізатары былі затрыманы.

Узрост тых, хто пачынае спажываць і займацца збытам наркотыкаў, у Беларусі знізіўся да 15-17 гадоў. Дарэчы, “дэгустацыя” такога зелля таксама караецца законам. Так, напрыклад, калі чалавека выявяць у грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення, прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.3 КаАП (штраф да 10 базавых).

Ушачане і марыхуана

На Ушаччыне, злачынствы па лініі наркакантролю рэгіструюцца не так часта (сёлета іх было тры): аддаленасць ад сталіцы, іншых гарадоў, размераны ўклад жыцця не дазваляюць дылерам развярнуцца. Але ж “вытворцы”, яны ж спажыўцы знаходзяцца сярод мясцовых. Так, у кастрычніку (што цікава: у адзін дзень) праваахоўнікамі выяўлена адразу двое мужчын, якія па месцы жыхарства – у гарпасёлку і на раёне – вырошчвалі каноплі, з якіх для ўласных патрэб рабілі марыхуану. Запасы апошняй уразілі: на момант праверкі ва ўшачаніна яе было звыш паўкілаграма; на сябе, а таксама сужыцельніцу (а курылі наркатычны сродак яны на пастаяннай аснове) хапала і вяскоўцу, ураджэнцу Лепельшчыны.
Усе гэтыя людзі, якім крыху за 30, цяпер знаходзяцца на ўліку ў наркалагічным кабінеце паліклінікі Ушацкай ЦРБ. Прычым, ушачанін трапіў сюды яшчэ ў красавіку – ужо тады спрабаваў дурман.

– На працягу многіх гадоў даводзіцца працаваць выключна са спажыўцамі марыхуаны, – расказвае псіхіятр-нарколаг Паліна Пугач. – На шчасце, больш цяжкіх наркотыкаў у нас не было, як і непаўналетніх на ўліку. У той жа час на Віцебшчыне апошніх нямала. Галоўнымі прычынамі паспрабаваць небяспечнае рэчыва для падлеткаў, як і дарослых, станавіліся дэпрэсіўны стан, калі сваімі перажываннямі не было з кім падзяліцца, і жаданне падтрымаць кампанію.

Медык нагадала, што прывыканне да любога віду наркатычных рэчываў адбываецца вельмі хутка, да цяжкіх – нават з аднаго разу. Пры гэтым у арганізме адбываюцца страшныя незваротныя змены: напрыклад, актыўна гінуць клеткі мозгу. Прасцей вылечыць пнеўманію, выразаць запалены апендыцыт, чым пазбавіць чалавека такой залежнасці. Ды і каб потым зноў не сарваўся, патрэбна падтрымка блізкіх, якая бывае не заўсёды. Лепш, канечне, увогуле не пачынаць.

Карысную інфармацыю па тэме барацьбы з нарказалежнасцю можна знайсці на інтэрнэт-рэсурсе POMOGUT.BY. Прычым, не толькі пачытаць, але і атрымаць кансультацыю ў рэжыме анлайн.

Падказкі – навідавоку

Суб’екты прафілактыкі заклікаюць бацькоў больш пільна сачыць за сваімі дзецьмі. Кантроль варта пачаць з іх мабільных тэлефонаў. Насцярожыць павінна, напрыклад, наяўнасць спецыяльнай праграмы, з дапамогай якой зробленыя фотаздымкі можна адпраўляць з геалакацыяй, браўзера, праз які можна зайсці ў даркнэт. У маладых закладчыкаў з’яўляюцца таксама зіп-пакеты, маленькія магніты, новыя рэчы, мяняюцца паводзіны і кола зносін. Такая бяда можа прыйсці ў кожны дом, калі своечасова не звярнуць увагі на трывожныя званочкі ў паводзінах непаўналетняга. І ў гэтым пытанні важна супрацоўніцтва ўсіх: школы, праваахоўных органаў, бацькоў. Толькі агульнымі намаганнямі зможам зберагчы нашых дзяцей ад такога зла.

“Пра наркотыкі, іх распаўсюджанне чулі нямала. Сёння ж у чарговы раз упэўніліся: гэта страшная штука – не трэба спрабаваць! – падзяліліся з намі вучні. – Ну а калі такая прапанова паступіць, ведаем, што адказаць. Можна спаслацца, напрыклад, на алергію на падобныя сродкі, сказаць, што спяшаемся на спартыўную трэніроўку… За такія падказкі, іншую карысную інфармацыю ўдзячны арганізатарам сустрэчы – сацыяльна-педагагічнаму цэнтру і нашай школе”.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *