Маларухомы лад жыцця нярэдка прыводзіць да развіцця хвароб сэрца, дыябету, атлусцення. Але прадухіліць іх можна – дапаможа ў гэтым звычайная хадзьба. Колькі крокаў за дзень трэба праходзіць і як правільна гэта рабіць, расказвае інструктар-валеолаг Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Васільеўна НІКІЦЕНКА:
– Напэўна, многія чулі, што кожны дзень патрабуецца 10 тысяч крокаў. Але такую лічбу прыдумалі маркетолагі – адбылося гэта ў 1964 годзе перад Алімпійскімі гульнямі ў Токіа, калі японская кампанія пачала прадаваць крокамер з адпаведным слоганам. Праведзеныя ж пазней даследаванні не даказалі, што менавіта такая колькасць крокаў прынясе здароўю карысць – дастаткова праходзіць 7500, пры гэтым ужо і 4000 акажуць станоўчы ўплыў.
У хадзьбы хуткім тэмпам, сапраўды, мноства пераваг. Яна ўмацоўвае сардэчна-сасудзістую сістэму, зніжае рызыку ішэмічнай хваробы сэрца, дапамагае знізіць узровень цукру ў крыві і прадухіліць развіццё дыябету II тыпу. Пры хадзьбе выпрацоўваецца сінавіальная вадкасць, неабходная для нармальнай работы суставаў, можна прадухіліць развіццё артрыту, знізіць болі, калі захворванне ўжо з’явілася. Хадзьба ўмацоўвае імунітэт (людзі, якія штодня гуляюць на свежым паветры, хварэюць на 43 працэнты менш).
У час прагулкі можна слухаць аўдыёкнігу, музыку ці прапанаваць блізкім далучыцца да вас. Прадугледзьце зручны абутак з добрым супінатарам (ён змякчае ўдарную нагрузку і аказвае дадатковую стабілізацыю). Піце падчас хадзьбы дастаткова вады, каб пазбегнуць абязводжвання.
Бывае, што ўпісаць такую актыўнасць у сваё жыццё не атрымліваецца. У такім разе наведвайце трэнажорную залу, групавыя заняткі або басейн.
Падрыхтавала
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.